Культурная пляцоўка “Арт-сядзіба” ізноў застаецца без памяшкання. Яны мусяць пакінуць будынак у завулку Інструментальным у Мінску. Вядома ж, не па сваёй волі.
Ідэя адкрытай культурнай пляцоўкі, дзе сваю творчасць маглі б прадставіць музыкі, паэты, мастакі, знайшла надзвычайны водгук. Практычна ўсе імпрэзы, што ладзяцца ў “Арт-сядзібе”, праходзяць з аншлагам – ці то лекцыя Міхала Анемпадыстава, ці то прагляд галівудскага фільма з беларускамоўным перакладам. Праўда, ініцыятыва ў сучаснай Беларусі не вітаецца. На першым месцы, у будынку завода “Гарызонт”, “Арт-сядзіба” не пратрымалася і года. Занадта ініцыятыўных маладых людзей змусілі пакінуць памяшканне. Падобная гісторыя паўтаралася яшчэ неаднойчы прыблізна па адной і той жа схеме: “арт-сядзібаўцы” знаходзяць памяшканне, робяць там рамонт, адкрываюцца, і неўзабаве з імі не працягваюць дамовы на арэнду. Было такое, што зрывалася і само адкрыццё. Як у верасні 2012, калі дзверы новага памяшкання “Арт-сядзібы” былі апячатаныя за суткі да афіцыйнага адкрыцця. Сапраўды надзвычайная сітуацыя: непадкантрольная ідэолагам культурніцкая ініцыятыва паўстае ў цэнтры сталіцы.
Апошнія паўгода “Арт-сядзіба” месціцца ў невялікім офісным будынку ў завулку Інструментальным, гэта непадалёк ад метро “Парк Чалюскінцаў”. Практычна кожны вечар тут нешта адбываецца – тут прайшла гістарычная першая ў Мінску гульня ў “Мафію” па-беларуску, Вайцюшкевіч прадставіў “Варанок”, адбыўся семінар “Ад ідэі да падзеі” для маладых арт-менеджараў, адкрылася выстава Саюза беларускіх пісьменнікаў “Першапачатак” ды безліч усяго іншага. На чарговым канцэрце Вайцюшкевіча, прымеркаваным да дня закаханых, у памяшканне не ўціснуцца. Выканаўца грае тут штомесяц. Уваход – традыцыйна бясплатны. Мэта – “каб не забыліся на артыста, якому не дазваляюць выступаць у канцэртных залах”, як тлумачыць сам Зміцер. Ён ведае, што ў гэтым месцы выступае апошні раз.
Пра тое, што трэба пакінуць памяшканне, кіраўніцтва “Арт-сядзібы” дазналася ў пачатку лютага, але вырашыла не абвяшчаць пра гэта адразу, а падрыхтавацца як след. Кіраўнік пляцоўкі Павел Белавус шчыра прызнаецца, што надакучыла ўжо валацужнічаць. Цяпер рыхтуецца маштабная кампанія ў падтрымку “Арт-сядзібы”: “Нам надакучыла шукаць памяшканне, мы хочам прапанаваць усім неабыякавым спрычыніцца да пабудовы свайго дома. Таму задумалі цікавую інтэрактыўную кампанію. На адмыслова створаным сайце будзем збіраць сродкі для набыцця ўласнага грамадскага памяшкання. Мы прааналізавалі ўсё і прыйшлі да таго, што гэта адзіны выхад на сёння. Калі ўсім народам сабралі на Нацыянальную бібліятэку, чаму ж не збяром на “Народную Арт-сядзібу”.
Апошняя запланаваная імпрэза ў цяперашняй “Арт-сядзібе” пройдзе 19 лютага. Гэтым вечарам будуць гучаць вершы, музыка, пазітыў ад Mate Lakiato, Алеся Снега, гуртоў «Бачу ўпершыню» і Znarock.
Сяргей Будкін