Навошта сёлета ісці на «Арт-Мінск»? Ці магчыма сёння ўвогуле хоць нейкае мастацкае выказванне ў Беларусі? «Арт-Мінск» і беларускі павільён Венецыянскай біенале — паміж імі прорва, ці ўсё ж ёсць нешта падобнае? Разважае Яніна Гаспадыня з Мінска.
«Арт-Мінск» прыкідваецца выставай гэтаксама, як Мінск прыкідваецца Мінскам, у якім нічога асаблівага не адбываецца і не адбывалася ніколі. І наведваць «Арт-Мінск» трэба гэтаксама, як Мінск, у якім нічога ніколі не адбывалася. Увогуле цяжка знайсці ў цяперашняй Беларусі справу, якую можна рабіць неяк іначай. Беларусы ў Беларусі ўжо робяць гэта аўтаматычна.
Бадай, адзіны варыянт дазволенага сёння ў Беларусі публічнага суіснавання ў адной прасторы соцень людзей, чыя ўвага засяроджваецца на адным і тым жа і заахвочвае да спантаннага ўзаемадзеяння, абмену эмоцыямі, да размоў і іншай сінергіі (і галоўнае, без навязлівай прысутнасці міліцыянтаў) — гэта выстава, асабліва вялікая выстава, асабліва ў дзень адкрыцця, асабліва калі ўваход вольны. То-бок «Арт-Мінск».

«Арт-Мінск». Фота з афіцыйнага сайта фестывалю
Менавіта таму мы натоўпам ідзем на «Арт-Мінск». Ці на «Ноч музеяў». Ці на «Бібліяноч». Ці глядзець прывезенага з расейскага музея Шагала. Вядома, мы не ўсведамляем, што ідзем менавіта таму, бо «ашчушчаць» гэтыя «ашчушчэнія» небяспечна, і лепей замясціць іх чымсь нейтральным і бяспечным: прагай прыгожага, жаданнем прайсціся, добрым надвор’ем, кепскім настроем, нудой і г. д. І вядома, мы яшчэ памятаем, што калі пачалася зачыстка канцэртных пляцовак і арт-хабаў, выступоўцаў і арганізатараў, музеі паціху ўзялі на сябе канцэрты і выступы і вытрывалі ў барацьбе з несанкцыянаванай культурай. Прабачце, у барацьбе за высокую культуру.
Дык вось, да «Арт-Мінска». Сёлетні «Арт-Мінск» такі ж, як, вы памятаеце, цяперашні Мінск, у якім нічога ніколі не адбывалася і не адбываецца, і на першы погляд нічым не адрозніваецца ад усіх папярэдніх «Арт-Мінскаў». Больш за тое, падаецца, гэта і ёсць нейкі з папярэдніх, толькі не сцяміш, які. Запомнім гэты часавы гэп і вернемся да яго пазней.
Памятаеце, якія мы былі разгубленыя пасля 2020-га і як пераймаліся, што няма мовы, каб гэта вось усё апісаць і выразіць? Што мова, якая ёсць, не адолее адэкватна адлюстраваць усё, што адбываецца, у ягонай складанасці, насычанасці, непераноснасці? Памятаеце, якая нас агорала невыносная немата? Дык вось, высветлілася, што калі дастаткова доўга пасядзець на беразе гэтай ракі, то і не трэба ніякай шукаць новай мовы. Варта проста пацярпець і дачакацца, калі невымоўнае стане тым, пра што гаварыць нельга, і падыдзе мова старая.
Сёлетні «Арт-Мінск» сваім размаітым багаццем прапануе нам думаць, што мастацтва — проста адзін з рытуалаў улады, якая жадае паказаць, наколькі багатая на таленты зямля беларуская. Выстава Дасягненняў Народнай Гаспадаркі ў галіне мастацтва: тут вам гіперрэалістычныя лісічкі, там экспрэсіянісцкія сабачкі, тут авангардны авангард, там класічная класіка, тут салонны жывапіс, там коміксы, нават крыху трывожных мрояў, каб кампенсаваць вясёленькі постмадэрн і гіперрэалістычную бульбу з паўфарфору, — гляньце, да чаго ж мастацкае беларускае мастацтва.
Але во які фокус: гэтая безвыходная прастора мастацкіх магчымасцей пачынае гаварыць сваімі немагчымасцямі. Немагчыма ўжо ўявіць, каб хтосьці з удзельнікаў «Арт-Мінска» прапанаваў мову для невымоўнага, адсутнага, схаванага, выцесненага. Немагчыма, каб у шчыльнай экспазіцыі раптам абазначыліся лімінальныя шчылінкі, паўзы, пустоты, праз якія б стала заўважнай сапраўдная зачышчанасць гэтай мастацкай рэчаіснасці. Немагчыма, каб хтосьці дэманстратыўна адмовіўся ўдзельнічаць у ВДНГ культуры і мастацтва.
