Асочнік. Прафесія, якой больш няма

Пра вартаўнікоў пушчаў і незаменных удзельнікаў каралеўскага палявання піша доктар гісторыі Алесь Белы ў «Нашай Ніве».


Karcina Julijana Falata «Aščepniki»
Карціна Юліяна Фалата «Ашчэпнікі» (1890) была напісаная на матэрыяле нясвіжскіх паляванняў Радзівілаў канца 1880-х, яшчэ бачныя апошнія акорды даўніх традыцый.


10 лютага 1940-га НКВД правёў імклівую аперацыю па высяленні з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны некалькіх дзясяткаў тысяч асаднікаў і служачых былой дзяржаўнай і прыватнай лясных вартаў разам з іх сем’ямі.

Адных толькі службоўцаў лясной варты з Беларусі было вывезена 17 561 чалавек. Большасць з вартаўнікоў былі спадчыннымі ляснымі службоўцамі, якія неслі сваю нялёгкую службу ад дзядоў-прадзедаў.

Праз лютыя маразы і нечалавечыя ўмовы перавозкі многія з дэпартаваных не даехалі да месцаў высылкі. Шмат хто з іх памёр у Сібіры, Казахстане, на Далёкім Усходзе ў наступныя гады, а большасць з тых, хто выжыў, праз армію Андэрса і іншымі шляхамі па вайне апынуліся не ў Беларусі. Перастала існаваць цэлая сацыяльная група са сваім укладам жыцця, светапоглядам, доўгай і годнай гісторыяй.

Разам з імі знікла традыцыйная шляхецкая культура палявання, захавальнікамі якой яны, не ўсведамляючы гэтага, былі.

Даўняя паляўнічая гаспадарка адыгрывала велізарную ролю ў жыцці грамадства ў цэлым, працуючы не толькі на арыстакратычныя забавы, але і з’яўляючыся першай арганізаванай формай аховы прыроды, а таксама самабытнай формай захавання гістарычнай памяці.

Вось памяці колішніх лясных вартаўнікоў і хочацца прысвяціць невялічкую дылогію. Першы артыкул — пра асочнікаў, самую старажытную катэгорыю лясной варты.

Ходзіць асочнік па асоцы

Назва гэтай прафесіі паходзіць ад дзеяслова «сачыць» — назіраць. А першыя звесткі пра асочнікаў у Вялікім Княстве Літоўскім адносяцца да XIV стагоддзя.

Іх абавязкам была ахова пушчаў вялікага князя (пазней караля) або магнатаў ад браканьераў, а таксама нагляд за звярынымі пераходамі і логавішчамі, прыкладны ўлік колькасці звяроў і птушак, падрыхтоўка паляванняў і дапаможны ўдзел у іх, нарыхтоўка дзічыны і адлоў звяроў для звярынцаў. Таксама асочнікі рыхтавалі паляўнічыя засідкі, рабілі загонныя агароджы і памосты.

Bielaviežski asočnik z aščepam
Белавежскі асочнік з ашчэпам


За кожным асочнікам або іх групай (напрыклад, у Аўгустоўскай пушчы за чацвёркай) замацоўвалася асока — тэрыторыя адказнасці, за парадкам на якой яны мусілі сачыць. Абходы чацвёркі асочнікаў па асоцы ў XIV–XV стагоддзях, калі пушчы былі зусім мала заселеныя і бездарожныя, маглі цягнуцца некалькі тыдняў.

Сацыяльнае становішча

Асочнікі звычайна жылі ў асобных вёсках па перыметры пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, часам удзельнічалі ў ваенных паходах.

Сляды гэтага асадніцтва засталіся ў нашай тапаніміцы. Напрыклад, каля Сапоцкіна дагэтуль ёсць вёска Асочнікі, вядомая з 1554 года як пасяленне асочнікаў тагачаснай Перстунскай пушчы. А ў Свіслацкім раёне, на тэрыторыі Белавежскай пушчы, ёсць хутар Ашчэп, назва якога, магчыма, паходзіць ад тыповай зброі асочнікаў.

Найбольш падрабязныя весткі пра асочнікаў паходзяць з пушчаў уздоўж сучаснай беларуска-польскай мяжы: Белавежскай, Аўгустоўскай, Кнышынскай. Менавіта тут часцей за ўсё і палявалі каралі — яны ж вялікія князі літоўскія, — таму патрэба ў асочніках была найбольшая. Хоць арганізацыя службы ў буйных прыватных уладаннях, напрыклад у радзівілаўскіх, была досыць падобнай да дзяржаўнай.

