Алесь Кіркевіч: Апошнія стануць адзінымі. Але не першымі

Алесь Кіркевіч на budzma.org разважае пра перспектыву вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары.


Наперадзе чарговая выбарчая “вакханалія”. Прычым нават не парламенцкая. Бяры вышэй – прэзідэнцкая! Сілы цемры і святла рыхтуюцца да бою, паўсюдна знакі і сведчанні чарговай “гібелі багоў”, трубы арханёлаў рыхтуюцца абвясціць новую эпоху…

Неяк так, імаверна, усё і выглядае ў свядомасці партыйных лідараў, якія сабраліся напрыканцы студзеня, каб абвясціць шматпакутнаму беларускаму народу пра вылучэнне адзінага кандыдата ад “сілаў дабра”. Мусіла б выглядаць. Насамрэч, вядома, не выглядае.

Выбары ўжо даўно зрабіліся каляндарнай з’явай – часткай абрадавага цыклу. Як Каляды, Дзяды ці Вялікдзень. Рытуалы будуць выкананыя, але калі нешта і зменіцца, дык толькі ў нябачным паралельным сусвеце. На зямлі – не.

“Дабравешчанне”

Пачнём з таго, што пяцёра партыйных лідараў, якія аб’явілі грамадзе “добрую вестку” пра адзінага, зрабілі тое максімальна загадкава. Нічога не зразумелі нават акулы журналістыкі, запрошаныя на прэс-канферэнцыю. Праймерыз, балы, інтэрнэт-галасаванне… Што да чаго? Бог з імі, з журналістамі, яны на выбары ходзяць не каб галасаваць. Яны пра выбары пішуць. А як быць простаму шчыраму беларусу, “пану сахі і касы” з якой Шаркаўшчыны ці Глыбокага?

Прыязджаюць да яго, простага і шчырага, нейкія людзі ў пінжаках. Усміхаюцца. У руках тэчкі. Хто гэта? Сведкі Еговы? Прадаўцы фільтраў ці коўдраў? Перапіс насельніцтва?.. Ну, годзе, разабраліся: палітыкі. За праўду і справядлівасць. ОК.

Што далей? Чалавеку тлумачаць, што будуць выбары. Прэзідэнцкія. Трэба ўсё змяняць, бо сістэма прагніла. Так далей немагчыма. Невыносна. А трэба Еўропа, правы чалавека, інвестыцыі, шэнген.

Добранька, а хто павядзе пакрыўджаных і ўбогіх на смяротны бой за светлае заўтра? А вось і незразумела. Яго трэба абраць спачатку. Праймерыз! Месію абяруць, падлічыўшы балы з паездак па рэгіёнах, у інтэрнэце, на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Па 30 балаў з кожнага этапу. Пасля яшчэ 10 балаў накіне партыйная структура вылучэнца…

А зараз – галоўнае. Па сакрэце беларусу скажуць, што ніякіх выбараў няма. Усё гэта фарс і прафанацыя. Усё незаконна. Бо лічыць не ўмеюць, не маюць права і наогул ніхто вынікаў не прызнае. Вось! “Дык, а нашто тады…” – няўпэўнена перапытае цярплівы суразмоўца, які ўжо дзесяць разоў пашкадаваў, што адчыніў дзверы.

Ну як навошта? Эх-х, цёмны народзе… Трэба ж партыйныя праграмы і стратэгіі чытаць. Сачыць за палітычным жыццём краіны. Не быць абыякавым, урэшце! Уся хітрая шматхадовачка патрэбная, каб мабілізаваць высілкі. Вывесці людзей на пратэст. Ламаць сцэнар. Давесці сваю пазіцыю… Ну і ўсё. Хопіць. А што вы яшчэ хацелі? Нарэшце схільны да парадку беларус махне рукой і прамовіць запаветнае: “Дабро, дзе падпісаць?..”

