«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Астафія Валовіча.
Астафій Валовіч (каля 1520 г. — 1587 г.)
Астафій Валовіч — дзяржаўна-палітычны і культурны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, гуманіст, мецэнат-асветнік. Заняў выключнае месца ў дзяржаўна-палітычнай і культурнай гісторыі княства XVI стагоддзя.
А.Валовіч нарадзіўся на Гродзеншчыне. Паходзіць з праваслаўнага шляхецкага роду Валовічаў, вядомага з першай паловы XV стагоддзя. Бацька — Багдан Грынькавіч — канюшы ВКЛ. Астафій атрымаў добрую хатнюю адукацыю і, як мяркуюць, скончыў адзін з пратэстанцкіх універсітэтаў Германіі або Падуанскі ўніверсітэт. Меў выдатныя літаратурныя, гістарычныя, прававыя веды, бліскуча валодаў велікакняжацкім справаводствам. Быў жанаты на Феадоры Паўлаўне Сапяжанцы.
Вылучаўся адміністрацыйным і гаспадарчым талентам, высока ацэнены сучаснікамі, здзіўляў чужаземцаў сваім прыродным розумам. Незвычайныя здольнасці і працалюбства разам з блізкасцю да караля і разгалінаванымі кантактамі з членамі Рады ВКЛ садзейнічалі службоваму прасоўванню А.Валовіча да самых высокіх пасад. З 1546 года ён працаваў пісарам Віленскага ваяводства, у 1552–1566 гадах — пісарам Вялікага Княства Літоўскага, з 1552-га ён маршалак дворны, у 1561–1566-м — падскарбі земскі літоўскі, у 1566–1579-м — падканцлер, з кастрычніка 1579 года — канцлер, з 1569-га — кашталян трокскі, з 1579-га — віленскі. Актыўна займаўся дзяржаўна-палітычнай, дыпламатычнай, адміністрацыйнай, заканадаўчай, духоўна-культурнай дзейнасцю.
Браў актыўны ўдзел у рэформах 50–60-х гадоў XVI стагоддзя — аграрнай, судова-адміністрацыйнай, ваеннай. Удзельнічаў у напісанні праекта аграрнай рэформы «Устава на валокі» 1557 года і яго рэалізацыі. Адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года. Па яго прапанове ў тэкст Статута быў уключаны артыкул аб забароне чужаземцам набываць землі і пасады ў княстве.
Некалькі разоў ездзіў паслом у Маскву. У 1553 годзе дэлегацыя ВКЛ выступіла супраць прэтэнзій Івана IV называцца «царом усяе Русі» — гэты тытул умацоўваў міжнародныя пазіцыі рускага манарха і яго прэтэнзіі на ўсходнеславянскія землі Вялікага Княства Літоўскага. Напярэдадні Лівонскай вайны А.Валовіч пераконваў маскоўскага пасла Алферава ў неабходнасці падтрымання міру паміж іх дзяржавамі. У 1550–1560-я гады А.Валовіч лічыўся адным з найбольш уплывовых дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага ў перамовах з Іванам IV. Пад яго кіраўніцтвам вялікакняжацкая канцылярыя стала важным цэнтрам унутранай і міжнароднай палітыкі.
Адзін з лідараў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569 года на Люблінскім сойме выступаў супраць кароннага плана уніі. Прапанаваная А.Валовічам праграма уніі пры некаторым умацаванні ваенна-палітычных і дзяржаўных сувязяў гарантавала рэальную дзяржаўнаправавую самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Пасля заключэння уніі прыкладаў вялікія намаганні па ўмацаванні дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага Княства Літоўскага ў межах новаўтворанай федэрацыі — Рэчы Паспалітай, па змене ўмоў Люблінскай уніі.
Разам з вышэйшымі саноўнікамі княства А.Валовіч абдумваў праблемы дынастычнага характару, ускладненыя хваробай караля Жыгімонта Аўгуста, са смерцю якога ў 1572 годзе скончылася 200-гадовае праўленне дынастыі Ягелонаў у Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. У час першага і другога бескаралеўя (1572–1573, 1574–1576) удзельнічаў у тайных дыпламатычных перамовах на прадмет абрання на трон манарха, прымальнага для Вялікага Княства Літоўскага.
А.Валовіч браў удзел у Лівонскай вайне: у вызваленні Полацка (1579), узяцці Вялікіх Лук (1580), паходзе на Пскоў (1581).