Паводле «Уставы на валокі» (1557) асочнікі за службу атрымлівалі дзве валокі зямлі, вольныя ад падаткаў. Служба гэтая часта была дэ-факта спадчыннай, і з пункту гледжання большасці сялянства — зайздроснай, хоць і небяспечнай.

Але адносіны з наваколлем, у прыватнасці са шляхтай, у асочнікаў маглі складвацца няпростыя. «Хутчэй можна верыць расцуглянаму каню, чым пустому слову асочніка» — чытаем у першым слоўніку польскай мовы Самуэля Багуміла Ліндэ. Або яшчэ: «Хто шкодзіць добраму імені іншага, заслугоўвае, каб яго звалі асочнікам».

З паступовым заняпадам палявання, масавым высяканнем лесу, развіццём лясных промыслаў і фальваркавай гаспадаркі становішча асочнікаў пагаршалася. Ільготныя зямельныя надзелы зменшыліся спачатку да адной, а потым і да паловы валокі.

Час супраць асочнікаў

З XVII стагоддзя асочнікаў паступова пачынае выцясняць новая катэгорыя службоўцаў — стральцы, а ад пачатку XVIII-га — яшчэ і стражнікі.

Працэс гэты быў вельмі марудны. Яшчэ ў 1764 годзе ў Белавежскай пушчы было 213 асочнікаў, расселеных па 16 вёсках, але неўзабаве рэформа Антонія Тызенгаўза радыкальна скараціла іх колькасць. У 1795 годзе, на момант апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, пушчу сцераглі 102 стральцы і ўсяго 16 асочнікаў (а таксама 13 стражнікаў, 2 старшыя стражнікі і ляснічы).

Poĺski karoĺ Jahajla
Польскі кароль Ягайла лічыў паляванне адпачынкам і магчымасцю развеяцца пасля дзяржаўных спраў. Найчасцей паляваў з нешматлікімі даверанымі прыдворнымі, узброенымі толькі сякерамі і ашчэпамі. Малюнак з кнігі Г. Карцава «Белавежская пушча», С.-Пецярбург, 1903.

Відавочна, што для рэгулярнага вартавання трэба было ўжо мець агнястрэльную зброю, а не толькі старамодны ашчэп. Стральцы ж і высочвалі звера, і на паляванні выконвалі ўсе іншыя дапаможныя функцыі, так што патрэба ў асобнай катэгорыі асочнікаў няўхільна змяншалася. Трымаліся яны болей па традыцыі, і прытым на іх часта ўскладалі абавязкі буднікаў (вырабляць драўняны вугаль, дзёгаць, паташ) ды бортнікаў (збіраць мёд), а таксама іншыя, мала ўжо звязаныя ўласна з паляваннем. Магчыма, такое сумяшчэнне нават было і ўласнай ініцыятывай лясных вартаўнікоў: чыста асочніцкая служба ўжо не магла забяспечыць ім дастатковага ўзроўню жыцця.

Кап’ё на мядзведзя

Калі асочнікі толькі з’явіліся, асабістай агнястрэльнай зброі яшчэ не было. А потым доўгі час яна заставалася дастаткова дарагой. Таму іх галоўнай зброяй быў ашчэп. Ён быў падобны на тое, што мы цяпер завём дзідай ці кап’ём, бо ашчэпам не толькі калолі — яго можна было яшчэ і трапна кідаць.

Блізкай па выглядзе і выкарыстанні да ашчэпа была рагаціна, хіба што толькі рагаціны звычайна былі даўжэйшыя і цяжэйшыя. Хоць нярэдка пад гэтымі двума словамі мелі на ўвазе адно і тое ж. Розніца больш у тым, што рагаціна — слова з агульнарускага культурнага поля (распаўсюджанае на ўсёй Русі), а ашчэп — польска-літоўскае, больш характэрнае для Польшчы і гістарычнай Літвы.

Наканечнікі, або гроты, ашчэпаў і рагацін рабіліся двусечнымі: імі можна было не толькі калоць, але і сячы. Гэта рабіла ашчэп даволі грознай зброяй, прычым у абароне ад буйнога дзікага звера больш зручнай за цяжкі меч. Часцей за ўсё за лязом ашчэпа рабілі папярэчную перакладзіну, каб зброя не захрасала занадта глыбока ў целе звера і яе можна было хутка выцягнуць у мэтах бяспекі.

