Вядомы дзіцячы пісьменнік, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Янкі Маўра Уладзімір Мацвеенка наведаў учора мінскую пачатковую школу №39. На імпрэзе прысутнічала намесніца галоўнага рэдактара часопісу “Бібліятэка прапануе” і арганізатар сустрэчы Людміла Несцяровіч.
Непасрэдны сведка акупацыі Беларусі і яе вызвалення, Уладзімер Мацвеенка распавёў навучэнцам малодшых класаў пра найбольш важныя падзеі з гісторыі Вялікай Айчыннай Вайны і адказаў на шматлікія пытанні цікаўных школьнікаў. Самым актыўным удзельнікам гутаркі Людміла Несцяровіч падарыла сувеніры ад кампаніі “Будзьма!”.
Напрыканцы гасцям сустрэчы вучні зрабілі нечаканы падарунак: “апельсіны жаданняў”, як яны назвалі цытрусавыя, упрыгожаныя зялёнымі паперкамі з зычаннямі.
“Вучні і настаўнікі расчулілі нас цёплым і шчырым уражаннем ад нашага выступу. Мы нават не чакалі, што пачуем столькі прыгожых словаў у наш адрас”, – адзначыла Людміла Несцяровіч.