“Байцоўскі ген” пагутарыў з наймацнейшым тайбаксёрам Расіі і свету Арцёмам Левіным, які распавёў нам, як беларускія байцы сталі кумірамі для падлетка з невялічкага кузбаскага гарадка і наколькі потым яму было складана выходзіць супраць іх і перамагаць. У пачатку мая ў межах праекта Сombat Master Class Арцём правёў аўтарскі майстар-клас у Мінску, які даў старт серыі сустрэч з выбітнымі айчыннымі і замежнымі байцамі.
“Для мяне гонар правесці свой майстар-клас у Беларусі!”
Я даўно марыў зноў пабываць у вашай цудоўнай краіне. Як прыехаў сюды першы раз на зборы ў 18 гадоў, так і закахаўся ў Беларусь. Тут такая добрая, утульная атмасфера! Вельмі люблю Мінск — прыгожы, спакойны і чысты горад. Хоць гэта і сталіца, але народ тут не такі разбэшчаны, як у Маскве, дзе кожны ўсяляк імкнецца падкрэсліць свой статус. Словам, няма залішняга пафасу. У Мінску можна спакойна гуляць, знаёміцца з мясцовым людам і не баяцца, што цябе падмануць. Раней я лічыў, што больш за ўсё прыгажунь жыве ў Расіі і Украіне, але ў вас іх нават болей будзе.
Для мяне сапраўды гонар правесці свой майстар-клас у Беларусі — родапачынальніцы тайскага боксу ў СНД. Я ж вучыўся ў вашых выбітных байцоў, перапісваючы касеты з іх баямі. Шакута, Ігнашоў, Пякарчык былі маімі кумірамі і натхнялі на перамогі. З кожнай паездкай у вашу краіну я адкрываю для сябе ўсё больш новых беларускіх слоў: “перамога”, “прывітанне”, “дзякуй”, “я цябе кахаю”. Дзіўная рэч — яны зусім непадобныя на свае рускія адпаведнікі. “Победа”, “здравствуйте”, “спасибо” “я тебя люблю”— усё па-іншаму гучыць.
“Цяжка перамагаць сваіх былых куміраў”
За сваю прафесійную кар’еру я неаднаразова сустракаўся з топавымі беларускімі байцамі і заўсёды перамагаў. Але некалькі перамог даліся мне цяжэй за ўсё. Вельмі складана было спаборнічаць з Дзімам Валентам, бо мы з ім разы чатыры баксіравалі. У псіхалагічным плане гэта няпроста: сапернік ведае ўсе твае слабыя і моцныя бакі. Але мне падабаецца, што Дзіма ўвесь час вучыцца, распрацоўвае разам з трэнерам новыя стратэгіі. Гэта матывуе і мяне не стаяць на месцы і самаўдасканальвацца. Няпроста даўся і бой з Дзмітрыем Шакутай — цяжка перамагаць сваіх былых куміраў.
“Дзе б мае нашчадкі ні жылі, яны будуць добра ведаць мову і гісторыю сваёй Радзімы”
Я дакладна ведаю: дзе б мае нашчадкі ні жылі, яны будуць добра ведаць рускую мову і гісторыю сваёй Радзімы, бо я прыкладу для гэтага ўсе намаганні. Часам хтосьці імкнецца “навучыць” мяне патрыятызму, што выклікае ў мяне ўсмешку. Для мяне сапраўдны патрыятызм пачынаецца тады, калі чалавек любіць тое месца, дзе нарадзіўся, нават калі гэта Богам забытая глухмень. Але ён імкнецца нешта зрабіць для сваёй малой Радзімы. Калі лічыш сябе патрыётам, то апрыёры мусіш добра ведаць гісторыю свайго краю, імёны вялікіх суайчыннікаў, цікавіцца палітычным жыццём, каб разумець, што адбываецца ў тваёй краіне. Мне, напрыклад, вельмі цікава расійская гісторыя, чытаю шмат разнастайнай літаратуры на гэтую тэму, каб сфармаваць уласны погляд на тыя ці іншыя падзеі. Мінулае ж нікуды не знікае — яно адбіваецца рэхам у будучыні. Толькі я заўсёды з асцярогай стаўлюся да перагібаў кшталту нацыяналізму, калі пачынаюць параўноўваць нацыі і казаць, што хтосьці горшы, а хтосьці лепшы. Гэта хлусня і глупства.
Сваю культуру і мову трэба шанаваць і падтрымліваць. І вельмі добра, што такіх людзей у вас з’яўляецца ўсё больш. Мой былы сапернік Віталь Гуркоў — малайчына, што папулярызуе беларускую мову і культуру не толькі на словах, але і на справе, гаворачы на роднай мове і ў паўсядзённым жыцці.
