Лета — самы час для вандровак. Падарожнікаў, што завітаюць у першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, чакае шмат цікавага. Каб не разгубіцца ды нічога не прапусціць, сабралі для вас 8 вартых увагі архітэктурных аб’ектаў у Наваградку.
1. Наваградскі замак (на поўнач ад плошчы Леніна)
Безумоўна, галоўнай візітоўкай Наваградка з’яўляюцца замкавыя муры на ўзгорку, адкуль адкрываюцца фантастычныя краявіды на наваколле. Першапачаткова, з IX па XII стагоддзі, замак быў драўляным, а ў XIII стагоддзі тут была ўзведзена першая каменная вежа. Паступова падчас ўмацавання муроў ад дрэва цалкам адмовіліся ды ў якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўвалі толькі камяні ды цэглу. Лічыцца, што Наваградскі замак быў адным з наймагутнейшых умацаванняў на беларускіх землях у ХІV—XV стагоддзях.
Замак праіснаваў да сярэдзіны XVII стагоддзя, але быў зруйнаваны цягам шматлікіх войнаў з усходнім суседам, у час Паўночнай вайны. Толькі ў міжваенны час польскія ўлады распачалі працы па ахове і кансервацыі рэшткаў замка, ад яго засталіся фрагменты ўсяго дзвюх вежаў, так званых Касцёльнай і Шчытоўкі. Сёння працягваюцца працы па захаванні рэшткаў замка: на вежах можна пабачыць сучасную цэглу.
2. Касцёл Перамянення Пана (вул. 1 Мая, 17)
З іменем аднога з самых славутых князёў ВКЛ, Вітаўта, звязана будаўніцтва напрыканцы ХІV стагоддзя ў Наваградку гатычнага фарнага касцёла Перамянення Гасподняга. Паводле падання, Вітаўт узвёў фару на месцы капішча. У 1422 годзе ў гэтым касцёле пад Замкавай гарой бралі шлюб Ягайла і Соф’я Гальшанская.
Храм быў моцна перабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі ў сціплым стылі сармацкага барока, у гэтым выглядзе храм захаваўся да нашых дзён. Менавіта ў гэтым касцёле 22 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. Касцёл Перамянення Гасподняга лічыцца самым старым з захаваных у Наваградку.
3. Касцёл Міхаіла Арханёла (вул. Савецкая, 2)
Яшчэ адзін наваградскі касцёл звязаны з іменем Адама Міцкевіча — колішні Дамініканскі, сёння асвечаны ў гонар Міхаіла Арханёла. Тыповы барочны касцёл, пабудаваны ў 1724 годзе. Напачатку ХІХ стагодзя пры касцёле дзейнічаў дамінікаскі кляштар, у школе пры кляштары і вучыўся Адам Міцкевіч.
4. Барысаглебская царква (вул. Паштовая, 3)
Цікавым прыкладам будынка, па знешнім выглядзе якога можна прасачыць гісторыю Наваградка, з’яўляецца Барысаглебская царква, узведзеная ў 1517–1519 гг. на падмурках храма ХІІ стагоддзя. Спачатку царква была гатычнай, пасля ў 1624–1632 гг. перабудаваная ў стылі сармацкага барока.
У той жа час царква прыняла унію і пры ёй узнік базылянскі кляштар, які да нашых дзён, на жаль, не захаваўся. Пасля скасавання уніі і антырасійскага паўстання 1863–1864 гг. расійскія ўлады перабудавалі царкву ў псеўдарускім стылі. Некалькі год таму паводле рашэння маскоўскага патрыярхату да царквы былі дабудаваныя дзве пазалочаныя вежы.
5. Свята-Мікалаеўская царква (вул. Гродзенская, 3)
Галоўны праваслаўны храм Наваградка — Свята-Мікалаеўскі сабор. Ён перабудаваны з узведзенага ў 1780 годзе францішканскага касцёла. Фасад царквы быў моцна зменены пасля пажару ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Унутры можна яшчэ пабачыць аўтэнтычныя скляпенні і рэшткі роспісу сценаў.
6. Наваградскі мячэт (вул. Леніна, 28)
Напрыканцы ХІV — пачатку XV стагоддзя рэлігійна талерантны князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і яго ваколіцах татараў. Сённяшні будынак Наваградскай мячэці 1855 года пабудовы стаіць на ранейшым месцы, дзе быў узведзены першы мячэт яшчэ ў ХVI стагоддзі. У новым будынку маліліся ажно да Другой сусветнай вайны. За савецкім часам мячэт перабудавалі ў жылы дом. Да вернікаў будынак вярнуўся толькі ў 1990-я.
planetabelarus.by
7. Дом-музей Адама Міцкевіча (вул. Леніна, 1)
У цэнтральным парку Наваградка месціцца дом-музей Адама Міцкевіча. Комплекс будынкаў адноўлены на арыгінальных падмурках сядзібы і гаспадарчых пабудоў сям’і Міцкевічаў паводле старых фотаздымкаў. З часоў Міцкевіча ў аўтэнтычным выглядзе ў колішняй сядзібе захаваная толькі кухня. Кожная з 5 заляў музея ўвасабляе розныя перыяды жыцця паэта з дапамогай карцінаў, кніг, мэблі і іншых рэчаў — сучаснікаў паэта. З рэчаў, якія дакладна памятаюць Міцкевіча, тут варта звярнуць увагу на гадзіннік, які стаяў у яго пакоі ў Вільні, і на акуляры, што пэўны час належалі пісьменніку.
8. Польскія катэджы (вул. Савецкая, 22-24)
У міжваенны час Наваградак стаў цэнтрам ваяводства ў складзе Польшчы. Адпаведна з патрэбамі гарадскіх служачых тут з’явіліся тыповыя для народнай архітэктуры Паўднёвай Польшчы таго часу драўляныя дамы ў так званым «закапанскім стылі». Цікавосткай стылю з’яўляюцца масіўныя мураваныя калоны на драўляным будынку. Выглядаюць даволі незвычайна для традыцыйнага ландшафту беларускіх мястэчкаў, таму знайсці іх не будзе праблемай. Найбольш характэрныя знаходзяцца па вуліцы Савецкай, побач з аўтавакзалам.
Фота Кірыла Маісеева
Вандруйце разам з «Будзьма!» ПЖ