«Я 8 гадоў не займаўся мастацтвам, вярнуўся да малявання толькі на сутках». Вялікая размова з мастаком Міхасём Мішуком

02.09.2025 Мастацтва
Мастакоўская майстэрня ў эміграцыі можа прымаць розныя формы. Не заўсёды гэта белыя сцены і прафесійны мальберт. Мастак Міхась Мішук часам называе сваёй майстэрняй сцены розных гарадоў, прынамсі менавіта на іх замацоўваюцца фірмовыя аўтарскія творы. Месца, дзе яны ўзнікаюць, — даволі мінімалістычнае. Майстэрня беларускага аўтара Міхася Мішука — частка здымнай варшаўскай кватэры.

Тут мастак малюе сваіх вадалазаў на крафтавай паперы, рэжа матрыцы для графічных прац і піша карціны алеем і акрылам. Настальгічна-іранічныя менскія краявіды, размешчаныя да сценах, фіксуюць знакавыя вобразы беларускай сталіцы. Аднак беларусам і варшавякам гэты аўтар вядомы найперш каляровымі вадалазамі. Гутарку ж мы пачалі з «майстэрні» турэмнай.

Michaś Mišuk
Міхась Мішук у сваёй майстэрні ў Варшаве. Фота аўтаркі

— У 2023 годзе ў Лодзі ў беларускай экспазіцыі міжнароднага фотафестывалю сярод аўтарскіх здымкаў з’явілася незвычайная серыя малюнкаў пад назвай «13 дзён, якія вярнулі мяне ў мінулае». Беларуская выстава, дарэчы, называлася «Паміжжа» і апісвала час, які застыў. І натуральна, што куратару спатрэбіліся выявы турмы. Таму на выставе з’явіліся малюнкі знутры камеры, якія вы рабілі ў 2020-м. Як гэта было? Па памяці ці непасрэдна ў камеры? Як іх вынеслі, як змаглі дастаць паперу?

Давайце сімвалічна адкрыем новую рубрыку апісаннем той турэмнай вашай майстэрні. То-бок мастаку для прафесійнага выжывання патрэбныя толькі папера і ручка? Здаецца, маляванне стала тады тэрапеўтычным заняткам? Ці нечым іншым?

Maliunak Michasia MišukaТурэмная серыя 2020 года Міхася Мішука. Фота Міхася Мішука

— Гэта сапраўды арыгінальныя турэмныя малюнкі з Жодзіна. Там я сядзеў напрыканцы кастрычніка — у пачатку лістапада 2020 года, у часы даволі вегетарыянскія, мы нават атрымлівалі перадачы. Так што ў мяне былі папера, ручкі і шмат часу.

У асноўным маляваў з натуры, але ёсць і сюжэтныя кампазіцыі, выдуманыя, нейкія сны ці нешта з памяці, напрыклад, аўтазак.

Maliunak Michasia MišukaТурэмная серыя 2020 года Міхася Мішука. Фота Міхася Мішука

Пасля я спакойна ўсё гэта склаў і вынес разам з асабістымі рэчамі. Не толькі вынес з турмы, але і вывез з Мінска ў 2022 годзе. Разам з самаробным сцягам, які мы знайшлі на адным з мітынгаў.

І так, можна сказаць, што творчасць з’явілася выратавальным колам, бо дастаткова цяжка было перажыць гэтыя 2020-я: спачатку пад’ём, пасля нявер’е і адчай. Творчасць, безумоўна, стала выратаваннем. З ёй у мяне адбылося як у камп’ютарнай гульні, якую захоўваеш і можаш вярнуцца да таго моманту, у якім ты яе захаваў. У цябе засталіся нейкія жыцці, і ты можаш ісці шлях наноў, але з набытымі ведамі і ўменнямі.

Я 8 гадоў не займаўся мастацтвам, вярнуўся да малявання толькі на сутках. Бо мне захацелася зафіксаваць усё, што адбывалася, я меў такі навык. Мне здавалася, што ніхто не ведае, што тут адбываецца. На той момант ужо з’явіліся першыя малюнкі з-за кратаў, але я пра іх не ведаў, і мне здавалася важным вынесці гэтую дакументацыю.

Maliunak Michasia MišukaТурэмная серыя 2020 года Міхася Мішука. Фота Міхася Мішука

Маляваў увесь час, пакуль не захварэў на ковід. Тады ўжо сіл не засталося.

Сюжэтных малюнкаў было найбольш. Напрыклад, я зафіксаваў, як хлопцы на алюмініевым посудзе прадрапвалі малюнкі — беларускія арнаменты, па трафарэтах, якія ад папярэдніх сядзельцаў засталіся.

