У галерэі AORTA ў Пізе адкрылася выстава Уладзіміра Цэслера Sugar Free – аднаго з самых вядомых мастакоў постсавецкай прасторы, майстра візуальнай ідэі, удзельніка найбуйнейшых сусветных выстаў і Венецыянскай біенале.
Уладзімір Цэслер на выставе Sugar Free
На адкрыццё выставы госці прыехалі з розных краін і розных гарадоў Італіі. Прастора AORTA на адзін вечар ператварылася ў месца сустрэчы са светам Цэслера – светам, дзе іронія становіцца інструментам дакладнай дыягностыкі эпохі, а звыклыя вобразы ператвараюцца ў філасофскія выказванні.
Выстава Sugar Free
Выстава Sugar Free шматслойная, як і ўсе іншыя праекты AORTA. Гэта адразу некалькі выстаў у адной: фізічная экспазіцыя, віртуальны слой, дапоўненая рэальнасць і інтэрактыўная прастора ўзаемадзеяння з гледачом. У VR-прасторы наведвальнікі могуць убачыць дадатковыя, яшчэ больш правакацыйныя працы Уладзіміра Цэслера, схаваныя ад фізічнага погляду, але канцэптуальна звязаныя з экспазіцыяй. Адным з цэнтральных вобразаў віртуальнай часткі стала 5-метровая статуя Давіда як асобнае вымярэнне мастацкага свету Цэслера.
Пры гэтым, глядач становіцца не толькі назіральнікам, але і сааўтарам прасторы. Унутры віртуальнага свету можна ствараць уласную рэальнасць, дадаючы свае элементы, а ў фізічнай прасторы галерэі – пакідаць сляды на сценах AORTA. Усе надпісы і малюнкі, створаныя наведвальнікамі, захоўваюцца да канца выставы як частка слоя калектыўнага несвядомага.
«Іронія – гэта не ўпрыгожанне. Гэта спосаб казаць праўду так, каб яе немагчыма было «разбачыць»», – адзначыў Уладзімір Цэслер падчас адкрыцця выставы.
Уладзімір Цэслер на выставе Sugar Free
Куратар праекта і заснавальніца галерэі Надзея Наўроцкая падкрэсліла, што для AORTA было важна стварыць не проста выставу, а прастору пагружэння:
«Мы хацелі, каб глядач апынуўся ўнутры мыслення Цэслера, гэта значыць не толькі ўбачыў працы, але і ўвайшоў у свет яго сімвалаў, рэакцый і сэнсаў. Таму выстава існуе адразу ў некалькіх вымярэннях: фізічным, віртуальным і ўнутраным».
Уладзімір Цэслер – беларускі дызайнер, мастак і аўтар вобразаў, якія даўно сталі часткай культурнай памяці некалькіх пакаленняў. Яго працы знаходзяцца ў музейных і прыватных калекцыях розных краін. У 2026 годзе працы Цэслера таксама прадстаўлены на Венецыянскай біенале ў межах незалежнага беларускага павільёна Official. Unofficial. Belarus, створанага камандай Belarus Free Theatre.
Выстава Sugar Free Уладзіміра Цэслера адкрыта да 28 чэрвеня ў галерэі AORTA па адрасе Corso Italia 146, Піза, Італія.