Як маніпулююць гістарычнай памяццю ў Беларусі? Ці толькі праўладныя прапагандысты прыбягаюць да маніпуляцый? А што з боку апанентаў? Як працэс маніпуляцый гістарычнай памяццю суадносіцца з даследаваннямі на Захадзе ў гэтай сферы? Ці магчыма стварэнне гістарычнай памяці без маніпуляцый на эмоцыях грамадства?
Фота: «Наша Ніва»
З часоў узнікнення і развіцця першых праектаў дзяржаваў (у сучасным разуменні), адміністратыўныя сістэмы карысталіся імкненнем чалавечых мас да абагульнення досведу мінулых пакаленняў.
За часы феадалізму паноўнаму класу дастаткова было ўсведамляць прыналежнасць да дынастыі з яе гісторыяй, паразамі ці перамогамі. І такім чынам выхоўваць наступныя арыстакратычныя пакаленні.
Але з надыходам эпох аб’яднання вялікіх масаў у нацыі натуральна спатрэбілася структураваная «калектыўная памяць» для шырокіх колаў грамадстваў, а не толькі для элітаў. Патрэбныя ўстаноўкі рэтранслявалі ў цэрквах, школах, мастацкай літаратуры, кіно і г. д. Значную ролю таксама меў моўна-культурніцкі кантэкст, які істотна ўзмацняе ўздзеянне на калектыўную свядомасць.
У пэўны момант у розных краінах сфарміравалася крыху адрозныя практыкі пры канструяванні калектыўнай памяці. Як да інструмента ўздзеяння на грамадствы — у мэтах падтрымання стабільнага суіснавання, матывацыяў падчас войнаў, крызісных сітуацыяў.
Французскі сацыёлаг Марыс Альбвакс у сярэдзіне ХХ ст. і ягоныя паслядоўнікі, аналізуючы сітуацыю ў розных дзяржавах у сферы сацыяльнай інжынерыі, вылучылі асобна гістарычную памяць, якая грунтуецца на навуковых даследаваннях, і менавіта калектыўную памяць — структуру, ідэалагізаваную пад патрэбы ўладных элітаў. Калі навукова абгрунтаваная памяць можа змяняцца выключна пад уплывам даследаванняў, калектыўная памяць перапісваецца і мадэрнізуецца ў залежнасці ад жаданняў чарговых палітычных сілаў, якія апынуліся пры ўладзе.
Зразумела, што ва ўмовах падобных маніпуляцыяў нельга пазбавіцца ад тэндэнцыйных поглядаў на гістарычныя падзеі і асобаў з боку сацыяльных канструктараў. А таксама паступовай міфалагізацыі ў грамадстве вобразаў, гераізацыі асобных падзеяў і гістарычных персонаў. І знікнення крытычнага ўспрымання наратываў з калектыўнай памяці, прыхавання негатыўных фактаў гісторыі.
Напрыклад, можна назіраць, як у нашым рэгіёне ў большасці краінаў існуе погляд на феадалаў як на змагароў выключна за дабрабыт народаў. Пры гэтым не ўлічваецца гістарычны кантэкст, роля асобаў разглядаецца праз прызму сучасных уяўленняў аб нацыянальных дзяржавах.
Такое спрашчэнне, з аднаго боку, пасуе для распаўсюджання ў шырокіх колах грамадства нацыянальных наратываў, дзе князям і шляхце надаецца роля заснавальнікаў нацыяў. Без заганаў і памылак.
Але, з іншага боку, такое пазіцыянаванне ў поглядах на мінуўшчыну можа выклікаць канфліктнасць і правакаваць непаразуменне паміж нацыямі, якія намагаюцца «падзяліць спадчыну» феадалаў.
Бо нярэдка адныя і тыя ж гістарычныя падзеі для суседніх народаў могуць мець супрацьлеглыя ацэнкі.
Апафеоз русіфікацыі ў Беларусі
У Беларусі апошнія 30 год у залежнасці ад зменаў кан’юнктуры падручнікі па гісторыі неаднаразова перапісваліся, змяняліся трэнды ў літаратуры, кінематографе, відэадакументалістыцы. Нават асобныя аўтары, сцэнарысты і рэжысёры радыкальна змянялі свае пазіцыі ў дачыненні да некаторых падзеяў, асобаў, працэсаў.
На сённяшні момант, верагодна, мы назіраем апафеоз працэсаў па перафарматаванні калектыўнай памяці ў бок крамлёўскіх наратываў.
У кірунку канчатковай русіфікацыі рушыць адукацыя — камандным апаратам робяцца агрэсіўныя спробы вяртання выхавання моладзі ў савецкім фармаце (школьная форма, піянеры, ідэалагізаваныя мерапрыемствы). Ідзе зачыстка гістарычнай літаратуры і твораў класікаў, якія не адпавядаюць зададзеным з Усходу трэндам.
