У чацвер выйдзе першая частка дзіцячай аўдыякнігі палітвязня Андрэя Скурко ў агучцы вядомых беларускіх актораў

У чацвер, 23 снежня, на дзіцячым ютуб-канале «Бэйбус» выйдзе першая частка аўдыёкнігі вершаў для дзетак паэта, рэдактара і палітвязня Андрэя Скурко. Прэм’ера запланавана на 19 гадзін.


Андрэй Скурко ў зняволенні піша дасціпныя вершы для свайго маленькага сына Тамашыка і дасылае іх на волю. Вершаў назбіралася ўжо на цэлую кнігу. Яна называецца «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў».

Як паведамляецца ў анатацыі, гэта вясёлыя вершы для добрых дзетак, напісаныя далёка, якія ляцелі высока.

«Нарэшце нешта светлае. У чацвер выходзіць першая частка Андрэевай аўдыёкніжкі! Большасць вершыкаў ён напісаў у турме. Вы гарантавана будзеце ўсміхацца»,напісала на сваёй старонцы ў Facebook жонка палітвязня Паўліна Скурко.

Вершы агучылі народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосцік і Аляксандра Падабеда, а таксама маладыя акторы Ірына Якавец і Арсеній Гардзіенка.

Усяго аўдыёкніга ўмесціць у сабе 55 твораў, 10 з якіх Бэйбус прэзентуе 23 снежня.