Экскурсія “Астравецкі рэквіем” з цыклу “Страчаны свет”, арганізаваная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і Цэнтрам чарнобыльскіх ініцыятыў, адбылася 15 сакавіка. Экскурсія ўлучыла наведванне такіх гарадоў і мястэчак, як Жодзішкі, Гервяты, Міхалішкі, Тракенікі, Быстрыца, Варняны, Гудагай. Інфармацыйную падтрымку цягам усёй экскурсіі забяспечваў старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.
Асноўная тэма вандроўкі — неабходнасць захавання гісторыка-культурнай спадчыны Астравеччыны, яе інтэрпрэтаванне і значэнне для эканамічнага развіцця тэрыторыяў Астравецкага раёну.
“У сувязі з адсутнасцю прамысловасці ў гэтым рэгіёне адзінымі галінамі эканомікі, якія могуць прынесці эканамічны эфект, з’яўляюцца турызм і фермерская гаспадарка. Падобны эфект можа быць цалкам перакрэслены праз пабудаванне АЭС у Астраўцы”, — адзначыў Антон Астаповіч.
З ягоных слоў, адзін з асноўных і станоўчых вынікаў экскурсіі палягаў у тым, што яе ўдзельнікі атрымалі інфармацыю для развагаў пра небяспеку будоўлі АЭС у Астраўцы і наагул у Беларусі. “Будаўніцтва АЭС — пытанне, якое павінна быць шырока абмеркавана, пытанне, па якім трэба шукаць кансенсусу”, — адзначыў ён.
Падчас экскурсіі адбылася сустрэча з мясцовым краязнаўцам Алесем Юркойцем. Ён правёў экскурсантаў па Варнянах, распавёў пра гісторыю і цяпершчыну вёскі. Значную ўвагу ён аддаў апавяданням пра род Абрамовічаў, якому раней належалі Варняны.
Наступная экскурсія з цыклу “Страчаны свет” адбудзецца 29 сакавіка і пройдзе па маршруце Залессе — Смаргонь — Солы — Кушляны — Жупраны — Ашмяны.
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Фота Эдварда Астаповіча.
На фота: “Касцёл у Гервятах,” “Антон Астаповіч за працай,” “У Жодзішках каля касцёла,” “Касцёл у Міхалішках,” “Касцёл у Гудагаі,” “Экскурсія па Варанянах”.
Тэгі: Астравец