Павольны дрэйф ад беларускасці як неабходнага элемента ў падачы інфармацыі аб гісторыі і агулам светапогляднай сферы паскорыўся на карысць канчатковай адмовы ад яе. Адбываецца выцісканне ўсяго беларускага з шырокага ўжытку нават ад нядаўніх узроўняў фальклорнай цікавосткі да непажаданага, хібнага, якое страчвае актуальнасць.
Ёсць уражанне, што беларушчыне (моўна-культурнаму і гістарычнаму аспектам) у будучыні адводзіцца месца гета з акадэмічна-навуковых асяродкаў.
Гэта свядомая палітыка, якая грунтуецца на элементах светапоглядных установак, прышчэпленых савецкай калектыўнай памяццю яе выканаўцам. З характэрным дуалізмам светаўспрымання, з адназначнымі ацэнкамі, без крытычнага погляду на гістарычныя падзеі, персонаў, кантэксты.
Стаўленне да беларускай мовы дэманструе адно з апошніх прапагандысцкіх выданняў. На вокладцы надпісу па-беларуску нададзеная другасная, відавочна непаўнавартасная роля.
Беларуская культура, гісторыя ў поўнай меры не ўпісваюцца ў «савецкія традыцыі», у якіх выхаваныя сённяшнія «ідэолагі». Таму для шырокіх народных масаў яны з падвойнай сілай апошнія некалькі год эксплуатаюць тэматыку Другой сусветнай вайны. Верагодна, для абгрунтавання ў галовах грамадзянаў дэклараванага «супрацьстаяння з Захадам».
Калі раней можна было назіраць звычайную міфалагізацыю на падставе спрошчаных ацэнак падзеяў, з замазваннем памылак і злачынстваў крамлёўскіх уладаў, дык зараз усё больш вымалёўваецца трэнд на правакаванне агульнага рэсэнтыменту, з выхадам на вядомую ўстаноўку «можам паўтарыць».
Асаблівая роля для канструявання ў калектыўнай свядомасці вобраза ворага надаецца Польшчы і палякам. Па ўсёй краіне знішчаюцца вайсковыя могілкі, здымаюцца прапагандысцкія дакументальныя і мастацкія фільмы.
Кадр з фільма «На другім беразе»
У гэтых спробах правакавання нянавісці добра бачная калектыўная прэтэнзія на канчатковае ўкараненне адзінага слушнага погляду на недалёкае мінулае. Як наступства нерэалізаванай прагі помсты (рэсэнтымент), выкліканае комплексам вечнай ахвяры (закладзенай савецкім поглядам на гісторыю Беларусі).
Міфатворчасць знішчае будучыню
Падобнае выкрыўленае канструяванне калектыўнай памяці праходзіла ўжо не адна краіна. Памылкі пры накіданні міфалагізаваных вобразаў на мяжы няпраўды, маніпуляцый гістарычнымі фактамі ў адукацыі і культуры якраз даследаваў узгаданы французскі сацыёлаг Марыс Альбвакс і ягоныя паслядоўнікі.
Яны спрабавалі і спрабуюць пераканаць кіруючы клас на Захадзе ў неабходнасці пазбавіцца ад практык спрашчэння падыходаў пры фарміраванні калектыўнай памяці.
Бо тэндэнцыйны погляд на мінулае, накінуты без абмеркавання ў навуковай, культурніцкай сферы, можа не толькі выкарыстоўвацца для маніпуляцыяў масамі, але і скажаць рэчаіснасць. Гэта немінуча адбіваецца на мысленні, фарміраванні будучыні. Не кажучы ўжо аб захаванні канфліктных наратываў ва ўзаемадачыненнях цэлых народаў.
На думку сацыёлагаў, канструяванне калектыўнай памяці на контрміфалогіі ў дачыненні да суседзяў зараз — гэта рэха ХІХ ст. Наспеў час змяніць падыходы. Адмовіцца ад спробаў маніпулявання мінулым (падпарадкаванне культурніцка-гістарычных наратываў) за кошт стварэння і перапісвання міфаў з супрацьлеглых да апанентаў свядомасных пазіцый.
Варта выбудоўваць погляд на гісторыю, і ў выніку на будучыню праз пастаянную дамову ў супольнасцях навукоўцаў, сацыёлагаў, палітыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў. Такім чынам народы паасобку і супольна будуць выпрацоўваць кансэнсусныя ўстаноўкі. Не адкідаючы дзеля часовых патрэбаў нязручныя гістарычныя факты. Такі падыход дазволіць пазбегнуць ужо зробленых памылак у будучыні.
