Больш за 6 тыс. канцэртаў было дадзена ў полацкім Сафійскім саборы з моманту ўстаноўкі ў ім аргана 30 гадоў таму, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца канцэртнай залай Сафійскага сабора Алена Мартынава.
2 сакавіка полацкі арган, адзін з найлепшых у Беларусі, адзначыў свой 30-гадовы юбілей. Ён быў створаны спецыялістамі чэшскай фірмы Rieger-Kloss яшчэ ў 1985 годзе. Першы канцэрт у Полацку адбыўся 2 сакавіка таго ж года ў выкананні народнага артыста Расіі Алега Янчанкі. З тых часоў арганісты з 18 краін далі ў Сафійскім саборы каля 6 тыс. канцэртаў для больш за мільёна слухачоў. Тут лічылі за гонар выступаць вядомыя арганісты Савецкага Саюза (Г.Гродберг, Е.Лісіцина, Л.Шышханава, А.Шмітаў, А.Фісейскі, Л.Голуб) і многіх замежных краін свету. І цяпер у нядзелю ў саборы заўсёды гучыць арганная музыка. Пад яе гукі выпускнікі школ і маладыя ўступаюць у новае жыццё. Для юных слухачоў праводзяцца музычна-пазнавальныя праграмы “Таямніцы аргана” і “Запрашэнне да канцэрта”.
Праз 30 гадоў 1 сакавіка адбыўся юбілейны канцэрт, на якім, як распавяла арганістка Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ксенія Пагарэлая, “разам з каралём інструментаў гучалі труба і скрыпка ў выкананні педагогаў Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа”.
Ксенія Пагарэлая з 1988 года з’яўляецца нязменнай арганісткай Сафійскага сабора. У канцэртнай зале яна дае каля 300 канцэртаў у год, вядзе актыўную асветніцкую і канцэртную дзейнасць у Беларусі і за мяжой. Менавіта ёй належыць ідэя правядзення міжнароднага арганнага фэсту ў Полацку – “Званы Сафіі”. Юбілейны XX Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”, які пройдзе ў лістападзе гэтага года і будзе прысвечаны 30-годдзю полацкага органа.
Арган патрабуе пастаяннай увагі і догляду. У 2013 годзе пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі была праведзена яго мадэрнізацыя сумесна з нямецкай арганабудаўнічай фірмай, майстрамі з Расіі і Украіны. Удасканаленне інструмента, замена састарэлых механізмаў падоўжыць яркае канцэртнае жыццё органа, упэўненая Алена Мартынава.
Кацярына Князева, БелТА
Тэгі: Полацк