Вандруем разам з «Будзьма!» па Астравецкім раёне. Частка чацвёртая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам працягваем вандроўку па Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае шмат цікавых прыродных і архітэктурных помнікаў, важных для гісторыі нашага краю імёнаў, месцаў памяці. Сёння наведаем вельмі прыгожы драўляныя касцёл у вёсцы Кемелішкі і вёску Жукойні-Жалядскія таксама з адметным касцёлам, спадчынай каталіцкага ордэна кармелітаў, пачатку ХХ стагоддзя пабудовы, пераробленага з праваслаўнай царквы на касцёл, а не наадварот, што з’яўляецца дастаткова ўнікальным прэцэдэнтам на нашай зямлі.


1.jpg
Фота: planetabelarus. by Кемелішкі

Найперш сёння завітаем у вёску Кемелішкі на рацэ Кямеліна, дзе варта звярнуць увагу на касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, першапачаткова ўзведзены ў 1781 годзе на месцы больш старажытнага храма. Вядома, што касцёл быў істотна перабудаваны ў 1900 годзе, праз тое спалучае ў сабе адначасова рысы розных архітэктурных стыляў.

2.jpg
Фота: planetabelarus. by 

2-1.jpg
 Фота: fotobel. by 

Храм быў збудаваны па фундацыі Станіслава Прушынскага. Вядома, што ў 1866−1869 гадах тут служыў пробашчам вядомы рэлігійны дзеяч, гісторык рыма-каталіцкай царквы Ян Курчэўскі. У 1931 годзе пры касцёле існаваў кляштар місіянерак.

3.jpg
Кемелішкі, 1900

Сённяшні храм — помнік архітэктуры барока, які пасля згаданай перабудовы набыў рысы, уласцівыя мадэрну і неакласіцызму. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, будынак варта аднесці да панёманскага тыпу драўлянага сакральна-манументальнага дойлідства, прадстаўнікамі якога таксама з’яўляюцца касцёлы ў Дудах Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, Хоўхлаве Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Да 2017 года існаваў касцёл святога Яўхіма ў Клюшчанах, узведзены ў 1726 годзе, у якім служыў Казімір Сваяк. Але, на жаль, з-за няспраўнасці электраправодкі будынак згарэў ушчэнт.

Чытайце яшчэ: Што паглядзець на Астравеччыне. Частка трэцяя

4.jpg
 Фота: vedaj. by 

5.jpg
Фота: planetabelarus. by 

Унутры касцёла ў Кемелішках варта звярнуць увагу на шэраг захаваных па сённяшні дзень з XVIII стагоддзя палотнаў: «Арханёл Міхаіл», «Уручэнне ружанца Святому Дамініку», партрэты фундатараў касцёла і іншыя. Сёння касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

6.jpg
Фота: fotobel. by 

6-1.jpg

6-2.jpg

Жукойні-Жалядскія

Далей рушым у вёску Жукойні-Жалядскія, што сёння знаходзіцца ў памежнай зоне з Літвой. Упершыню яна ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у XV стагоддзі як маёнтак пад назвай Заляддзе, ці інакш Заляды. Вядома, што маёнтак Заляддзе тады належаў нашаму шляхецкаму роду Свірскіх герба «Ліс», дакладней, Пятру Свірскаму і ягонай жонцы Алене Даўгірдаўне. Пазней маёнтак некалькі разоў перапрадаваўся, пакуль ў XVI стагоддзі не перайшоў да сакратара караля Жыгімонта Вазы Войцеха Хлюдзінскага. З гэтага часу і пачалася гісторыя ордэна кармелітаў на мясцовых землях.

7.jpg
Жукойні-Жалядскія, 1916

У 1621 годзе Войцех Хлюдзінскі запрасіў у Жаляддзе, так тады называўся мясцовы маёнтак, ордэн кармелітаў і праз год фундаваў узвядзенне тут першага кармеліцкага касцёла. Згодна з паданнем, Маці Божая ў далёкім мінулым з’явілася манахам у Палестыне на гары Кармель. З таго часу манаскі ордэн кармелітаў у яе гонар будуе касцёлы выключна на ўзвышшах. Колішняе Жаляддзе, сённяшнія Жукойні-Жалядскія не сталі выключэннем.

