«Атожылкі няскоранай дубровы» — гэта серыя размоў з беларускімі музыкамі ды іншымі творцамі, якія апынуліся за мяжой. Мы будзем гутарыць пра тое, як музыка дапамагае пераасэнсоўваць знаходжанне ў выгнанні і сітуацыі нявызначнасці, а таксама пра выклікі і магчымасці, якія паўстаюць перад намі ва ўмовах разарваных сувязяў, непрыняцця і цэнзуры.
«Атожылкі няскоранай дубровы» — гэта цытата з твора беларускага пісьменніка Хведара Жычкі, што ўвасабляе вобраз маладых парасткаў, якія прарастаюць недзе далей па-за межамі няскоранай Беларусі.
Падкаст вядуць радыёэнтузіясты Павел Кірпікаў і Аляксандр Карнейчук.
У першым эпізодзе мы сустракаемся з музыкам і літаратарам, фронтменам гурта «Syndrom Samаzvanca» Уладзем Лянкевічам.
Летам 2023 года Уладзь пераехаў з Беларусі ў Варшаву, дзе разам са сваім паплечнікам па гурце Ромам Жарабцовым наладжвае музычны побыт і сувязі. Адначасова з гэтым ва Уладзя актывізаваўся сумесны з музыкамі гурта Relikt праект «Філаматы». З дэбютнай прэзентацыяй праекта яны выступілі на паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» ў Вільні ў лютым 2024 года.
Мы сустрэліся з Уладзем, каб пагутарыць пра гэтыя праекты, а таксама змены ў творчасці, якія выклікае эміграцыя, свабоду незалежных музыкаў і адвечны шлях беларускай культуры.
Слухайце на платформах для падкастаў
Apple Podcasts, Spotify, youtube, Soundstream, Mave, Google Podcasts, Deezer, Castbox, Podcast Addict, Pocket Casts, Castro, Podcast Republic, Яндекс Музыка