У Беларусі прынялі чарговы вар’яцкі закон аб забароне прапаганды ЛГБТ і бяздзетнасці. З гэтай нагоды Ганна Златкоўская разважае пра тое, што гэта азначае на практыцы і чаму датычыць практычна кожнага жыхара Беларусі.
Ганна Златкоўская. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Зноў уладзе трэба кантраляваць і абмяжоўваць свой народ.
Ну нельга быць геем, нельга не жадаць мець дзяцей, нельга ў прынцыпе адрознівацца ад іншых людзей. І гэта галоўны мэсэдж. Бо рознасць — яна ж заўсёды пра свабоду. Пра жаданні і намаганні, пра непадпарадкаванне, пра свой асабісты шлях у жыцці.
Такія грамадзяне не будуць паслухмянымі салдатамі, якія без рэфлексіі выконваюць любы загад галоўнакамандуючага. Яны не пагаджаюцца з усім, што ім гавораць, маюць сваё меркаванне і здольныя яго не толькі агучваць, але і аргументаваць.
Страшна рэжыму мець побач такіх людзей. Прасцей ісці шляхам сярэднявечча і спальваць нязгодных на вогнішчы, чым дазволіць быць кожнаму чалавеку сабой.
Дзіўна назіраць, з якім напорам рэжым намагаецца задавіць кожнага, хто не маршыруе з ім нага ў нагу. На вуліцы XXI стагоддзе. Свет ведае імёны такіх знакамітых і таленавітых людзей, як: Элтан Джон, Фрэдзі Меркуры, Іў Сен-Ларан, Эндзі Ўорхал і шмат, шмат іншых персон, пра якіх ведае кожны адукаваны чалавек.
Калі б яны жылі ў сучаснай Беларусі, то страшна ўявіць, ці змаглі б падарыць свету свой талент і столькі прыгожага. Мяркую, не. Бо спачатку ім прыйшлося б хаваць сваю натуру, прыстасоўваючыся да знешніх абставін, а потым неяк выжываць. Творчасць ды веліч не ў пашане ў краіне дыктату, толькі пакланенне аднаму сталаму чалавеку з вусамі.
У мяне ёсць сябры-геі. Гэта не толькі вельмі разумныя людзі, але і вельмі шчырыя ды глыбокія натуры. З імі заўсёды ёсць пра што пагаварыць: палітыка, кнігі, кінастужкі, адносіны, надвор’е ці падарожжы.
Мне ўсё роўна, з кім яны спяць, куды цікавей, наколькі яны шчаслівыя ці не. І калі я, ці мой муж, ці мае сябры-натуралы камунікуюць з імі, гэта аніякім чынам не змяняе наш асабісты свет. Сэксуальныя адносіны не перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, немагчыма нашкодзіць сабе толькі таму, што ты даведаўся пра тое, што жанчыны могуць любіць жанчын, а мужчыны — мужчын. Але «краіна для жыцця» думае інакш, на жаль.
Шкада, што сёння гэтым людзям нельга быць сабой. Дазволена толькі выконваць намінальную функцыю — плаціць падаткі, аплачваць камунальныя паслугі, чытаць толькі дазволеныя кнігі ды сродкі масавай інфармацыі. Усё.
Пра волю ды іншыя пажаданні трэба забыць. Любыя адносіны цяпер вымушаны хавацца, сёння ты адзін з мноства атамаў шэрай масы, якая жыве па правілах рэжыму: хто не з намі, той супраць нас. Хто адрозніваецца, той вораг.
Тое самае тычыцца і жанчын, якія не хочуць мець дзяцей. Чайлдфры — гэта ўсё заходнія забабоны, дзе, вядома, няма ні толькі грэчкі ў крамах, але і маральных асноў. Ну як гэта — жыць без дзяцей? А чым тады жанчына будзе займацца?
У беларускай парадыгме ўсё чоценька: жанчына — гэта хатняя гаспадыня, якая нараджае, клапоціцца і ўпрыгожвае свайго мужыка. Мужыка-натурала, вядома. Калі паралельна яна яшчэ і робіць нейкую там кар’еру, ну ўвогуле малайчынка! Але калі толькі кар’ера ды іншыя асабістыя інтарэсы — гэта ўжо нагода задумацца, ці правільна ты жывеш сваё жыццё. Калі яшчэ і транслюеш, што табе норм без дзяцей і мужыка на канапе — выбачай. Такая жанчына дзяржаве не патрэбна. Яна памылка ў сістэме, дзе кожная асоба павінна быць на сваім месцы — аднолькавым, як квадраты на шахматнай дошцы.

Сацыяльныя білборды на вуліцах Мінска. Фота: Салідарнасць
У гэтай сітуацыі вельмі шкада беларусаў і беларусак, якія вымушаны жыць у краіне, якая патрабуе ад іх безумоўнага падпарадкавання. Шкада, што гамафобія — норма для многіх людзей. Шкада, што мала хто насамрэч разумее, што такое свабода і як крута ёю жыць. Калі бачыш вакол сябе такіх розных людзей, дзе кожны з іх — асобны сусвет, які так цікава пазнаваць.
У дзяцінстве мы часта малявалі ў альбомах-размалёўках, з задавальненнем падбіраючы колеры для запаўнення імі розных форм і малюнкаў. Файна было назіраць, як чорна-белыя прабелы запаўняліся ружовым ці чырвоным.
Сённяшняя Беларусь — гэта размалёўка наадварот: кожны колер старанна знішчаецца, каб у выніку пакінуць пасля сябе чорна-белыя контуры на карце непражытага жыцця.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
________________________________________________________________________
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.