Посуд жа агульны, і любы арыштант мог атрымаць кубак ці талерку з беларускім арнаментам, гэта, натуральна, цябе падтрымлівае. Хлопцы так і рабілі, пакуль іх не злавілі.

Ёсць малюнак, дзе размяркоўваюць на ўсіх перадачу.

Яшчэ я вельмі падрабязна фіксаваў куты камеры, бо хацеў і нават пачаў рабіць макет турэмнай камеры ў натуральную велічыню. У мяне тады была свая вытворчасць (я ствараў дэкарацыі для рэкламных ролікаў, музычных кліпаў, тэлеперадач), і я пачаў рабіць турэмныя шконкі, дзверы, вокны. Звонку гэта павінен быў быць проста паралелепіпед, а ўнутры дэталізаваная камера з туалетам, радыякропкай і нават з гукамі.

У нас была смешная гісторыя: калі па радыё пачыналі трансляваць прамовы Лукашэнкі, мы ўключалі кран над унітазам, каб гэтага не чуць. І я задумаў, каб у маёй камеры была і радыякропка, і пастаянна цякла з крана вада. Яшчэ я пачаў збіраць інфаграфіку за 28 гадоў кіравання Лукашэнкі: суды, колькасць пасадак, палітзняволеныя, людзі са штрафамі, суткі. І гэта аказалася самай цяжкай часткай працы.

— У выніку ўсё засталося ў Мінску?

— Так, самыя складаныя дэталі ўжо зроблены: уваходныя дзверы з рашоткамі, нары. Падобныя аб’екты, дарэчы, можна знайсці ў розных музеях акупацыі. Напрыклад, бачыў такі ў зале, прысвечаным савецкай акупацыі Грузіі...

— Адкуль у вашай творчасці з’явіўся гэты вобраз вадалаза? Чаму ён жыве не на карцінах, а на сценах гарадоў?

michas-miszuk-12.jpgМіхасm Мішук. Фота аўтаркі

— У 2013 годзе я вучыўся на апошнім курсе Акадэміі мастацтваў, і гэта быў няпросты для мяне час. Напэўна, многія перажываюць яго, калі заканчваць ВНУ і не разумеюць, куды сябе прымяніць. Тады я вельмі любіў блукаць па горадзе... 

У прынцыпе вадалаз — гэта і ёсць той я, такі чалавек у футляры, што плыве па горадзе ў ахоўным касцюме.

Ён усплываў тады ў розных месцах. Я проста хадзіў і клеіў яго, прыдумваў з ім гісторыі ў гарадской прасторы.

Цяпер, на адлегласці, я бачу, што гэта было выратавальнае кола творчасці.

— То-бок вы клеілі на сцены свой умоўны аўтапартрэт з думкай «я ёсць»?

— Магчыма. Мне здаецца, гэта нешта аўтыстычнае: ты ходзіш і паўтараеш нейкі рух, такім чынам прысвойваеш сабе прастору, у якой табе некамфортна. Гэта даказвае тое, што ты жывы. А прастора становіцца больш камфортнай, табе ўжо не так страшна. Пасля сустракаеш гэтых вадалазаў як сваіх людзей у чужым свеце.

— Я разумею, калі клеіць вадалазаў на аблупленых варшаўскіх сценах, а як гэта рабіць у стэрыльным Мінску?

Maliunak Michasia MišukaВадалаз на вуліцы ў Парыжы. Фота Міхася Мішука

— Гэта была правакацыя, нязгода. Мінск быў рафінаваным, дзіўная, некамфортная прастора, якую хацелася змяніць.

У прынцыпе стрыт-арт — гэта пра вандалізм, пра нязгоду, пра выказванне меркавання, пра тыканне носам улады.

У Мінску гэта было магчыма ў нейкі час. У гэтым горадзе дастаткова шмат закінутых месцаў, ніхто на цэнтральных вуліцах стрыт-артам не займаўся. Купіць фарбы на 200-300 даляраў — не кожны мог сабе дазволіць.

— У якіх месцах былі вашы самыя смелыя інтэрвенцыі?

— У Парку Горкага, на Карла Маркса, дзе была «Мануфактура» і знакамітая сцяна Шчоткінай, на якой пастаянна нешта адбывалася. Пасля жыццё наладзілася і вадалазы зніклі. Я заняўся іншым.

— А ў Варшаве вадалазы зноў з’явіліся. Праз столькі гадоў. Чаму?

— Жыццё ў эміграцыі падобнае на той час, калі я быў разгублены ў Мінску, тут ты таксама знаходзішся нібы ў вакууме, не ведаеш, дзе ўсплывеш, куды цябе вынесе. Таму гэты візуальны вобраз вярнуўся, і я стаў яго ўзнаўляць.

