Арына Лісецкая: “Чым больш я гляджу на сваю рускую сястру, тым больш усведамляю, што я беларуска”

lisieckajafota

— Мы з сястрой нарадзіліся ад адных бацькі і маці, хадзілі ў адзін і той жа дзіцячы садок, навучаліся ў адным ліцэі і нават гралі абедзве на скрыпцы, у адной настаўніцы па спецыяльнасці. Але калі прыйшоў час выбіраць нацыянальнасць, у пашпарце яна напісала “руская”, я напісала “беларуска”. Мне пашэнціла, яна старэйшая за мяне на 12 гадоў, і лёс даў мне магчымасць не рабіць яе памылак.

Памылак у маёй сястры толькі дзве: яна дрэнна вучыла гісторыю ў дзяцінстве і не хоча, баіцца быць сабой. Яна жыве па прынцыпе шматлікіх бедных людзей: “я той, дзе мяне кормяць”. Яна з’ехала жыць у Піцер, я засталася ў Мінску. Яна лічыць, што беларуская мова – “прыдуманая мова для маленькай зямлі”, я лічу, што мая родная мова – элітная мова найлепшай краіны на Зямлі.

Я – беларуска ад нараджэння, мая бабуля размаўляла на беларускай мове. Усвядоміць беларускасць мне дапамаглі сябры і творчасць. Пішу свае песні я таксама на беларускай мове. На жаль, я позна “знайшла сябе” і бытавой рускай мовай часта карыстаюся. І толькі дзякуючы людзям, якія размаўляюць на беларускай мове, я разумею, што “страх быць самой сабой”, які панаваў над маёй сям’ёю апошнія пакаленні, можа нарэшце адпусціць нас. І гэта прынцыпова важна.

Быць беларусам – быць бясстрашным, упэўненым у сабе чалавекам. Быць беларусам – гэта лавіць кайф ад свайго індывідуальнага паходжання, адчуваць сябе камфортна там, дзе ты ёсць. Я ўпэўнены ў сабе чалавек, які не баіцца вырашаць праблемы, што перыядычна становяцца на маім шляху. Я – беларуска! Спадзяюся, гэтым выбарам я ўрэшце пазбаўлю сваю сям’ю тых комплексаў, якія панавалі стагоддзі, і з гэтага пачнецца зусім іншая гісторыя. Гісторыя шчаслівых, разумных і бясстрашных.

Арына Лісецкая, спявачка.

Аб праекце “Як я стаў беларусам”