11 чэрвеня 2026 года ў Кракаве афіцыйна зарэгістраваная Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў — першая прафесійная арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларускіх выдаўцоў. Створаная сілай абставін за межамі Беларусі, яна закладае падмурак прафесійнага саюзу без падзелу на «тут» і «там».
Рашэнне аб яе стварэнні было прынята 23 лістапада 2025 года ў Варшаве, у час фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Тады пад пачатковай дэкларацыяй аб супрацы свае подпісы паставілі 11 прафесіяналаў выдавецкай сферы.
Фота асадкі, якой падпісвалі Статут, з подпісам: «Асадка з партрэтам Кастуся Каліноўскага і надпісам «Люблю Беларусь» – першая і адзіная пакуль маёмасць Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў, належала Раману Цымбераву: ёй заснавальнікі запісваліся ў Асацыяцыю»
Асацыяцыя ўзнікла як форма самаарганізацыі выдаўцоў, якія апынуліся ва ўмовах прымусовай эміграцыі. У Беларусі беларускаарыентаваная выдавецкая дзейнасць фактычна пастаўленая па-за законам: большасць незалежных выдавецтваў ліквідаваныя або паралізаваныя, прававая прастора для НДА знішчаная. Між тым беларуская кніга не спынілася — яна перамясцілася. Сёння болей за 20 беларускіх выдавецтваў працуюць за мяжой, найбольш з іх базуецца ў Польшчы.
Асацыяцыя паўстала, каб гэтыя выдавецтвы маглі дзейнічаць не паасобку, а разам — каардынаваць намаганні, адстойваць прафесійныя і прававыя інтарэсы, будаваць партнёрствы і гаварыць з міжнародным кніжным рынкам адным голасам.
Старшынёй Асацыяцыі выбраная Валянціна Барбара Андрэева, віцэ-старшынёй — Ілля Андрэеў.
Ужо ў сакавіку 2026 года Асацыяцыя пры падтрымцы партнёраў арганізавала ўдзел беларускіх выдаўцоў у Познаньскім кніжным кірмашы. Дзевяць незалежных выдавецтваў прадставілі больш за 100 тытулаў беларускіх кніг. У рамках праграмы прайшло 9 літаратурных мерапрыемстваў з удзелам 6 беларускіх і 1 польскага аўтара. Стэнд наведалі некалькі сотняў беларусаў.
У бліжэйшы час Асацыяцыя правядзе сход, на якім вызначыць працэдуру прыняцця новых сяброў. Сярод першачарговых задач — распрацоўка этычнага кодэкса беларускага выдаўца і арганізацыя прысутнасці беларускай кнігі на культурных мерапрыемствах дыяспары.
Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў аб’ядноўвае прафесіяналаў, для якіх кніга — не проста прадукт, але інструмент развіцця культуры, бяспечная прастора для свабоды самавыяўлення і фактар устойлівасці супольнасці. Асацыяцыя імкнецца прадстаўляць беларускае кнігавыданне на міжнароднай арэне, развіваць прафесійныя стандарты і будаваць сеткі супрацоўніцтва паміж выдаўцамі, аўтарамі, перакладчыкамі, мастакамі і ўсімі, хто стварае кнігу.
«За кожным беларускім кніжным выдаўцом стаіць не хобі, але прафесійны калектыў, высокаарганізаваная каманда, задачай якой ёсць дапамагаць беларускай думцы — навуковай, мастацкай, глыбока асабістай або грамадзянскай — даходзіць да чытача ў найбольш яснай і адпаведнай форме. Наш унікальны гуманітарны досвед мае быць часткай сусветнай рэфлексіі і мець голас у складанай справе барацьбы за прыгажосць і гармонію гэтага свету. І таму мы мусім зразумець, як працаваць найбольш эфектыўна, як знаходзіць партнёраў, якія падзяляюць нашы каштоўнасці, і як гаварыць з людзьмі, каб быць пачутымі», — Валянціна Барбара Андрэева, старшыня Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў.
Асацыяцыя адкрытая да партнёрства з выдавецкімі арганізацыямі, культурнымі інстытуцыямі, кніжнымі кірмашамі і ўсімі, хто падзяляе каштоўнасці свабоднага слова і незалежнай культуры.
Кантакт: belarusianpublishers@proton.me