Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам рушым у вандроўку па Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае шмат цікавых прыродных і архітэктурных помнікаў, важных для гісторыі нашага краю імёнаў, месцаў памяці. Сёння наведаем вёску Варона з таямнічым познебарочным храмам Святога Юрыя, верагодна, XVIІ стагоддзя пабудовы, колішнім кальвінскім зборам, вёску Трокенікі, дзе часткова захаваўся сядзібна-паркавы комплекс роду Шышкаў, і вёску Быстрыца з прыгожым касцёлам, які захаваўся тут з 1760-х гадоў.
Фота: planetabelarus.by
Варона
Спярша прапануем рушыць у вёску Варона, вядомую ў пісьмовых крыніцах ад пачатку XVII стагоддзя, калі Жыгімонт Стары падараваў навакольныя землі Войцеху Чыжу і ягонай жонцы Марылі. Далей Варона перайшла да іх сына Станіслава Чыжа.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Сёння асноўнай славутасцю Вароны з’яўляецца касцёл Святога Юрыя, які хавае ў сабе шмат таямніцаў. Даследчыкі па сёння спрачаюцца, калі і кім ён быў збудаваны. Справа ў тым, што да сярэдзіны XVII стагоддзя вёска мела назву Варняны, як і яшчэ дзве суседнія вёскі, таму вакол таго, што ў сённяшняй Вароне сапраўды адбывалася, да гэтага часу існуе шмат блытаных звестак, адпаведна, і гісторыя касцёла мае шмат супярэчнасцей.
Паводле адной з версіяў, узводзіўся гэты храм першапачаткова ў ХVI–XVII ст. як кальвінскі збор, і толькі ў 1680-х гадах быў пераасвечаны ў каталіцкі. Меркавана, тады вонкавы выгляд будынка таксама быў зменены ў стылі позняга барока, але і сёння ў ім можна заўважыць сціплыя рысы пратэстанцкіх храмаў. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў, ад яго засталіся толькі сцены. Дзякуючы мясцовым парафіянам і ксяндзу Здзіславу Пікулю сёння касцёл Святога Юрыя адрэстаўраваны і адчынены для вернікаў ды ўсіх цікаўных.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
Трокенікі
Далей прапануем рушыць у вёску Трокенікі, дзе нас цікавіць сядзібна-паркавы комплекс роду Шышкаў, які захаваўся ў дастаткова добрым стане да нашых дзён. Архітэктурна-паркавы ансамбль, створаны ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, уяўляў з сябе непасрэдна сядзібны дом, службовы флігель, стайні і невялікі парк.
Фота: planetabelarus.by
Пасля 1939 года, калі Трокенікі захапілі бальшавікі, сядзіба была нацыяналізаваная. Цікавы факт, што менавіта ў гэтым будынку ў 1901 годзе ў мясцовай шляхецкай сям’і Антона Богуша-Шышкі і Станіславы з Козел-Паклеўскіх нарадзіўся сусветна вядомы мастак Мар’ян Богуш-Шышка. Паcля Першай сусветнай вайны ён быў вымушаны пакінуць навакольныя маёнткі, пераехаць у Вільню, дзе мастак вучыўся ў Віленскім універсітэце, у тым ліку і ў Фердынанда Рушчыца. З 1923 па 1927 гады Богуш-Шышка вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, дзе атрымаў высокую ўзнагароду за сваю дыпломную працу «Укрыжаванне».
Мастак, народжаны на сённяшняй Астравеччыне, колішняй Віленшчыне, быў шчырым каталіком: хрысціянскай тэматыкай прасякнута вялікая частка ягонай творчасці. Падчас Другой сусветнай вайны Мар’ян быў мабілізаваны, патрапіў у палон, прайшоў праз канцэнтрацыйныя лагеры, але дзякуючы свайму таленту і каласальным ведам меў доступ да патрэбнай літаратуры, каб працягваць навуковую работу і маляваць. Ён наладзіў дзейнасць матэматычнага гуртка для палонных, праводзіў лекцыі для нявольнікаў па мастацтвазнаўстве, намаляваў каля чатырохсот партрэтаў вязняў, побытавыя эпізоды з лагернага жыцця. Пра гэтага выбітнага чалавека можна распавядаць бясконца, але вернемся да яго родавай сядзібы.
Сёння ў Трокеніках захаваўся ў добрым стане сам сядзібны дом з элементамі барока, таксама флігель, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы і камення, узведзены ў 1879 годзе будынак стайні. Вакол сядзібы можна пабачыць рэшткі колішняга пейзажнага парку. Зараз у будынку колішняй сядзібы месцяцца бібліятэка і клуб.