“Мы, сібіракі, загартаваныя, нідзе не прападзем”
Я з небагатай сям’і. Добра памятаю, як на свае першыя заробкі ездзіў на мясцовы кітайскі рынак і набываў дзве вялікія торбы з рэчамі. Быў проста ашалелы ад таго, што магу сабе дазволіць столькі вопраткі! Карацей, захварэў на “рэчызм”. Мае пакаленне прыйшло ў спорт у ліхія 90-я, калі ў модзе было ўмець пастаяць за сябе. Хлопцы любілі гуляць у крутых гангстараў, ішлі ў рэкет. Але на вуліцу іх пацягнула неабходнасць элементарна выжыць, паесці, а не проста махаць рукамі, як у заморскіх баевіках. Цяжкія былі часы… На шчасце, многія, як і я, у спартовых секцыях адзінаборстваў сустракалі сумленных трэнераў, якія тлумачылі, што такое добра, а што такое дрэнна.
У Сібіры суровы клімат, таму мы, сібіракі, загартаваныя, нідзе не прападзем. Як мае бацькі часам любяць жартаваць: “Людзей сюды высылалі, а мы добраахвотна жывем”. Я родам з невялічкага шахцёрскага гарадка Пракоп’еўск — чорнай жамчужыны Кузбаса. На жаль, людзі тут па-ранейшаму імкнуцца выжыць. Вугаль робіцца ўсё менш запатрабаваным, шахты зачыняюцца. Шмат людзей літаральна застаюцца за бортам жыцця. Моладзь імкнецца з’ехаць у большыя гарады. Застаюцца ў асноўным людзі сталага веку ці зусім маладыя. Хтосьці пачынае піць, але тыя, у каго рукі адкуль трэба растуць, пачынаюць шукаць сваё месца ў новых рэаліях і распачынаюць сваю справу. Такія людзі заўсёды выклікалі ў мяне павагу.
“Я хутка закіпаю — даюць пра сябе ведаць татарскія карані”
Я ніколі не сутыкаўся з дыскрымінацыяй наконт свайго “нярускага” прозвішча. Часам хтосьці можа нешта дрэннае напісаць у інтэрнэце, але мяне гэта не крыўдзіць: я на такія дробязі проста не звяртаю ўвагі. Я заўсёды адчуваў сябе рускім, мае карані ўсе адсюль, з Сібіры. Бацька — татарын, і прозвішча ў яго адпаведнае — Бікбаеў. Мабыць, таму я такі гарачы і хутка закіпаю — даюць пра сябе ведаць татарскія карані. А з боку маці — рускія і немцы.
Я малодшы сын у сям’і, таму мушу несці адказнасць за бацькоў, забяспечваць іх, як гэта было спрадвеку. Гэта натуральная з’ява, калі ты сумленны чалавек.
Спорт — непрадказальная рэч. У нас у сям’і ёсць сваё табу: ніхто з блізкіх на маіх баях не прысутнічае, глядзяць, калі хочуць, у запісах ці анлайн-трансляцыю, каб нікога не нерваваць. Ім будзе цяжка глядзець, як мяне б’юць, але і я буду сябе няёмка адчуваць, калі буду ведаць, што хтосьці з родных прысутнічае побач з рынгам і глядзіць на мяне.
“Трэба працаваць не 12 гадзін у суткі, а галавой”
Мы, спартоўцы, вядзем цыганскі лад жыцця — пастаянна вандруем. А цяпер, калі яшчэ праводжу майстар-класы, наогул амаль кожныя два дні прачынаюся ў новым горадзе. Безумоўна, стамляешся, але гэта прыемная стома: новыя людзі, новыя эмоцыі. Яны натхняюць цябе на новыя ідэі, перспектывы. Па вяртанні дадому думаеш: “Усё, зараз буду ўвесь тыдзень спаць і адпачываць. А праходзіць два дні, і ты разумееш, што ўсё, батарэйка зарадзілася, і цябе цягне зноўку вандраваць. Хтосьці можа сядзець у офісе з 9 да 6, але я — чалавек руху, не магу без яго.
Мне імпануе выраз легендарнага Стыва Джобса: “Трэба працаваць не 12 гадзін у суткі, а галавой”. Уласны час трэба ўмець эканоміць і правільна размяркоўваць, бо гэта самае галоўнае, што у нас ёсць. Яго нельга купіць ці вярнуць назад.
“Піярыцца за кошт сям’і — не зусім годная для мужчыны справа”
Я ніколі не афішую сваё асабістае жыццё. Зразумела, жонкі, дзеткі, коцікі — заўсёды добры піяр. Многія публічныя людзі гэта выкарыстоўваюць на сваю карысць. Але асабіста я лічу, што піярыцца за кошт сям’і — не зусім годная для мужчыны справа. Тым больш для спартоўца.
