Працягваем вандроўку па Аршанчыне. Падарожнікаў, што завітаюць у сюды, чакае шмат цікавага. Блізкасць да ўсходніх межаў дае пра сябе ведаць, збольшага з мясцовых архітэктурных цікавостак засталіся толькі крушні, але і яны выглядаюць вельмі маляўніча ды адлюстроўваюць сумную, але рэчаіснасць. Такім чынам, сёння завітаем у вёску Смаляны, дзе захавалася вялікая колькасць некалі велічных архітэктурных помнікаў, ды наведаем магілу Тамаша Зана на мясцовых каталіцкіх могілках.
Фота: poshyk.info
Смаляны
Смаляны ўпершыню ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1484 годзе як маёнтак, што належаў князю Бельскаму. Пасля ў Смалянах часта змяняліся гаспадары Астрожскія, Курбскія, Сангушкі і іншыя. Статус мястэчка Смаляны займелі з 1678 года, была тут і свая ратуша, узведзеная ў 1742-м з дрэва, якая па сённяшні дзень, на жаль, не захавалася. Але захавалася шмат рэшткаў іншых цікавых будынкаў, на якія раім звярнуць увагу кожнаму, хто завітае ў даўняе мястэчка старажытнай Аршаншчыны.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Аршанскім раёне
Замак Белы Ковель
Пра існаванне замка ў Смалянах вядома з 1626 года, калі правы бераг ракі Дзернаўкі на ўскраіне Смалянаў князь Сямён Сангушка-Ковельскі абраў для ўзвядзення сваёй рэзідэнцыі. Месца было абранае не выпадковае, дастаткова блізкае і да Воршы, і да Віцебска, у якіх Сангушка-Ковельскі займаў дзяржаўныя пасады: Сымон у розныя часы служыў маршалкам Аршанскім, ваяводай Віцебскім, кашталянам Мсціслаўскім.
3 Рэканструкцыя знешняга выгляду замка. Павал Татарнікаў
Замак Сангушкаў быў узведзены паводле праекта галандскага архітэктара, у якога, не адыходзячы ад асноўных Рэнесансных канонаў, атрымалася збудаваць вялікіх памераў палац і ўпісаць яго ў нязвыклы для такіх памераў будынка мясцовы рэльеф. Муры замка Белы Ковель былі выкладзены з каменя і цэглы ды пафарбаваныя ў белы колер, што было не традыцыйна для тагачасных палацаў на тэрыторыі Беларусі. Адтуль у назве прыметнік «белы».
Замак Белы Ковель, Юзаф Пешка, канец XVIII стагоддзя
Ковелем палац назвалі, бо раней рэзідэнцыя ў Сангушкаў месцілася ў сёння ўкраінскім Ковелі, які ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах акурат як уласнасць Хведара Сангушкі, унука князя Гедыміна. А колішні ўладальнік Смалянаў Андрэй Курбскі, расійскі палкаводзец набліжаны да Івана Жахлівага, які перайшоў у падданства ВКЛ, перабраўся з блізкіх да ўсходніх межаў земляў, падораных яму, у далёкі Ковель з мэтаў уласнай бяспекі. Так ад Курбскага Смаляны патрапілі да Сангушкаў.
Замак Белы Ковель, Напалеон Орда, 1877
Белы Ковель меў шыкоўнае ўбранства, сцены былі распісаныя фрэскамі на рэлігійныя сюжэты, коміны ў пакоях выкладзены вельмі каштоўнай на той час кафляй з выявай «Пагоні» — гербам Сангушкаў. Але лёс некалі велічны будынак напаткаў не зайздросны. Белы Ковель быў моцна пашкоджаны падчас Паўночнай вайны, тагачасны ўладальнік замка Павал Караль Сангушка падтрымаў шведаў, за што Пётр І часткова зруйнаваў замак.
Фота: planetabelarus.by
Фота: Павел Каралёў
А пасля паўстання 1830–1831 гг. расійскія ўлады сканфіскавалі палац у гаспадароў ды перадалі калежскаму асэсару Сямёнаву, чый сын Аляксей прадаў старажытныя муры на цэглу, часткова для пабудовы адной з мясцовых праваслаўных цэркваў. Наступны ж уладальнік колішняга замка інжынер Цітоў закансерваваў ацалелую вежу, дзякуючы чаму да нашых дзён і захавалася частка будынка, якую разам з падмуркам вандроўнікі могуць пабачыць у Смалянах.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Як і ў любога замка, у Белага Ковеля маюцца свае легенды. Першая — пра Бону Сфорцу, прывід якой можна ўначы пабачыць у крушнях колішняй замкавай вежы. Але ж каралева Бона памерла задоўга да пабудовы замка Сангушкаў, таму, відаць, легенда не зусім адпавядае рэчаіснасці. Другая ж — пра сутарэнні, якія, паводле расповедаў месцічаў, спалучалі палац Сангушкаў з Куцеінскім кляштарам у Воршы, з Дамініканскім кляштарам і Спаскай царквой у Смалянах, — магчыма, яшчэ чакае свайго пацверджання.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Яшчэ адным помнікам, вартым увагі ў Смалянах, з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, дакладней, ягоныя рэшткі. У 1680 годзе жонка тагачаснага гаспадара Смалянаў Гераніма Сангушкі — Канстанцыя, з нагоды нараджэння першынца вылучыла кавалак зямлі паміж рынкавым пляцам і італійскім садам манахам-дамініканцам з умовай пабудовы тут касцёла.