Фота: vedaj.by
На прысядзібнай тэрыторыі варта звярнуць увагу на яшчэ адзін гістарычны драўляны будынак колішняй школы, узведзены ў 1930-я. Нягледзячы на іншы перыяд пабудовы, школа някепска ўпісалася ў архітэктурны ансамбль, які з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў.
Фота: vedaj.by
Быстрыца
Далей прапануем рушыць у вёску Быстрыца, якая месціцца ля самага ўпадзення аднайменнай рэчкі Быстрыца ў Вяллю. Адсюль, пэўна, і ўзнікла назва паселішча, ад рэчкі з вельмі імклівай плынню. Вядома, што тут жа была і старажытная пераправа праз Вілію.
Фота: planetabelarus.by
Вельмі шмат спрэчак існуе вакол Быстрыцы. Вядома, што паселішча гэтае значна больш старажытнае за 1390 год, калі яно патрапіла ў пісьмовыя крыніцы. У «Хроніцы» Стрыйкоўскага, напрыклад, пазначана, што Міндоўг перад сваёй каранацыяй перанёс сталіцу Вялікага Княства Літоўскага менавіта з Быстрыцы ў Наваградак. Так яно, ці гэта інтэрпрэтацыя аўтара, дакладна невядома.
Быстрыца, касцёл, 1871
Быстрыца ўпершыню патрапіла ў пісьмовыя крыніцы ў 1390 годзе, калі князь Ягайла заснаваў тут касцёл Узвіжання Святога Крыжа, аднога з першых на тэрыторыі краю, ды запрасіў сюды айцоў ордэна канонікаў рэгулярных, ці белых аўгусцінаў, дзеля патрэбаў якіх пры касцёле быў узведзены кляштар, які да нашага часу, на жаль, не захаваўся.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У 1407 годзе Быстрыца таксама ўзгадваецца як велікакняжацкія ўладанні, толькі ўжо як уласнасць Вітаўта. У 1523 годзе па фундацыі Жыгімонта Старога на месцы папярэдняга касцёла быў узведзены новы мураваны, ужо парафіяльны храм, бо айцам-аўгусцінцам было загадана пакінуць Быстрыцу з-за «неналежных паводзінаў ды злоўжывання службовым становішчам». Быстрыца імкліва развівалася і за Жыгімонтам Старым зрабілася цэнтрам староства. Не выпадкова яна сталася адзіным населеным пунктам сённяшняй Астравеччыны, які патрапіў на мапу Тамаша Макоўскага, выдадзеную ў Амстэрдаме ў 1613 годзе па замове Крыштафа Радзівіла.
Быстрыцкая парафія імкліва пашыралася, ды стары касцёл ужо не змяшчаў вялікай колькасці вернікаў. Таму ў 1760 годзе Крыжаўзвіжанскі касцёл быў перабудаваны ў стылі віленскага барока паводле праекта архітэктара Яна Глаўбіца.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Быстрыца ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, але касцёл працягваў дзейнічаць. Неўзабаве пасля паўстання 1863–1864 гадоў быў зачынены і перададзены праваслаўным. У гэты час касцёл быў перабудаваны, над ім узведзены купалы-цыбуліны. Да каталіцкіх вернікаў будынак вярнуўся ў міжваенны час, тады і быў адноўлены ягоны аўтэнтычны выгляд, які мы можам пабачыць і сёння.
Быстрыца, касцёл, 1904
Фота: planetabelarus.by
Быстрыца атрымала статус мястэчка ажно ў 1537 годзе, і жыццё не спыняла тут віраваць да ХХ стагоддзя. Тут быў рынкавы пляц, ад якога адыходзілі тры вуліцы, корчмы, крамы, у горадзе праводзілася ажно чатыры кірмашы на год. Сведкам таго слаўнага часу ў Быстрыцы апроч касцёла яшчэ стаў захаваны помнік прамысловай архітэктуры — млын, узведзены напачатку ХХ стагоддзя мясцовым шляхцічам Браніцкім. Млын і сёння належыць нашчадкам Браніцкага ды знаходзіцца ў спраўным стане.
Фота: vedaj.by
Ёсць у Быстрыцы і прыродны цуд — Святаянская крынічка з гаючай вадой. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што вада з крыніцы Святога Яна самая смачная на Астравеччыне. Згодна з паданнем, падчас нейкай са шматлікіх войнаў гэтым краем ішоў чалавек, які страціў зрок у адной з бітваў, папіў ён крынічнай вады і адразу адужаў. Пасля крыніцу высвенцілі ў гонар прыняцця Канстытуцыі 3 траўня 1791 года, аб чым сведчыць надпіс на камені, пастаўленым тут у 1932 годзе. Ужо ў ХХІ стагоддзі побач з крынічкай пабудавалі капліцу.
Фота: ostrovets.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