Сэкс VS бокс
Перад важнымі спаборніцтвамі тыдні два пажадана наогул сэксам не займацца. Не трэба дарма растрачваць тэстастэрон, які вельмі спатрэбіцца падчас бою, каб былі і патрэбная агрэсія, і жвавасць, і хуткасць. Але, па шчырасці, калі быў малады, яго было зашмат, таму часам грэбаваў гэтым правілам нават напярэдадні чэмпіянату свету. Мне гэта тады не перашкаджала — перамагаў.
“Не бойцеся марыць!”
Калі я падчас майстар-класаў размаўляю з пачаткоўцамі, заўсёды кажу ім: “Не бойцеся марыць, нават, калі вам здаецца, што гэта ўсё марнае і недасягальнае. З марамі прыйдуць і мэты, якія падкажуць у якім кірунку трэба рухацца, каб усё гэта здзейсніць”. Здаецца, банальныя словы, але шмат сучасных людзей баяцца гэтага. Калісьці марылі, але потым здрадзілі сваім жаданням, апусцілі рукі і па інерцыі існуюць. А выігрывае ў гэтым жыцці толькі той, хто дайшоў да канца і не здаўся.
Яшчэ што я актыўна прапагандую: бой мусіць быць разумным. Шануйце сваё здароўе. На першае месца заўсёды стаўце абарону. Лепш нанесці адзін удар саперніку і не прапусціць ад яго ніводнага, чым нанесці 20, прапусціўшы 18. Перамогу ты атрымаеш, але цаной свайго здароўя. Імкніцеся быць непаўторнымі і індывідуальнымі на рынгу, шукайце свае “фішкі”. Якімі бы вы таленавітымі і моцнымі ні былі, калі будзеце пастаянна весці бой у аднолькавай манеры, сапернікі хутка вас раскусяць і перамогуць.
“Усе спартоўцы эгацэнтрычныя, без гэтага немагчыма дасягнуць поспеху”
Любы від спорту пабудаваны на гонары і эгаізме. Усе спартоўцы эгацэнтрычныя, без гэтага немагчыма дасягнуць поспеху. Калі Мэсі ці Раналда не былі такімі, яны не сталі б найлепшымі. Таму я і стаў №1, бо заўсёды імкнуся стаць лепшым за тых, хто побач са мною, а сябрую я прынцыпова толькі з найлепшымі, з лідарамі ў сваёй галіне. Ад такіх людзей шмат чаму вучышся, яны стымулююць цябе пастаянна развівацца і рухацца наперад. Мне падабаецца быць першым, праз гэта і атрымліваецца перамагаць. Зразумела, гэта шмат каму не падабаецца. Але я не змагаюся з зайздроснікамі. Навошта? Я ім нават удзячны: яны падштурхоўваць і матывуюць мяне працаваць яшчэ лепш.
Я першы, хто задумаў зладзіць турнэ з аўтарскімі майстар-класамі. На мэце ў нас 25 рэгіёнаў Расіі. У працэсе рэалізацыі задумы пачалі паступаць прапановы і з іншых краін — Беларусі, Казахстана, Грузіі, Малдовы і г. д. Я імкнуся ўсебакова прасоўваць родны тайскі бокс, бо сучасных падлеткаў з іх захапленнем рознымі гаджэтамі не зацягнуць у спартовыя секцыі. І гэта вялікая праблема. Мы страчваем новае пакаленне, якое ўвесь час у тэлефоне, ім нічога не цікава, яны губляюць свае здароўе, час і нават не заўважаюць гэтага.
Я пакуль не магу сабе дазволіць пабудаваць уласную школу, але гэта ў планах. Мару стварыць у родным горадзе сучасны цэнтр тайскага боксу імя Арцёма Левіна, дзе б выкладалася мая аўтарская методыка. Гэта будзе некамерцыйны праект: дзеці б там займаліся бясплатна. Не сыны і дочкі паважаных людзей, а любы ахвочы. Я гатовы інвеставаць уласныя сродкі, адрамантаваць будынак, забяспечыць інвентаром, выбудаваць неабходную лагістыку, прыцягнуць спонсараў і мецэнатаў.
Я заўсёды марыў стаць найлепшым, а потым вярнуцца ў Пракоп’еўск і прынесці карысць роднаму гораду і яго жыхарам. Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца. Пакуль жа, калі я прыязджаю ў свой рэгіён з майстар-класамі, заўсёды праводжу іх бясплатна. Так, мне прапаноўвалі грошы, але мне сумленне ніколі б не дазволіла іх узяць.
Ліна Мілаш
Фота Антона Залатухіна