Вы не ўяўляеце, колькі сіл сыходзіць у беларусаў на тое, каб паказваць адно адному, што і ў тэроры можна жыць добра

22.07.2026

Канцэнтрацыя задаволенасці жыццём у грамадскай прасторы павялічваецца ў прамой залежнасці ад працягласці і маштабу рэпрэсій: чым далей мы ад 2020-га, тым больш добрыя людзі нас атачаюць і тым больш добра ў Беларусі жыць (падаецца, гэта неблагі маркер што да так званага «змяншэння рэпрэсій»). Не-не ды і мільгне вусціш: Божачкі, як мы апынуліся ў такой дзівоснай краіне?

Піша Яніна Гаспадыня з Мінска.

lookbymedia_id_minsk_urban_life_transport_ideology_011.jpgПатрыятычны білборд з афіцыйным гербам Беларусі і лозунгам «Сімвалы Радзімы ў сэрцы заўсёды!". Фота: lookby.media

Досыць кепскага

Здаецца, мы пачыналі са стомы. Яшчэ гады з два таму, калі мы сяк-так ператрывалі чарговую моцную хвалю зачысткі і прызвычаіліся да вайны, зразумелі, што ўласна баявыя дзеянні ўласна нашу тэрыторыю абмінулі і можна зрабіць выгляд, што мы ні пры чым, мы дазволілі сабе стаміцца ад кепскіх навінаў.

Тады ў краіне панавалі адчувальны адчай і скруха — а яшчэ відавочны страх. Першая хваля надзеі, што ўсё неяк хутка скончыцца, прайшла. За ёй прайшла другая. І трэцяя. І нават самым заўзятым аптымістам стала зразумела, што нічога не скончыцца — усё толькі пачалося, і трэба прызвычайвацца да новай нормы. А норма нелагодная.

Тады мы зрабілі першы значны высілак па прыстасаванні да рэчаіснасці, у якой галоўная каштоўнасць — лаяльнасць як такая, да чаго б ні было, а праца адных грамадзян — паляваць на іншых грамадзян: сталі адчайна факусавацца на добрым, бо калі засяроджвацца на гэтым нармалізаваным паляванні, на пастаяннай трывозе і страху, можна і паехаць кукухай. Так нам здавалася. Аказалася, што калі даволі доўга пасядзець на беразе гэтай ракі, то паедзеш кукухай не ад факусавання на кепскім, а наадварот, ад яго ігнаравання.

Тады пачалі гучаць шчырыя словы «Я проста больш не магу чуць пра рэпрэсіі і вайну, я хачу быць у доміку і нічога пра гэта не ведаць».

3-czas-pasumavac.jpgУ доміку. Малюнак Андруся Такінданга

З асаблівым імпэтам мы чапляліся за любы пазітыў, любыя праявы стваральніцтва — а як мы сталі танчыць традыцыйныя танцы! Як пра кожны напаўмёртвы івэнт казалі: «Ну вось бачыце, не ўсё вытравілі! Жыве!». Як кожны ціхі кватэрнік успрымаўся як свята непаслухмянасці і жыцця насуперак.

З таго часу мы прызвычаіліся ганарыцца ўжо проста сваім жыццём — дарэчы, не забудзьмася, на самым пачатку нас яшчэ апаноўваў гонар за тое, што мы застаемся (часам да яго дадавалася «ў адрозненне ад...»), і даволі шмат часу мы пратрывалі на ім. Аказалася, калі доўга старацца не расчаравацца ў гэтым гонары, то ўрэшце апынаешся ў самай добрай краіне. Мы праўда стараліся не звар’яцець — і паспяхова гэта зрабілі..

Чырвоная таблетка — расчаравацца ў сабе, сіняя — у свеце

Час, калі мы раптам пачалі жыць сваё найлепшае жыццё ў найлепшай краіне, дзе нічога кепскага не адбываецца і не адбывалася, вызначаецца вельмі дакладна: лета 2025-га.

Троху часу нам спатрэбілася пасля чарговых «выбараў», каб упэўніцца, што больш нічога не зменіцца, яшчэ троху — пазмагацца з уласным бяссіллем і сорамам, і нарэшце — выбраць, у чым менш балюча расчароўвацца: у сабе альбо ў свеце.

czyrwonaja-siniaja-tabletki.jpg

Падаецца, тое, як цяпер беларусы дэманструюць адно адному неверагодную задаволенасць жыццём, — рэакцыя і на татальную фрустрацыю: «не-не, усё цудоўна, усё так, як мае быць» — толькі адказ на ўнутранае «я лайно, і свет — лайно».