Смаляны, Рынкавы пляц, 1901–1918
Фота: vedaj.by
Першапачаткова касцёл і кляштарныя пабудовы манахі ўзвялі драўлянымі, а ў 1786 годзе гаспадары мястэчка фінансавалі пабудову мураванага архітэктурнага ансамбля дамініканаў. Пасля Лістападаўскага паўстання, у спрыянні якому расійскія ўлады абвінавацілі і дамініканцаў, кляштар быў скасаваны, касцёл ператвораны ў парафіяльны, а ў мурах кляштара размясцілася плябанія.
Чытайце яшчэ:Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець на Аршаншчыне. Частка другая
Фота: poshyk.info
Фота: poshyk.info
Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Смалянах здарыўся пажар ды будынкі касцёла і кляштара былі істотна пашкоджаныя, але на прыватныя ахвяраванні парафіянаў колішні кляштар быў адрамантаваны, а ў 1899 годзе пад кіраўніцтвам дойліда Даўкшы былі ўмацаваныя і падмуркі касцёла ды аздоблены інтэр’еры будынка. У 1930-я гады касцёл у Смалянах быў зачынены, кляштарны будынак перададзены машынна-трактарнай станцыі і да 1989 года выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, што фактычна і прывяло да ягонага амаль поўнага разбурэння ды заняпаду.
Фота: planetabelarus.by
Спаса-Прабражэнская царква
Адзіны будынак у Смалянах, які захаваўся ў добрым стане з часоў гаспадарання тут Сангушкаў — гэта Спаса-Праабражэнская царква, узведзеная з дрэва напрыканцы XVIII стагоддзя народнымі майстрамі ў стылі барока. У адрозненне ад іншых помнікаў архітэктуры ў Смалянах, храм працягвае дзейнічаць па прызначэнні, хаця за савецкім часам, у 1930-я гады, будынак царквы быў адабраны ў вернікаў і тут месціўся спіртзавод.
Фота: poshyk.info
Фота: wikimedia.org
Царква складаецца з дзвюх частак — цокальнага каменнага паверха, «цёмнай царквы» і верхняга драўлянага. Асноўнай цікавосткай у інтэр’еры царквы з’яўляюцца роспісы купала выявамі апосталаў, якія датуюцца XVIII стагоддзем. Магчыма, гэты роспіс — адзін з нешматлікіх захаваных прыкладаў уніяцкага культавага манументальнага жывапісу.
Фота: orda.of.by
Фота: orda.of.by
Свята-Аляксееўская царква
Яшчэ адным архітэктурным помнікам у Смалянах, ці дакладней, тым, што ад яго засталося, з’яўляецца Свята-Аляксееўская царква, узведзеная ў рэтраспектыўна-рускім стылі пасля Студзеньскага паўстання. Храм тыповы для таго часу, так званая «мураўёўка», узведзеная па тыпавым праекце.
Фота: poshyk.info
Цікавосткай з’яўляецца, што для будаўніцтва Свята-Аляксееўскай царквы ў Смалянах выкарыстоўвалася цэгла з ужо вядомага нам замка Сангушкаў паводле загаду тагачаснага ўладальніка Смалянаў і губернатара Віленскага, прызначанага расійскімі ўладамі, Аляксея Сямёнава. А побач з храмам месціцца і разрабаваная за савецкім часам пахавальная капліца Сямёнавых.
Фота: poshyk.info
Магіла Тамаша Зана
На каталіцкіх могілках у Смалянах варта наведаць магілу Тамаша Зана, паэта, сябра і паплечніка Адама Міцкевіча ды Яна Чачота. Тамаш Зан у 1817 годзе быў адным са стваральнікаў у Віленскім універсітэце Таварыства філаматаў, а праз тры гады і Таварыства Прамяністых, пазней філарэтаў. Пасяля таго, як Тамаш Зан узяў на сябе большасць абвінавачанняў, каб уратаваць сваіх паплечнікаў ад вялікіх тэрмінаў, ён быў сасланы на Урал. Пасля адбыцця пакарання ажаніўся і набыў з жонкай маёнтак Кахачын побач са Смалянамі, дзе і пражыў апошнія свае гады.
Магіла Тамаша Зана, Напалеон Орда, 1877
Магілы Томаша і ягонай жонкі Брыгіты месцяцца ў старой частцы могілак у Смалянах, насупраць рэштак касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх знайсці не складана — гэта два аднолькавыя вялікія помнікі з крыжамі, ля якіх камень з імёнамі Занаў ды іх немаўля, памерлага ў 1854 годзе.
Фота: valatsuga.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org