Арцём Шрайбман: "Як мы з Расіяй зліемся ў канфедэрацыю"

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман ва ўласным тэлеграм-канале Shraibman адгукнуўся на нашумелы артыкул расійскай газеты "Коммерсант", прысвечаны інтэграцыі Беларусі і Расіі.

"Нашумелы артыкул "Коммерсанта" пра тое, як мы з Расіяй вось-вось зліемся ў канфедэрацыю, — найлепшы прыклад, чаму трэба ва ўсіх школах вывучаць Медыяпісьменнасць.

Image result for арцём шрайбман

Першае правіла - падзяляць ацэнкі аўтара і фактуру ў тэксце. Аўтар спачатку піша пра радыкальны дакумент, інтэграцыю больш цесную, чым у ЕС, а потым сам жа прызнаецца ў размытасці большасці фармулёвак ў дакуменце.

На секунду ўявім, што ўсе факты з тэксту - праўда, а не ўкід, каб пазлаваць Мінск. Нават у гэтым выпадку зліў не дадае практычна нічога новага да таго, што мы ведалі раней.

Па парадку. Адмена роўмінгу з 1 чэрвеня 2020 года. Гэты дэдлайн пераносіцца ўжо раз трэці. Перамовы ідуць больш за два гады. Веру, што атрымаецца да канца трэцяга года іх завяршыць. Без іроніі, гэта дробязная задача, дзіўна, што яна столькі заняла.

Нібыта ёсць дамоўленасць аб адзіным падатковым кодэксе да 2021 года. Пры гэтым кожная краіна захоўвае свой бюджэт і свае падатковыя службы. Гэта значыць, гаворка проста пра перапісванне нацыянальных законаў пад адну мадэль.

Я вельмі сумняваюся і ў гэтым. Шмат пра гэта пісаў - перакапаць такія велізарныя дакументы ў такія тэрміны немагчыма. Хутчэй за ўсё, справа зноў скончыцца адзінымі падыходамі да падаткаабкладання або нейкай такой абстракцыяй.

Далей, "Коммерсант" піша пра адзіную мытную палітыку. Але няясна, чым яна будзе адрознівацца ад таго, што ёсць сёння ў Мытным саюзе.

Незразумела і хто будзе кіраваць адзіным рэгулятарам газу, нафты, нафтапрадуктаў і электраэнергіі. Калі Беларусь і Расея на роўных, гэта не прыме Масква. Калі прапарцыйна вазе краін, гэтага не прыме Мінск. Усё астатняе - гэта простыя перамовы сталіц, гэта значыць тое ж самае, што ёсць і сёння.

Калі верыць "Коммерсанту", то ў астатніх сферах - макраэканамічнай палітыцы, банкаўскім наглядзе, валютным кантролі, гаспадарчым заканадаўстве, прамысловай палітыцы, эканамічных санкцыях супраць трэціх краін — бакі толькі дамовіліся пра адзіныя прынцыпы працы. Гэта не аб'яднанне, не інтэграцыя, а простае бла-бла, якім яны займаюцца ўжо 20 гадоў.

А роўмінг хай ужо адменяць нарэшце-такі. Справа добрая. А то вымушаны пісаць гэты тэкст на перасадцы ў Шарамецьева не з нармальнага мабільнага інтэрнэту, а з кепскага вайфая ў аэрапорце.

P.S. А яшчэ гэта гісторыя пра правалу щ інфармацыйнай палітыцы. Беларусы самі абяцалі апублікаваць праграму. Зацягнулі. Атрымайце нацягванне савы на глобус і раздзіманне сланоў з Масквы і паніку ў інфапрасторы. Напэўна, трэба прыняць яшчэ пяць канцэпцый інфабяспекі. Тады зажывём".

Тэлеграм-канал Shraibman