А вы таксама яшчэ напачатку вайны адчувалі ў Беларусеньцы выразны натхняльны вайб, што нягледзячы на шалёную рэакцыю (тады мы яшчэ не ведалі, што гэта не рэакцыя на пратэсты, а ўжо зачыстка да вайны), старонка больш ніколі не перагорнецца, што штосьці неадменнае такі адбылося і з ім нічога не зробіш? Вам не падалося, вайб сапраўды быў. Калі доўга сядзець і на беразе гэтай рэчкі, то аднаго ранку ў 2026-м знаходзіш сябе расчараваным у ім, то-бок цалкам задаволеным жыццём у найлепшай краіне свету.

Шэсцьдзясят гатункаў крафта, Зыба і танныя візы

Гэта ж мы не ўпершыню. Памятаеце, як хораша станавілася жыць у Мінску пасля разгону Плошчы-2010? Ну, пасля таго, як мы перацярпелі дэвальвацыю, выбух у метро, маўклівыя пратэсты — і вось тады, памятаеце? Не памятаеце? Мы тады яшчэ спадарожнік запусцілі і пачалі будаваць АЭС, адкрылі метро ў бок Малінаўкі, карацей, папёрла.

А якое цудоўнае жыццё папёрла пасля Крымнаша, калі нам з усяе сілы пачалі ўнушаць, што ў нас-та ўсё добра, мы-та не, з намі-та ніколі. Як расцвіла айцішка і зашумела Зыбіцкая, жыццём сталі кіраваць урбаністы і блогеры, патаннелі візы, заквітнелі лайфстайл-блогі і медыя, і сэнс жыцця стала так лёгка спасцігнуць праз падарожжы, масаж гуаша і майстар-класы пра вядзенне блогаў, а яшчэ ж шэсцьдзясят гатункаў крафта, вышымайкі, Кастрычніцкая — залаты век на падмурку ўсяго толькі таго, на што не трэба звяртаць увагі. Прыгожае жыццё перамагае зло.

zybickaja.jpg
Вуліца Зыбіцкая, 2023 г. Фота: «Минск-Новости»

Адтуль мы насабачыліся ў эстэтыку, а хто-ніхто выказваўся, памятаеце, што з гэтым рэжымам у нас разыходжанні чыста эстэтычныя.

Гэты вір буржуазнага гарадскога жыцця выглядаў — ці прапаноўваўся — як адліга, але з 2026-га ён падаецца ўсяго толькі спажывальніцтвам і гульнямі ў асабісты камфорт, самаўдасканаленне, эстэтыку кампенсаваць зачыстку палітычную, адчай перад немагчымасцю выбіраць будучыню, падаўленасць экзістэнцыяльную. Спробай закукліцца ў новае, прыватнае жыццё, не зважаючы на завінчанасць старога грамадскага.

Памятаеце, айцішнікі тады былі незадаволеныя, што гэта іх грошы ідуць на асфальт, які барануюць танкі на парадзе ў Дзень Перамогі? Пасля 2020-га дайшло, што іх грошы ідуць на міліцыянтаў, а асфальт кладуць на расейскія крэдыты.

dzhazavyia-vieczary.jpg
«Джазавыя вечары» ў Мінску, ліпень 2026. Фота: «Минск-Новости»

У 2026-м, калі Зыбіцкая гудзіць, бы ў 2017-м, мінскія бары наліваюць яшчэ больш гатункаў крафта, расейскія грошы ідуць на вайсковыя замовы ў беларускіх прадпрыемстваў, а парады проста не праводзяць, каб не нагадваць, што мы саўдзельнікі ў вайне і хацелі б паціху звінціць ад адказнасці, дзяржава кінула яшчэ больш, чым у 2012-м і 2015-м, высілкаў на тое, каб стварыць ілюзію, бы нічога такога і не было, нам усё падалося.

Гэты вайб зноў лёгка і спакусліва прыняць за адлігу, «вяртанне да нармальнасці», «змяншэнне рэпрэсій», што заўгодна, толькі не за спробу адцягнуць увагу і залагодзіць.

І мы — анягож — зноў задаволеныя.

Мы — адзін народ

Вы не ўяўляеце, колькі сіл сыходзіць у беларусаў на тое, каб паказваць адно адному, што і ў тэроры можна жыць добра. Часам здаецца, гэта ў нас сацыялістычнае спаборніцтва, і перамагаюць усе. Быць незадаволеным можна лакальна, у фармаце «перагібаў на месцах», незадаволеным самой рамкай існавання — не магі. Мы ўжо і так аднойчы данезадаволіліся.

