АРТагляд. 19—25 верасня

19.09.2011 Мастацтва

Усе віды мастацтваў – выяўленчае, архітэктурнае, мультымедыйнае, выканаўчае і тэатральнае – чакаюць нас амаль на кожнай імпрэзе гэтага тыдня. Адкрыццё праектe “Уваход праз дызайн” адбудзецца ў суправаджэнні электроннай музыкі і розыгрышу “вандалістычных” прызоў. Арганізатары заяўляюць, што яны могуць дазволіць сабе жыць і ствараць як заманецца. Перш чым вы пачняце зайздросціць такім людзям, прапаную схадзіць на гэтую і іншыя імпрэзы, натхніцца ідэямі, і нарэшце самім зажыць радасна і ненапружана. Прэзентацыя выставы дызайн-студыі “Адліга” пачнецца а 19-й гадзіне, 23 верасня, уваход вольны. На выставе будзе прадстаўленая рэтраспектыва плакатаў, дызайн-аб’екты, рэпрадукцыі на тэму “Патрыятычны вандалізм” і поўная версія праекту, прысвечанага найлепшым дызайнерам калгасу.

25 верасня адбудзецца адкрыццё 8 Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» (а 14-й гадзіне ва ўнутраным двары БДУ, вул. Бабруйская, 5А). Гэтым разам будзе прадстаўлены праект польскага мастака Роберта Кусміроўскага. Гледачоў запрашаюць стаць сведкамі і ўдзельнікамі некалькіх арт-дзеяў, а менавіта сучаснага данс-спектакля ад салістаў Люблінскага тэатра танца, гендэрнага буто-спектакля з мультымедыйнымі дэкарацыямі ад тэатра «Maat», урбан-перформанса ад Дамініка Златкоўскага, аўдыёвізуальнага паказу гурта «kilku.com». Уваход вольны ў межах адкрыцця фестывалю.

“Праездам” у Мінску выстава Валянціна Губарава “Транзіт”. Мастак прафесійнага наіву з гумарам і самаіроніяй ілюструе часы савецкага мінулага. Яго героі – нашыя суайчыннікі, выхадцы з правінцыйных гарадкоў, штораз трапляюць у анекдатычныя сітуацыі з павучальным падтэкстам. Выстава адкрылася ў мастацкай галерэі «ЛаСандр-арт», уваход вольны. А ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва на гэтым тыдні адкрываецца выстава жывапісу “Вада і скала” французскай актрысы і выкладчыцы ёгі Франсуазы Лімузі.

Канцэрт сакральнай джазавай і харавой музыкі адбудзецца 20 верасня ў Архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў рамках культурнай праграмы старшынявання Польшчы ў Радзе ЕС. У праграме фартэпіянныя імправізацыі Влодэка Паўліка – аднаго з найвыдатнейшых польскіх джазавых піяністаў. Яго аўтарскі праект “Містэрыі” – гэта “музычнае спатканне дзвюх вялікіх музычных традыцый – старадаўняй заходнехрысціянскай традыцыі богаслужбовых спеваў і сучаснай інтэрпрэтацыі еўрапейскага джаза”. Таксама ў канцэрце бяруць удзел хор Падляшскай філармонii i оперы (Беласток), Вiялета Бялецка (дырыжор), Мацей Багумiл Нэркоўскi (кантар). Пачатак у 19.30, уваход вольны.