Прадаўцы надзеі

Схема, без перабольшвання, геніяльная. Ну праўда, калі пад кожныя выбары знаходзяцца аматары згуляць у гульню з прадказальным вынікам не на карысць гульцоў, то нешта магнетычнае ў гэтым ёсць. Размова цяпер не пра партыйных лідараў, а пра дробных гульцоў, якія пойдуць на пікеты, зборы подпісаў, разлепку стыкераў і плакатаў. Для чаго?

Лінейны мозг апаратчыка сярэдняга звяна не прыдумае іншага адказу, акрамя як “ім плацяць”, “іх падпойваюць”, “гіпнатызуюць”, “раздаюць наркотыкі” ці нешта накшталт таго. Такая думка апаратчыка цалкам задавальняе і супакойвае. Бо тлумачыць сітуацыю.

Ісціна нашмат цікавейшая. І нашмат больш трагічная. Рэч у надзеі. Палітык ад апазіцыі – гэта прадавец. У выпадку Беларусі ўсё па-іншаму: ён прадае не прэферэнцыі, не дапамагае ў бізнесе, не “вырашае” справы. Не прадае, бо не мае і не можа мець. І мецьме не хутка. Прадаваць застаецца адно надзею на лепшае заўтра. Як вядома, абяцанне і наступнае чаканне дабротаў – грошай, сэксу, свабоды – нашмат саладзейшае, чым атрыманне выніку.

Скептык запярэчыць: “Дык усё адно грошай, сэксу і свабоды не будзе. Людзі ўжо навучаныя!” Так, праўда. Навучаныя. А што застаецца? Ды і тлумачэнне няўдачы ў прадаўцоў заўжды знойдзецца. Як знайшлося ў прадстаўнікоў радыкальных юдэйскіх сектаў 2000 гадоў таму. Спачатку ўсім абяцалі “царства зямное”. Калі “абламалася” – пачалі абяцаць “царства нябеснае”. Так з’явілася канцэпцыя раю, а людзей тых пазней назвалі хрысціянамі.

“Беларусалім” усім і кожнаму!

Падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, асабіста мне больш за ўсё хочацца ўбачыць адзіным Паўла С. Найбольш харызматычны, шчыры ды ідэйны з усіх магчымых кандыдатаў на адзінага кандыдата. Неаднойчы цярпеў за праўду, але ўсё адно стаяў на сваім. Неаднойчы паплечнікі-апосталы разбягаліся ад яго ў розныя бакі, а ён усё адно ўпарта нёс свой крыж.

Рэч у тым, што рэшта кандыдатаў у кандыдаты – такія ж чыноўнікі, як і тыя, месцы якіх хочуць яны заняць. Адно што са значкамі іншых колераў на пінжаках. Мытары і фарысеі. А гэты – сапраўдны. Упэўнены, што толькі з Паўлам С. карціна выбарчай “вакханаліі” канчаткова набудзе апакрыфічныя фарбы.

Мінералка ў пластыкавых бутэлечках на Кангрэсе дэмакратычных сілаў ператворыцца ў віно. Пасведчанне кандыдата з рук старшыні Цэнтрвыбаркама ўзнясецца пад столь і знікне, бо ён не захоча прымаць дакумент з ганебных рук. Перадвыбарчыя плакаты будуць сцякаць мірай, пахнуць фіміямам і ладанам. Празрыстыя выбарчыя урны будуць упарта выкідаць падступна закінутыя фальшывыя бюлетэні…

Пасля будзе таемная вячэра, пацалунак Юды, затрыманне служкамі Каяфы, суд Сінедрыёна і… не, не ўкрыжаванне. 15 сутак. Змучаны дзесяцігоддзямі рабства народ будзе чакаць царства на зямлі. Новую Беларусь. Праведнага цара. Наіўныя і малаверныя! Ім будзе дадзена большае: Беларусь у сэрцы. Маральная перамога. Асобнік “Беларусаліма” ўсім і кожнаму, і хай ніхто не сыдзе пакрыўджаным!

“Жыве Беларусь! Жыве – з Богам!”

Алесь Кіркевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!



Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”