На мяжы 1570–1580-х гадоў далучыў да дзяржаўных спраў Льва Сапегу, што мела вялікае значэнне для далейшага лёсу Беларусі. У 1581 годзе разам з ім стварыў вышэйшы суд дзяржавы — Галоўны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага. А.Валовічу належыць асноўная арганізатарская і рэдактарская роля ў падрыхтоўцы Статута Вялікага Княства Літоўскга 1588 года.
Прыхільнік верацярпімасці. Падпісаў акт знакамітай Варшаўскай канфедэрацыі 1573 года — першы ў Еўропе публічна-прававы акт, які дэклараваў прынцыпы талерантнасці паміж людзьмі рознай веры. Выхадзец з праваслаўнага роду, А.Валовіч да сярэдзіны 1550-х гадоў прытрымліваўся сямейных канфесійных традыцый. У тайнай перапісцы з дзякам маскоўскага Пасольскага прыказу І.Віскаватым у 1558 годзе ён дыпламатычна скардзіўся на «зладейскае лютэранства» ў Вялікім Княстве Літоўскім, але ў той час ужо выразна схіляўся да кальвінізму. Разам з Мікалаем Радзівілам Чорным, яго братам Мікалаем Радзівілам Рыжым, Янам Кішкам з’яўляўся апекуном беларуска-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі ў 1559 годзе быў зроблены пераклад твора швейцарскага тэолага-кальвініста Генрыха Булінгера. Заснаваў кальвінісцкія зборы (малітоўныя дамы) у сваіх маёнтках Сідра і Упіта. Цікавіўся складанымі тэалагічнымі пытаннямі, перапісваўся і сустракаўся з Сымонам Будным, старцам Арцеміем і іншымі культурнымі дзеячамі рознай царкоўна-рэлігійнай і грамадскай арыентацыі. Па-сяброўску ставіўся да рускага эмігранта праваслаўнага князя Міхаіла Курбскага. Некаторы час у яго маёнтку Сідры выконваў пастырскія абавязкі прадстаўнік радыкальнага антытрынітарызму Якуб з Калінаўкі.
А.Валовіч шмат зрабіў для развіцця адукацыі, кнігадрукарства. Цікавіўся старажытнай і новай славянскай і еўрапейскай літаратурай, філасофіяй. Меў багатую ўласную бібліятэку. Валодаў беларускай і шмат якімі замежнымі мовамі. Як мецэнат шчыра падтрымліваў гуманістаў — пісьменнікаў, духоўных асоб, перакладчыкаў, кнігавыдаўцоў, у тым ліку Васіля Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі, Сымона Буднага. Даў грошы на заснаванне першай на тэрыторыі Беларусі кірылічнай друкарні ў Нясвіжы. Фінансаваў выданне ў ёй першых кніг на беларускай мове: «Катэхізіса» і «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад богам» С.Буднага (Нясвіж, 1562), які прысвяціў другую кнігу А.Валовічу. Быў адным з ініцыятараў выдання ў Вялікім Княстве Літоўскім Свяшчэннага Пісання.
А.Валовічу прысвячалі свае творы праваслаўныя, каталіцкія і рэфармацыйныя аўтары, у тым ліку Сымон Будны, Генрых Булінгер, медык Войцех Очка, Марцін Чаховіц, ксёндз Павел Гілаўскі і іншыя. Асобны раздзел у Хроніцы 1584 года прысвяціў А.Валовічу польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі, а паэт-гуманіст, еўрапейскі культурны дзеяч Ян Мыліус — паэтычны «вянок» («Poemata», 1568).
А.Валовіч падтрымліваў ідэю стварэння першай вышэйшай навучальнай установы ў Вялікім Княстве Літоўскім — рэфармацыйнай акадэміі — і па рэлігійна-палітычных матывах доўга адмаўляўся зацвердзіць каралеўскі прывілей 1579 года на заснаванне Віленскага езуіцкага ўніверсітэта, у сувязі з чым уступіў у зацяжны канфлікт са Стэфанам Баторыем. Заснаваў і фінансаваў школы і шпіталі пры Віленскім і іншых рэфармацыйных зборах, запрашаў прапаведнікаў, бакалаўраў.
Пахаваны ў склепе пад рэфармацыйным зборам у Сідры.