Аднак цяпер з’явіўся зусім іншы падтэкст. Цяпер такіх вадалазаў тут шмат, не я адзін.

Жыццё павыкідала беларусаў у розныя гарады, пасля пачатку 2022-га — і ўкраінцаў. Цяпер вадалаз — эмігранцкі сімвал, гэта кожны чалавек, які ўсплыў у нейкім месцы.

Я клею іх не толькі ў Варшаве, езджу па Еўропе ці перадаю малюнкі ў розныя краіны, у розныя гарады. Гэта не толькі ўвасабленне мяне — чалавека ў футляры, але і вялізнай колькасці людзей, выкінутых жыхароў іншага свету.

Maliunak Michasia MišukaВадалаз са сцягам. Фота Міхася Мішука

— У розных гарадах з’яўляюцца нейкія адметныя вадалазы? Як яны залежаць ад лакацыі?

— Я хаджу па горадзе, шукаю месцы і спрабую зрабіць нейкія інтэграцыі. У Варшаве часам раблю вадалаза з русалкай, але гэта толькі спроба быць зразумелым мясцовым гледачам. Для Капенгагена таксама зрабіў вадалаза з русалкай. Для Вільні — з жалезнай ваўчыхай, згодна з легендай пра Гедыміна. У Парыжы спрабаваў з ладдзёй — сімвалам горада, але ў мяне не надта атрымалася, таму зрабіў з Эйфелевай вежай.

Maliunak Michasia MišukaВадалаз з русалкай у Варшаве. Фота Міхася Мішука

Гэта кручок, на які можна злавіць мясцовага гледача.

Вадалаз — працяг мяне, з яго дапамогай я магу праявіць сваю пазіцыю. Адбываецца нейкая палітычная падзея, ты можаш выказаць сваё меркаванне праз персанажа.

Таму некаторыя мае вадалазы ўздымаюць сцягі.

Maliunak Michasia MišukaВадалаз, прыклеены ў Варшаве падчас пратэстаў у Грузіі. Фота Міхася Мішука

Аднойчы з дапамогай вадалазаў мы змагаліся супраць сабачых какашак. Мая дзяўчына Валерыя Баравец прыдумала 10 фраз з нагоды гаспадароў, якія не прыбіраюць за сваімі сабачкамі.

— А якая зваротная рэакцыя? Вы пастаянна камунікуеце са сваімі гледачамі праз сацсеткі?

— Так, камунікацыя адбываецца актыўная. Ёсць людзі, якім гэта падабаецца, некаторыя не прымаюць хуліганства і вандалізм, ёсць, якія абражаюць.

Больш-менш ва ўсіх краінах аднолькава. Цяпер прайшло тры гады, і вадалаз паступова становіцца часткай гарадской прасторы, часткай легенды, нейкай гісторыі. Дарэчы, у мяне палова падпісчыкаў палякі. Многія вадалазаў шукаюць...

— Адмыслова шукаюць?

— Ёсць квэст — фатаграфаваць вадалазаў, лічыць і публікаваць... 5-ты, 6-ты, 28-мы...

— А колькі прыкладна вадалазаў у Варшаве?

— Прыклеена было больш за 330. Натуральна, што ўсё знішчаецца — часам, нейкімі людзьмі, камунальнымі службамі, графіцістамі.

— А самы вялікі з іх яшчэ вісіць?

— Шасціметровы на Сілезска-Дамброўскім мосце знішчаны камунальшчыкамі — памылі апоры. Камунальныя службы актыўна ўзяліся за навядзенне парадку ў горадзе.

— Дык што: усе вадалазы будуць змытыя са сцен?

— Гэта непазбежна.

— У вашых сацсетках шмат відэа, дзе вы клеіце вадалазаў за рознымі рашоткамі. Гэта так ваш траўматычны досвед праяўляецца?

— Напэўна, так. Часта клею за рашоткамі ў закінутых дамах. Тады вадалаз становіцца персанажам у няісным свеце. Ён спрабуе знайсці сваё месца — і не атрымліваецца. Закінуты дом — незаўважны. І мы, эмігранты, стараемся таксама быць незаўважнымі.

Да таго ж, менш знішчаюць іх за рашоткамі. Часам вадалазаў спрабуюць аддзерці ад сцяны, і тады іх хутка змываюць. Я прыходжу і ствараю такіх франкенштэйнаў: прыклейваю ім рукі ці галовы ад іншых персанажаў. Цэлымі яны даўжэй павісяць.