8.jpg
Жукойні-Жалядскія, 1916

Прывілеем ад 1624 года Хлюдзінскі цалкам перадаў Жаляддзе і некалькі навакольных маёнткаў на апекаванне ордэну кармелітаў. Памёр Войцех Хлюдзінскі ў 1628 годзе і быў пахаваны ў фундаваным ім касцёле. З часам манахі ўзвялі ў Жаляддзі цэлы комплекс будынкаў: плябань з вялікім склепам з бутавага каменю, гаспадарчыя пабудовы, сажалку для развядзення рыбы, добраўпарадкавалі прыродную крыніцу, што б’е з-пад узгорка, на якім знаходзіцца касцёл і сёння, заклалі парк, адкрылі школу, шпіталь, інтэрнат для апекавання нямоглымі і старымі.

9.jpg
 Жукойні-Жалядскія, 1916

З часам парафія павялічвалася, і ўжо ў ХІХ стагоддзі кармеліты пабудавалі новы, па памерах значна большы драўляны касцёл, каб змясціць усіх вернікаў. Асвяцілі касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Войцеха ды мучанікаў. З часам кармеліты распрацавалі праект мураванага касцёла ў гонар Маці Божай Шкаплернай, але калі беларускія землі патрапілі пад уладу Расійскай імперыі, ордэн кармелітаў быў скасаваны. Падставай было паўстанне 1830−1831 гадоў, пасля паразы якога кармелітаў абвінавацілі ў падтрымцы інсургентаў ды ў 1842 годзе ліквідавалі, а ўсю маёмасць забралі ў дзяржаўную ўласнасць. Вядома, што апошнім святаром Жалядскага касцёла быў кармеліт Клеманс Мюлер.

Чытайце яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець на Браслаўшчыне? Частка 8

10.jpg
Фота: vedaj. by 

Пасля Студзеньскага паўстання касцёл быў перароблены пад царкву. Мясцовых вернікаў спрабавалі пераманіць у праваслаўную веру, але шырокай падтрымкі гэты працэс у месцічаў не атрымаў. Праваслаўныя святары адчувалі варожае стаўленне наваколля і спрабавалі сяліцца падалей, напрыклад, у Засвіры, а службы спраўлялі наездамі. Як прыклад засталося сведчанне, што ў 1883 годзе адбыўся напад на расійскага святара, якога моцна збілі і абрабавалі мясцовыя жыхары. Пасля гэтага праваслаўныя святары адмаўляліся прымаць прыход у Жаляддзі. А ў 1908 годзе па нядбайнасці святара колішні касцёл згарэў.

11.jpg
Жукойні-Жалядскія, 1916. Фота: e-bay.de

На месцы згарэлага будынка ў 1912 годзе быў узведзены новы, а праз два гады мясцовыя ўлады дазволілі каталікам аднавіць парафію і перарабіць будынак царквы пад касцёл, да 1928 года рэканструкцыя храма была скончана. Касцёл быў асвечаны ў гонар Маці Божай Шкаплернай, як планавалі на стагоддзе раней кармеліты.

12.jpg
 Жукойні-Жалядскія, 1916. Фота: e-bay.de

12-1.jpg

Калі напачатку Другой сусветнай вайны Жукойні-Жалядскія занялі бальшавікі, мясцовага ксяндза саслалі ў Сібір. З 1948 годзе храм быў зачынены. Але ж мясцовыя вернікі і без ксяндза самастойна спраўлялі імшы, на вялікія святы адчынялі касцёл ды прыходзілі маліцца. У 1989 годзе намаганнямі мясцовых парафіянаў будынак быў вернуты вернікам.

13.jpg
Жукойні-Жалядскія, 1970-я

Сённяшні касцёл Маці Божай Шкаплернай — помнік архітэктуры гістарызму. Унутры варта звярнуць увагу на тры алтары, галоўны драўляны і два бакавыя, выкананыя ў стылі неабарока. У адным з іх месціцца абраз Св. Юзафа рукі Люцыі Белянкавічовай, напісаны ажно ў 1720 годзе.

14.jpg
Фота: radzima.org

Касцёл, як і першы кармеліцкі, сёння месціцца на высокім узгорку, пасярод могілак. Існуе паданне, што ён быў збудаваны на месцы старога язычніцкага капішча. Так яно ці не, дакладна невядома, але як і сотні год таму, з-пад пагорка б’е крыніца з гаючай вадой, якой можна пакаштаваць і сёння.

15.jpg
Фота: @tomkad

Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