
Хэндмэйдэры і іншыя крэатыўшчыкі запрашаюцца да ўдзелу ў праекце “I, Culture puzzle!” Цягам трох дзён пад кіраўніцтвам дызайнера з Польшчы Монікі Якубяк пройдзе майстэрня, дзякуючы якой удзельнікі змогуць далучыцца да супольнага стварэння культуры, паглыбіцца на некалькі дзён у рамяство і знайсці ў ручной працы адлюстраванне сваіх эмоцый і думак, а таксама падыскутаваць на тэму “Што такое сучаснае рамяство і якое яго значэнне”. Арганізатарам праекту выступае галерэя сучаснага мастацтва “Ў” і запрашае зацікаўленых да сябе з 15 па 17 верасня. Фінальнай часткай праекту стане прэзентацыя палатна памерам 20х20 метраў, якое ўдзельнікі напоўняць сваімі аўтарскімі вырабамі 18 верасня ў Палацы мастацтваў.
Выстава Руслана Вашкевіча “Музей” адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. У аснову праекту пакладзеная ідэя пераўтварэння застылай, закансерваванай музейнай прасторы ў адкрытую, напоўненую гучаннем і рухам пляцоўку, якая паспрыяе пераасэнсаванню гледачамі класічных і сучасных твораў мастацтва і з дапамогай творцы наладзіць дыялог паміж мінулым і цяперашнім, паміж мастацтвам і немастацтвам.
На гэтым тыдні вы таксама зможаце паглядзець выставу Сяргея Рымашэўскага «Параллельный мир», прысвечаную тэме дзіцячага светабачання. Яна адкрылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і падсумоўвае творчыя пошукі мастака за апошнія 10 гадоў.
15 верасня а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрываецца персанальная выстава маладога мастака Аляксандра Даманава “Глаза в глаза”.
Апошнія дні працуе выстава “Лялькі-2”, падрыхтаваная супрацоўнікамі гасцёўні Уладзіслава Галубка сумесна з Беларускай акадэміяй мастацтваў. Выстаўленыя творы, а менавіта лялькі, ствараліся з паўсядзённых рэчаў і штотыдзень абнаўляліся і дапаўняліся падчас працы экспазіцыі.
Тым жа, хто не жадае забываць савецкую даўніну і дагэтуль мроіць пра чырвоны гальштук, накрухмалены фартушок або пасведчанне пра ўступленне ў камсамол, варта завітаць на выставу “Вялікі перапынак” якая працуе ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.