Дзесьці па той бок «нічога не адбываецца» паціху адбываюцца непрыемныя працэсы: свабода мастацкага выказвання становіцца ўжо не зусім свабодай, не зусім выказвання, мастакі і гледачы існуюць у шматлікіх бурбалках эскапізму, які рознымі прыязнымі словамі кшталту «мы ўсё ж нягледзячы ні на што ствараем» прыхоўвае адмову ад гэтай самай свабоды гэтага самага выказвання, каб па выніку прыйсці да Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі.
І ведаеце што? Нам вельмі падабаецца Выстава Дасягненняў Народнай Гаспадаркі, а сумневы наконт такой канцэпцыі прыхавайма наймацнейшай формай канфармізму — радасцю, што «хоць штосьці адбываецца, бачыце, нягледзячы ні на што мастакі ўсё ж ствараюць, трава прабіваецца скрозь асфальт». Іншымі словамі, знаёмае «мы хоць штосьці робім».

«Арт-Мінск-2026». Аляксандр Шапо «Шлях героя». Фота з афіцыйнага сайта фестывалю
Неадольная безвыходнасць рытуалу
І няма пытаннечкаў, нейкая трава прабіваецца, мастакі ствараюць, жыццё ідзе, толькі год ад году набрыньвае дзіўная стома, і ва ўсім «ашчушчаецца» неадольная безвыходнасць рытуалу, бясконцага гукання вясны ці там ваджэння стралы. Быццам мастакі ствараюць проста таму, што ім належыць ствараць, а куратары развешваюць карціны таму, што належыць развешваць карціны, а гледачы глядзяць, бо належыць глядзець.
Яны сыходзяцца ў адной прасторы належнага, якая робіць мастацтва усяго толькі месцам уцёкаў ад рэчаіснасці, пра якую нельга гаварыць (там толькі і чуваць, што ўздыхі палёгкі «нарэшце не пра палітыку», «ну колькі можна пра гэта», «давайце пра высокае і вечнае»). І кожны выконвае сваю частку рытуала, сэнс якога згубіўся, здавалася б, даўным-даўно, калі б мы ўсе не памяталі дакладны час менавіта гэтай страты.
А памятаеце, штогод «Арт-Мінск» пачынаўся ў віхуры скандалаў, што кагосьці не ўзялі і кагосьці знялі з экспазіцыі? Сёлета ўжо не скандалы — так, шэпты ў трэдс і на кухнях, бо голас мастака — ужо не тое каб той самы голас, які быў (а ён і быў не надта гучны). Больш за тое, здарылася дзіўнае: мастацкі пратэст супраць адмовы куратараў зрабіўся часткай выставы.
Так-так, той наваполацкі мастак, якім усе захапляліся, насамрэч здзейсніў даволі сімптаматычны ўчынак для цяперашняй Беларусенькі: замест выразнага пратэсту супраць Выставы Дасягненняў Народнай Гаспадаркі ён выбраў стаць перформансам у яе межах, радасна сцёр розніцу паміж удзелам і няўдзелам, пратэстам і лаяльнасцю — і скажу шчыра як сведка, нічым не адрозніваўся ад блогераў, якія гралі ролі захопленых неверагоднай экспазіцыяй гледачоў.
Бачыце, нейкую такую мы стварылі за шэсць гадоў прастору і нейкімі такімі сталі, што мова пратэсту стала мовай падтрымкі, дакладней, акт пратэсту цяпер упісваецца ў існую рэчаіснасць так, быццам і няма ніякага пратэсту.

У адказ на тое, што адна з яго карцін не трапіла на "Арт-Мінск", мастак Генадзь Дук зладзіў перформанс на адкрыцці фестывалю — прыйшоў, адзеты як клоўн. Фота з інстаграма мастака
Памятаеце яшчэ, у 2020-м міністр культуры Юрый Бондар, калі яго спыталі, а што гэта зараз вакол яго адбываецца, калі не пратэсты, адказаў: флэшмоб. Яшчэ ніколі нашыя бюракраты не былі настолькі прарокамі. Дастаткова, каб прайшло шэсць гадоў — і пратэст сапраўды задаволіўся формай флэшмоба, які і не пратэстуе супраць нічога.
Амаль адначасова з адкрыццём «Арт-Мінска» з’явілася навіна пра закрыццё Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.
Ці зняў хто з удзельнікаў «Арт-Мінска» свае працы з экспазіцыі ў знак пратэсту ці салідарнасці? Ці ўзнік хоць адзін мастацкі голас нязгоды? Вы жэ самі ўсё панімаеце (і ў вольнай эміграцыі таксама самі ўсё панімаюць — і гэта яшчэ больш дзіўна).
Я пра тое і кажу: мы добра і радасна жывем у прасторы, дзе настолькі не засталося месца для пратэсту, што ён магчымы толькі на мове саўдзелу. У гэтай прасторы можна толькі прысутнічаць і пагаджацца, бо мовы для адсутнасці і адмовы ў ёй больш няма.
