Лета, спёка, смага — усё гэта схіляе нашую ўвагу ў бок open-фарматаў, якія дазваляюць і падпашкі праветрыць, і патанчыць не шкадуючы кедаў. Таму ўсім, хто не вымушаны гэтымі днямі націраць пятую кропку, зубарачы экзаменацыйныя білеты, прапаную падацца на адкрытае паветра.
25 чэрвеня — Цукеркавы фэст у Івянцы, радзімы айчынных карамелек і “Каровак”. Кампанія “ІВКОН” падрыхтавала даволі разнастайную культурную праграму. Калі ад наведвання Частавальнай гасцёўні і дэгустацыі цукерак у вас нідзе не зліпнецца, то вы зможаце наведаць выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кірмаш рамёстваў і майстар-класы ў разнастайных умельствах, касцюміраванае шэсце і этнадыскатэку ў канцы фэсту.
Оpen-air беларускай оперы і балета адбудзецца ў рэстаўраванай загараднай рэзідэнцыі княскага роду Радзівілаў у Нясвіжы. Некалі гэты горад быў найбуйнейшым культурным цэнтрам тагачаснай Еўропы, а замак і касцёл, якія захаваліся дасёння, з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі культуры барока. Фестываль ”Вечарыны Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” пройдзе з 24 па 26 чэрвеня.
І гэта далёка не ўся музычная праграма на тыдзень. Гародня таксама чакае вас з 24 па 25 чэрвеня на V Міжнародны фестываль джазу ”Grodno Jazz — 2011”. Вы зможаце ўбачыць выступы Tanin Jazz (Мінск), Jazzpospolita (Варшава, Польшча), Big Band Д. Тихона (Ліда), Stop Time (Гародня) і інш. гуртоў. Таксама ў праграме запланаваны бодзі-арт і майстар-класы па танцах свінг, хастл і сальса.
Тым, хто мусіць застацца ў горадзе, прапаную выхады на кароткія дыстанцыі — да галерэі сучаснага мастацтва “Ў” і да Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Упершыню ў Мінску — рэтраспектыва работ street-art–мастака Андрэя Бусла ў «класічнай» галерэйнай прасторы “Ў”. Праект “Aeternus et momentum” — гэта магчымасць убачыць Мінск такім, якім яго яшчэ не бачылі, гэта сутыкненне вобразаў вечных твораў у недаўгавечнай тэхніцы street-art і занядбаных прастораў горада”, — паведамляюць арганізатары выставы. Праект складаецца з мастацкай выставы Андрэя Бусла, круглага стала з удзелам аўтара праекту і групы ўрбаністаў на тэму street-art і двух музычных канцэртаў. Уваход на выставу ад 24 чэрвеня вольны.
З 18 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыццё культурна-адукацыйнага праекту “Каляровая гісторыя”. Залы музея ператворацца ў лабараторыю па даследаванні колеру ў гісторыі і мастацтве. А на выходных у дворыку музея будзе працаваць кірмаш-продаж вырабаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вы зможаце паглядзець і набыць арыгінальныя аўтарскія работы, выкананыя ў тэхніцы вышыўкі, лепкі, пляцення, бісерапляцення, шыцця, вязання, саломапляцення. Падчас кірмашу-продажу пройдуць майстар-класы па саломапляценні, выцінанцы, ткацтве.
Алеся Раманюк