Maliunak Michasia MišukaВадалаз у Варшаве. Фота Міхася Мішука

Чаму я люблю на чыстых сценах клеіць? Прыходзіш, клеіш на прыгожае месца, на помнік архітэктуры ў Старым горадзе. Дождж з часам змые наклейку без следу, помнік не пашкодзіцца. Але ні ў кога не ўзнікае сумнення, што яна тут прыклеена без дазволу. Бо гэта ўручную намаляваная, добрая, якасная выява. Вадалаз становіцца часткай прасторы. У камунальных службаў нават не ўзнікае падазрэння, што гэта хуліганства.

— Не страшна, што знойдуць вас гэтыя камунальныя службы?

— Усё магчыма. Гэта частка прафесіі, хутчэй за ўсё так і адбудзецца. Тады можна будзе зладзіць аўкцыён, прадаць творы.

— Дарэчы, вы неяк манетызуеце свой стрыт-арт?

— Я спрабую, і ў гэтым мая мэта, каб гэта дзейнасць сябе акупала. І гэта магчыма.

— Якім чынам?

— Праз продаж графікі. Вось у мяне ў майстэрні малюнкі вадалаза ўстаўлены ў рамку з паспарту, выявы вадалазаў на крафтавай паперы купляюць па ўсім свеце. У мяне ёсць адмысловыя тубусы, бяру малюнак, складаю яго і адпраўляю, пакупнікі ўстаўляюць яго ў рамку.

— Як вы іх ствараеце — з якой паперы, якімі фарбамі? Бачу, што яны захоўваюцца ў вас у куточку майстэрні ў такім складзеным стане — нібы нейкія газетныя аркушы.

Maliunak Michasia MišukaУ майстэрні мастака. Фота аўтаркі

— Малюю на крафтавай паперы з будаўнічай крамы, прызначанай для абароны падлогі падчас рамонту, каштуе сорак злотых за дваццаць метраў квадратных.

— Яна ж размакае на вуліцы?

— Не, вісіць. Я клею малюнак на вадастойкі клей ПВА, мастацкі акрыл таксама трымаецца. Зразумела, што з часам усё выгарае, але тэрмін жыцця, асабліва на варшаўскіх сценах з пясчаніку, звычайна тры гады, мне здаецца, што і сем гадоў спакойна павісяць. На кепскай паверхні — год. Людзі знішчаюць хутчэй, чым час.

— У вашай майстэрні вісяць жывапісныя палотны. Па стылі бачу, што вашыя...

— Гэтай вясной пачаў рабіць серыю мінскіх краявідаў. Па памяці, па фота. Серыя называецца «Горад, якога няма». У мяне заўсёды ўсё серыямі адбываецца. Акрамя таго, я пастаянна пішу невялікія гарадскія пейзажы, такі працяг вадалазаў, тут я таксама хаджу, вывучаю горад. Прысвойваю сабе гэтую навакольную прастору, раблю яе больш знаёмай і камфортнай. Зрабіў ужо сотні пражскіх краявідаў, бо ў гэтым варшаўскім раёне жыву на працягу трох гадоў і фіксую, дакументую, што з ім адбываецца.

Michaś Mišuk
Міхась Мішук у майстэрні. Фота аўтаркі

І ёсць серыя краявідаў «Публічнае выражэнне», якую пачаў яшчэ ў Беларусі. Хадзіў па горадзе пасля таго, як пратэсты былі разагнаныя і ў горадзе засталося шмат надпісаў, сімвалаў і іх слядоў. Знаходзіў месцы і пісаў краявіды, з пачаткам вайны фіксаваў супрацьваенныя надпісы. Вось, напрыклад, на Партызанскім праспекце нехта мелам напісаў 1939-2022. Зразумела, да чаго.

— А як вы дакументавалі? Фатаграфавалі?

— Ставіў эцюднік і пісаў краявід. Я шмат часу гэтаму прысвяціў — больш сарака краявідаў на гэту тэму. У эміграцыі таксама пісаў. Вось зафіксаваў сацыяльны дыялог у Вільні. Нехта напісаў «Завтра не будет». Іншы «война». А нехта закрэсліў «не». Зразумела, што ў Літве ці Польшчы гарадская камунікацыя прасцей адбываецца, ніхто не пакарае за вывешаны сцяг ці за надпіс Stop War на плоце. Важна, што такім чынам выказваецца просты звычайны грамадзянін. У Беларусі гэта ўжо небяспечна.

Мае вадалазы — гэта яшчэ спосаб знайсці свайго гледача, прыйсці да свайго гледача, ігнаруючы інстытуцыі, галерэі, дыскамунікацыю і моўныя бар’еры. Пакуль атрымліваецца...


Міхаліна Мехавіч, Budzma.org