Nakaniečniki aščepaŭ
Наканечнікі ашчэпаў. Pl.Wikisourse.org


І на звера, і на чалавека

Доўгі час, прыкладна да канца XVI стагоддзя, ашчэп быў у роўнай ступені баявой і паляўнічай зброяй. Ён — фірмовая зброя Збышка з Багданца, галоўнага героя рамана Генрыка Сянкевіча «Крыжакі». У кнізе ёсць некалькі эпізодаў, у якіх Збышка спрытна арудуе ашчэпам. У адным з іх, ратуючы каханую Данусю і мазавецкую князёўну Ганну Дануту Кейстутаўну ад раптоўнага нападу тура, ён з такой моцай уганяе ашчэп туру пад лапаткі, што тронак зброі ламаецца і герой падае тварам у снег проста перад параненым зверам. І толькі спрыт чэха Главы ратуе Збышку жыццё — той дабівае тура моцным ударам сякеры па карку.

Хроніка Літоўская і Жамойцкая паведамляе, што вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена ў Грунвальдскай бітве 1410 года быццам бы «просты драб [пехацінец] ашчэпам прабіў».

Ашчэп спачатку быў тыповай зброяй і пешых, і конных ваяроў, але пазней хутчэй пяхоты. Асабліва часта ён сустракаецца ў попісах войска ВКЛ XVI стагоддзя. Па меры змяншэння баявога значэння халоднай зброі ашчэпы зрабіліся зброяй выключна паляўнічай, у пэўным сэнсе — спартыўнай. Паляванне з ашчэпамі было данінай даўняй традыцыі, а таксама пацвярджэннем спрыту, мужнасці і вытрымкі паляўнічага. Спосабам праверыць самога сябе і атрымаць, як кажуць сёння, ладную порцыю адрэналіну.

Таму небяспечнае паляванне на дзікоў і мядзведзяў (як некалі і на тураў) без агнястрэльнай зброі захоўвалася аж да самага канца XIX стагоддзя. Прычым паляванне на старых дасведчаных дзікоў-адзінцоў лічылася нашмат болей небяспечным, чым нават на мядзведзяў. «Калі ідзеш на мядзведзя, рыхтуй ложак, калі на дзіка — насілкі» — раіла паляўнічая прымаўка. Нездарма ж у многіх народаў ёсць легенды пра непераможных дзікіх вепрукоў, якія наводзілі жах на цэлыя акругі і забіць якіх удавалася толькі міфалагічнаму герою.

Стратэгія палявання заключалася ў тым, каб сабакі, акружыўшы дзіка, схапілі яго за вушы і шыю і ўтрымлівалі як мага шчыльней, а паляўнічы забіў яго трапным ударам ашчэпа ў сэрца. Аднак перш чым атрымаць гэты смяротны ўдар, дзік звычайна паспяваў забіць некалькіх сабак, разрываючы ім жываты ікламі. Такая ж небяспека пагражала і паляўнічаму, калі б яму здрадзілі рука або вытрымка.

Часам паляўнічы меў пры сабе і стрэльбу, і ашчэп. Стрэліць можна было з больш бяспечнай адлегласці, але калі стрэл аказваўся няўдалым, асцярожны альбо менш адважны паляўнічы спрабаваў уратавацца, напрыклад, на дрэве. Адважны ж мусіў шчыльна ўзяць у рукі ашчэп, укленчыць на адно калена і з прыўзнятым лязом чакаць атакі дзіка, у якой шанцы бакоў былі амаль роўнымі. Не адзін паляўнічы зрабіўся ахвярай вострых іклаў на такіх паляваннях.

Dramatyčny momant paemy Adama Mickieviča «Pan Tadevuš»
Драматычны момант паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Пры паляванні на мядзведзя ў Тадэвуша з графам застаецца адзін ашчэп на дваіх. Міжваенная паштоўка


З цягам часу ашчэпы (і рагаціны) ужываліся ў паляваннях усё радзей, хутчэй для нагонкі звера, чым уласна як зброя апошняга ўдару. Але на даволі вядомай карціне Юліяна Фалата «Ашчэпнікі» (1890), створанай на матэрыяле нясвіжскіх паляванняў Радзівілаў канца 1880-х, мы яшчэ бачым апошнія акорды даўняй традыцыі.

У самым канцы стагоддзя складальнік «Старапольскай энцыклапедыі» Зыгмунт Глогер набыў у старога былога асочніка з Белавежскай пушчы для свайго прыватнага збору ў Ежаве на Падляшшы грот ад ашчэпа, якім той, як пахваляўся, забіў некалькі дзясяткаў дзікоў. Але відавочна, што ў гэты час такая зброя ўжо ўспрымалася як чыста музейная экзотыка.