Выглядае, пасярод татальнай мовы згоды, якой няма веры, але адмовіцца ад якой страшна, ці не за лепшае будзе сапраўды, як у часы «Майстроўні», трапіць у пастку традыцыі і загаварыць міма мовы: загерметызавацца ў архаічных і татальна сімвалічных формах і рытуалах, якія самі сабе генеруюць няўразлівы, бо быццам бы нязменны і трывалы сэнс — ва ўзорах няглюбскага ткацтва, традыцыйнай вышыўкі, саломапляцення, у гуканнях вясны і ваджэннях Стралы, у ляльках батлейкі, у скоках неўміручых полек і бясконцых спевах фолк-гуртоў.
Нашто пакутліва шукаць мову для невымоўнага, калі можна пачакаць, сплесці чарговага павука, і ён возьме на сябе цяжкую працу стварэння самому сабе сэнсу (калі вам падалося, што я пра біенале ў Венецыі, то вам не падалося).
Збягаючы ад небяспекі выказвання, мы раптам знайшлі сябе так глыбака пасярод каранёў, быццам самі сябе пахавалі.
Затое калі яшчэ пачакаць, то можна спадзявацца прарасці, то-бок разлічваць, што ў паступовай адмове ад выказвання стане дастаткова проста мовы матэрыялу: хоць бы і зноўку модных каласоў, у якіх Артур Клінаў калісьці ўбачыў Таемную вячэру, а цяпер даволі бачыць проста каласы (ды што ж я ўсё пра біенале). Каменне. Зямлю. Што там яшчэ наперадзе ў нашай мастацкай мове?

У беларускім павільёне Венецыянскай біенале. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Дарэчы, пра біенале. Апроч вельмі зручнай геаграфічнай раздзеленасці беларускага мастацтва на тое, якое «тут» і не пакідае прасторы для выказвання, і на тое, якое «там» і не пакідае прасторы для невыказвання, — апроч гэтага эстэтычненькага падзелу, цікава заўважаць анахранічны разрыў паміж жыццём «тут» і фантазіямі аб ім «там». Гэта надта падобна на тое, як «Арт-Мінск» прыкідваецца нейкім мінулым «Арт-Мінскам», а Мінск — Мінскам «да ўсяго», ці лепш сказаць «міма ўсяго». І калі добра пашукаць, то розніца паміж тутэйшым «Арт-Мінскам» і тамтэйшым біенале будзе не такая ўжо і вялікая.
Анахранічныя відэакамеры ў векавечнай форме ці то крыжа, ці то вышыванага крыжыка, бадай, гэтаксама гавораць пра сучасную Беларусеньку, дзе ад наведвання «забароненай» крамы хатнім «хімікам» да званка міліцыянта праходзіць добра калі паўгадзіны, і гэта не пакуты на крыжы, а новая норма (тлумачу: вы хутчэй за ўсё і не заўважыце той камеры, якая вас распазнае нават не ў твар, а з любога ракурсу і ў любой праекцыі галавы, перадасць дадзеныя ў міліцыю, і таварыш маёр, адклаўшы справы, пойдзе па вашую заблукалую душу), як гавораць пра жыццё ў варунках замоўчанага дзяржаўнага тэрору Выстава Дасягненняў Народнай Гаспадаркі «Арт-Мінск» ці архаічныя ўзоры неглюбскага ткацтва ў Мастацкім музеі.
Прыкладна так дакументальны фільм «Беларусь 23.34» выйшаў на экран, калі Беларусь даўно стала 342, і часам паказваецца і дагэтуль, пакуль Беларусь актыўна эвалюцыянуе ў 361 і ўжо кудысьці далей. І, выглядае, гэты важны разрыў пашыраецца.
Калі доўга не шукаць мову для новага, то можна абысціся старым, а яшчэ лепш — вечным. А што вас беспрычынна ванітуе ад такой звычайнай рэчаіснасці, у якой нічога не адбываецца, што набрыньваюць дзіўная стома і абыякавасць да жыцця — дык гэта вашыя асабістыя «ашчушчэнія». Бо калі для таго, што адбываецца, няма мовы, то нічога і не адбываецца. А калі доўга гаварыць мовай анахранічнага ці нават вечнага, то ёсць неблагі шанец запэўніць сябе, што ніколі і не здарыцца, і не можа быць такога, каб ад наведвання «забароненай» крамы хатнім «хімікам» да званка міліцыянта ў 2026-м праходзіла паўгадзіны. Ці не да гэтага мы імкнемся? Ці не ў гэтым нам шчыра дапамагае роднае беларускае мастацтва? А вашыя панічкі — гэта вашыя асабістыя «ашчушчэнія».
Карацей, «Арт-Мінск» — і не толькі ён — запэўнівае нас, што дарма мы пераймаліся наконт мовы для невымоўнага. Ужо і не трэба. Калі пачакаць яшчэ, саспеюць да рэнесансу савецкія мастакі. Ці то Волкаў, ці то Савіцкі, тут як пашанцуе. І заўсёды ж можна сплесці павука.
Яніна Гаспадыня, Budzma.org