У Вільні зайгралі Filamaty — супольны праект гурта Relikt i паэта ды музыкі Уладзя Лянкевіча

У музычным плане Filamaty не ставяць перад сабой выразных стылістычных рамак. Можна ўслухацца і пачуць знаёмыя хады ад Relikt ці былога гурта Уладзя Лянкевіча TonqiXod, але бачная і спроба прымераць новыя формы.


filamaty
Фота: Darja Roskač

Канцэрт Filamaty закрываў трэці, апошні дзень міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце», які праходзіў у Вільні. А яму ў сваю чаргу папярэднічала панэльная дыскусія да 200-годдзя руху філаматаў з удзелам гісторыкаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў. Бліжэй да вечара ў клубе «Павільёнас», які на выходныя стаў рэзідэнцыяй літаратараў, кнігавыдаўцоў і аматараў кнігі, з’явіліся новыя твары — стала відавочным змена фармату літфэсту ў рок-канцэрт.

filamaty
Фота: Darja Roskač

«У тэкставым плане праект Filamaty — гэта спроба зразумець філаматаў першай паловы XIX стагоддзя і іх сучаснікаў, асэнсаваць гісторыю 200-гадовай даўніны, узброіўшыся сучаснай оптыкай і актуальным беларускім досведам, — так музыкі анансавалі сваю прэм’еру. — Паралелі напрошваюцца самі сабой: вось вы маладыя, поўныя натхнення і надзеі на лепшае, вы жывяце актыўным жыццём, дбаеце пра будучыню роднага краю. Але раптам сістэма (імперыя?) запісвае вас у ворагі выключна на падставе «аблудных» каштоўнасцяў, вызнае вас як нядобранадзейнага. Вынік — пераследы, вязніцы, ссылкі, выгнанні. Цяперашнім беларусам лёгка суперажываць папярэднікам. Старая гісторыя, апранутая ў сучасныя словы і вобразы, становіцца зразумелай і блізкай. Дыстанцыя скарачаецца, і здаецца, скрозь стагоддзі магчымы сапраўдны дыялог. А можа, гэта размова з уласным адлюстраваннем».

filamaty
Фота: Darja Roskač

Музыкі былі апранутыя ў адмысловыя строі, на сцэне нават дэманстраваліся рытуалы брацтва філаматаў.

Гук быў прыстойны і драйвовы, часам толькі гледачы скардзіліся на не вельмі чутныя словы песень. «Клубны гук, першы канцэрт, так бывае на рок-канцэртах у клубах», — гаворыць са сцэны вакаліст Уладзь Лянкевіч. Дарэчы, амаль усе кампазіцыі выконваліся двума вакалістамі — удзельнічаў і бубнач Relikt Аляксандр Дземідзенка.

uladz-liankievicz
Уладзь Лянкевіч. Фота: Darja Roskač

Гук цяжкі, але разнастайны, гэта дакладна не прог ці постметал Relikt і ў той жа час не краўт TonqiXod. Хаця пры гэтым усё вышэйпералічанае таксама можна расчуць. Як кажуць самі музыканты, «усё круціцца вакол гітарнага року, у якім знойдзецца месца шмат чаму».

Alies-Dziemidzienka
Алесь Дземідзенка. Фота: Darja Roskač

Ідэя стварыць Filamaty належыць Алесю Дземідзенку — у Relikt назапасіўся пэўны нерэалізаваны патэнцыял паспрабаваць нешта іншае, а Уладзь Лянкевіч заўжды не супраць нейкіх цікавых калабарацый. Пры гэтым музыкі раней былі не асабліва знаёмыя адзін з адным. І першыя крокі праекта (дарэчы, Уладзь Лянкевіч лічыць за лепшае называць Filamaty гуртом, гурт не выключае працяг) зрабіў ажно ў 2021 годзе яшчэ ў Беларусі.

Уладзь Лянкевіч напісаў некалькі першых тэкстаў, а музыка — як сказалі самі ўдзельнікі гурта перад канцэртам, «гэта і было такім нейкім выклікам, спробай прымерыць новую маску — і неяк пайшло, усе супалі». Да ладу, што праўда, тады давялі літаральна паўтара трэкі, потым пачаўся зразумелы многім вэрхал з пераменай месца жыхарства. Але нягледзячы на незразумеласць, нявызначанасць і пошук сталага месца, тэксты засталіся. І калі ўжо ўсе музыкі апынуліся ў Варшаве, было вырашана дарабляць запачаткаванае.

filamaty
Фота: Darja Roskač

Увосень 2023 года праграма была гатовая. І тут прадстаўніца Гётэ-Інстытута Вера Дзядок прапанавала: праграма па філаматах павінна прагучаць упершыню толькі ў Вільні, а самае цудоўнае месца для старту — Стральцоўскі фэст у Вільні.

filamaty
Фота: Darja Roskač

filamaty
Фота: Darja Roskač

Пасля канцэрта Уладзь Лянкевіч паабяцаў публіцы, што ў гурта Filamaty будзе працяг (дакладней, магчымы працяг, бо зараз як і ў многіх беларусаў — як будзе, так і будзе), а таксама не выключаны запіс на фізічным носьбіце — добра пакінуць праграму ў форме альбома. Гурт адкрыты для канцэртных прапаноў.

uladz-liankievicz
Фота: Darja Roskač

uladz-liankievicz
Фота: Darja Roskač

Budzma.org

Чытайце яшчэ: Самыя яскравыя моманты «Стральцоўскага фэсту». Фотарэпартаж