Вельмі прыкра, што ў асяродках апанентаў паноўнага класа ў Беларусі і да гэтага часу пераважае кірунак на контрміфалагізацыю ў сферы калектыўнай памяці. Амаль выключна спрашчэнне поглядаў на гістарычныя і культурніцкія працэсы ў Беларусі і рэгіёне ў бок, супрацьлеглы ад наратываў, накіданых пракрамлёўскім камандным апаратам.
Выглядае на тое, што ў пэўнай меры, як і навукова-папулярная літаратура канца 1980-х, 1990-х і 2000-х, так сённяшнія Youtube-каналы, якія супрацьпастаўляюць свае погляды на мінулае афіцыйным трэндам, фактычна выкарыстоўваюць тыя ж інструменты, што і «савецкія людзі ў кабінетах ідэолагаў».
Толькі з іншымі матывацыямі, светапоглядным шэрагам і ўстаноўкамі. Але наколькі яны выглядаюць «контрсістэмнымі», настолькі фактычна капіруюць падыходы. Замяняючы крамлёўскія міфы іншымі, спрашчаючы ацэнкі гістарычных падзеяў, не заўважаючы прыкрыя факты мінуўшчыны.
На жаль, большасць беларускіх навукова-папулярных каналаў у Youtube выкарыстоўваюць прымітывізацыю і гучныя загалоўкі, каб прыцягваць увагу гледачоў. І страчваюць неабходную глыбіню ў сваіх матэрыялах, якая б дэманстравала памкненне да вывучэння стракатай і не заўжды адназначнай гісторыі нашага рэгіёна.
Менавіта таму ў сацыяльных сетках штодня шырацца дыскусіі (часам не вельмі канструктыўныя) беларускіх «аматараў гісторыі» з «калегамі» з Польшчы, Украіны, Літвы. У іх суразмоўцы намагаюцца падзяліць «спадчыну» былых краінаў, князёў і каралёў.
Бо большасць «апанентаў» з усіх бакоў і да сёння знаходяцца ў «палоне» міфаў, якія выкладаюцца ў школах, пашыраюцца праз літаратуру, кіно, інтэрнэт.
Тысячы людзей марнуюць час і энергію замест таго, каб без эмоцыяў, канструктыўна і крытычна даць ацэнку міфатворчасці, якая спрашчае гісторыю, падкрэсліваючы некаторыя факты і прыхоўваючы іншыя, паразітуе на выкрыўленым пачуцці калектыўнай траўмы.
Асабліва гэта небяспечна сёння, калі яшчэ свежыя ўспаміны пра тое, як прапаганда шукала матывацыі перад пачаткам сённяшняй фазы вайны ў рэгіёне у гістарычнай міфалогіі. Трэба прызнаць, што ёсць грамадзяне Беларусі, якія падтрымлі ўварванне ва Украіну. І гэта зусім не толькі людзі сталага веку. Шмат моладзі трапіла ў інфармацыйную пастку, паддалося маніпуляцыям страхамі, траўмамі, комплексам ахвяры.
У сітуацыі, калі кожны індывід і грамадства меліся ўзяць адказнасць за ўласную будучыню, перспектывы для краіны — большасць, на жаль, зрабіла выбар на карысць таго, каб схавацца далей ад рэчаіснасці.
Менавіта на гэта і працуюць маніпулятары, якія і займаюцца канструяваннем калектыўнай памяці. На стварэнне і падтрыманне ў масавай свядомасці неразумення адказнасці перад мінулымі і будучымі пакаленнямі. А знаходжанне замест гэтага ў «бурбалцы» альтэрнатыўнай мінуўшчыны і рэчаіснасці.
Такі канструкт магчымы дзякуючы сталай апеляцыі да прымітыўных наратываў — эмацыйнага падыходу да гісторыі і развіцця культуры, адназначных ацэнак, страхаў, траўмаў, нянавісці.
І разбурыць яго магчыма толькі праз дыялог у грамадстве, супольнасцях, рознабаковы погляд на культурніцка-гістарычныя працэсы, ускладненне, а не спрашчэнне падыходаў да вывучэння гістарычных асобаў і іх унёску пры фарміраванні сучасных нацый і межаў.
Гэта складаны шлях ад комплексу ахвяры і абавязковага рэсэнтыменту, пошуку ворагаў.
Сучасны свет будуецца на пошуку супольных інтарэсаў нават апанентамі. І толькі абмеркаванні памылак у мінулым даюць шанец на пераадоленне супярэчнасцей.
А. Г., budzma.org
Чытайце яшчэ: Калектыўная памяць — інструмент альбо кансэнсус?