АРТагляд 5—11 верасня

05.09.2011 Мастацтва

Фестываль польскага тэатра лялек і анімацыйнага кіно для дарослых “Лялька — таксама чалавек” распачаў сваю працу ў Мінску, а працягне ў Гродна, Брэсце, Магілёве. 5 і 6 верасня на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек пройдуць спектаклі акцёрскай асацыяцыі “Унія “Немагчымы тэатр”. 8 верасня адбудзецца паказ анімацыі графічнай студыі “Серафіньскі”, якая працуе ў 2D- і 3D-тэхналогіях. Польская студыя кароткаметражных фільмаў “Се-ма-фор” праводзіць паказ сваіх твораў да 7 верасня.
8-9 верасня ў Мінску пройдзе паэтычны фестываль “Вялікае княства паэзіі”. Гэтым разам ён прысвечаны 100-годдзю слыннага польскага паэта Чэслава Мілаша. Падчас фестывалю паэты і перакладчыкі з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Францыі, Расіі, і акцёры Купалаўскага тэатра будуць чытаць творы Мілаша на сваіх мовах. “Гваздзём” праграмы павінна стаць прэзентацыя аўдыёкнігі Чэслава Мілаша “Чалавек шматпавярховы”, у стварэнні якой бралі ўдзел паэт Андрэй Хадановіч і гурт “Рацыянальная дыета”. 8 верасня фестываль будзе працаваць на базе Акадэміі музыкі, 9-га – ў Палацы культуры ветэранаў. Пачатак а 18.30.

Літаратурных імпрэз на гэтым тыдні асабліва багата. У кнігарні ”ЛогвінаЎ’‘ на гэтым тыдні адбудзецца 2 паэтычныя вечарыны: творчы вечар Алеся Разанава 5 верасня і прэзентацыя кнігі беластоцкага аўтара Яна Максімюка “Словы ў голым полі” з удзелам беларускіх літаратараў 6 верасня а 19-й гадзіне.

Што тычыцца непасрэдна мастацкіх праектаў, то ў пятніцу 9-га а 17-й у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адразу дзьве імпрэзы: адкрыццё плэнернай выставы плакатаў і выстава графічных знакаў – лагатыпаў. А ў Нацыянальнай школе прыгажосці ў гэты ж вечар а 19-й гадзіне адчыніцца інтэрактыўная інсталяцыя Паўла Яніцкага. Асноўным элементам інсталяцыі будзе праекцыя, адлюстраваная на падлозе. Гледачы будуць рухацца па своеасаблівым экране, змяняючы размяшчэнне графічных элементаў праекцыі. Візуальныя акцыі будуць суправаджацца гукавымі эфектамі. Усе названыя імпрэзы пройдуць у межах фестывалю графічнага дызайну “Дызайн Дыялог”.

Міжнародны праект “3 > 1. Частка II”, а менавіта выстаўкі трох фатографаў – Сяргея Ждановіча (Мінск), Людмілы Войды (Гродна) і Эдварда Гжегожа Функе (Кашалін. Польшча) можна ўбачыць у Мастацкай галерэе “Універсітэт культуры”.