Калі прыкласці невялічкі высілак і не заўважыць пару сцягоў на вуліцы, пару міліцыянтаў, пару словаў начальніка, пару намёкаў намесніка па бяспецы, пару званкоў з незнаёмага нумара, пару трывожных ці небяспечных сваіх думак, калі не выходзіць за чырвоныя сцяжкі, якімі настойліва абазначана вузенькая прастора добрых паводзінаў, — тады можна жыць добра. Калі не надта атрымліваецца, ёсць безадмоўная мантра: «А вось ў Расіі яшчэ горш, там інтэрнэт блакуюць».

Бяда толькі, што рэчаіснасць цяпер надта рухавая, і толькі прызвычаішся да аднаго палітэсу, як яна патрабуе зрабіць яшчэ адзін высілак насустрач добраму жыццю ў тэроры.

Так пасярод нейтральнай сяброўскай размовы раптам прамаўляюць: «Ну калі табе так усё не падабаецца, чаму ты не з’едзеш?». І сам прамоўца не ўсвядоміць нават, што ўжо мала проста жыць у тэроры добра і не высоўвацца — ён павінен падабацца.

Каб ён падабаўся, трэба зрабіць яшчэ адзін крок: упэўніць сябе, што выканальнікі злачынных загадаў, беспакараныя парушальнікі законаў, каты, агенты нагляду і рэпрэсій — тысячы і тысячы людзей, якія сваімі дзеяннямі ці бяздзеяннем абслугоўваюць і нармалізуюць тэрор, самі па сабе такія ж невінаватыя і сімпатычныя людзі, як іх існыя і будучыя ахвяры.

Хто ж асмеліцца абвінаваціць нас у тым, што мы ўсім задаволеныя, каб не адчуваць сябе ахвярамі, а суседзяў — катамі і наадварот? Кожны дзяцюк, шыючы палітычную справу, грае спектакль, быццам не ад яго гэта залежыць і ён сам паднявольны, а пра вас клапоціцца і пастараецца выпрасіць найменшую санкцыю. Як тут не спакусіцца сімпатыяй да добрага і таксама паднявольнага чалавека.

Іх заўсёды ёсць за што пахваліць: за тое, што прымянілі да вас лагоднейшую санкцыю, а маглі б і «ўпаяць па поўнай», ці што заплюшчылі вочы, калі маглі і не заплюшчыць, ці за тое, што яны проста «вінцікі» і «бедалажкі» — ды няважна, галоўнае, адчуць да іх штосьці супрацьлеглае страху і гневу.

Хто б мог падумаць, што краіна ў тэроры выпраменьвае ўтапічны вайб толькі праз тое, што ўсім страшна адчуваць страх.

І вось ужо, на мяжы аддаючы тэлефон на праверку, вы і не ўзгадваеце часы, калі гэта было недапушчальным, і не памятаеце, што гэты мутны дзядзька ў цывільным зараз перавышае паўнамоцтвы ці выконвае злачынны загад, а, наадварот, удзячныя гэтаму харошаму чалавеку за тое, што выконвае яго не надта старанна.

Не адпраўляе на содні, а ўсяго толькі прымушае распранацца дагала. Рэпрэсіі сцішваюцца, ага, вяртаемся да нармальнасці. Толькі не падумайце, што мне ненармальна, усім сваім выглядам запэўніваеце вы гэтага добрага чалавека, абы не адчуваць сябе ахвярай, а яго гвалтаўніком, а ён запэўнівае вас, што яго гэта таксама задзяўбло. «Калі гэта ўсё скончыцца?» — негалосна пагаджаецеся вы адно з адным і разыходзіцеся з прысмакам лайна ў роце і з ўсведамленнем, што гэта не скончыцца ўжо ніколі.

passport_control_4177-8hf8k.jpg.jpeg
Пашпартны кантроль. Фота: «Наша Ніва»

І тады робіце крок насустрач наступнай пастцы — «Ну ўжо ўсё супакоілася, нікога ўжо і не бяруць». Віншую, вас усё задавальняе.

Што далей?

Калі шчыра: халера яго ведае.

Але штосьці падказвае, што аднойчы, калі рэжым абрынецца (хаця нас усё задавальняе, і людзі ўсе такія харошыя), акажацца, што мы ўсе толькі і рабілі, што зацята з ім змагаліся: на сваіх працоўных месцах, у школах, у міліцыі ў КДБ, паўсюль мы набліжалі перамогу, прыкідваючыся прыхільнікамі ўлады, каб тачыць рэжым знутры.

Выявіцца, што мы ўсе неверагодна добрыя людзі і заўсёды імі былі. А іншых, «злых», увогуле не існавала. Не верце нам, мы проста занадта доўга жывем у найлепшай краіне свету, толькі не падумайце, што нам ненармальна.

Яніна Гаспадыня, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org