Як пачаць размаўляць па-беларуску? Парады ад Яны Вольскай

Пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская склала памятку з простымі і эфектыўнымі парадамі, якія дапамогуць пачаць размаўляць па-беларуску

Jana VoĺskajaЯна Вольская

Здавалася б, такая назва і памятка мусілі б увайсьці ў сьпісы для рэкамендацыяў для замежнікаў, якія прагнуць вывучаць беларускую мову. Але на справе такая памятка патрэбная ў першую чаргу нам, самім беларусам, якіх шмат дзесяцігодзьдзяў сьвядома русыфікавалі. 

Пры гэтым колькі людзей сапраўды задумваліся над тым, каму і дзеля чаго гэта патрэбна? Адзін урок на тыдзень па беларускай мове ў школе супраць трох урокаў па расейскай мове. 

Школьная праграма, у якой курс па расейскай літаратуры ўлучае безьліч аўтараў і твораў, а па беларускай нібы яна зьявілася толькі пасьля вайны і спрэс прасякнутая вёскай, лыжкай заціркі ды лапцямі. Чаму ж не было ўрокаў па літоўскай мове і літаратуры, па польскай ці ўкраінскай? 

Яны ж таксама нашыя суседзі! Колькі клясычных літаратурных твораў ці аўтараў з Літвы, Польшчы, Латвіі, Чэхіі ды Украіны назаве звычайны чалавек зь Беларусі? А расейскіх? Бачу, што пачынаеце разумець! 

Але ўсё ж давайце вернемся да тэмы. Што рабіць? 

Як пачаць размаўляць па-беларуску? 

Rodnaja mova

Па-першае, чытайце. Чытайце па адной старонцы. Дамоўцеся з сабою пра ўзнагароду за чытаньне. Прачыталі старонку — пагарталі сацыяльныя сеткі. Так беларуская мова стане вашых штодзённым фонам. Чым далей, тым больш словаў і выразаў вы будзеце запамінаць. 

Па-другое, пераключыце паўсюль, дзе даступна, вашыя дэвайсы на беларускую мову. YouTube, Facebook, Threads. Так вы створыце экасыстэму беларускай мовы, асабістую для вас. 

Слухайце аўдыякнігі. У аўдыяфармаце даступныя сапраўдныя бэстсэлеры, якімі захапляюцца нават тыя, хто лічыць сябе далёкім ад літаратуры. Вядома, рамантычны і гістарычны Караткевіч, дык яшчэ і прыгодніцкі, хуліганісты Пясэцкі, суворы і пранізьлівы Быкаў, прарочы і таямнічы Бахарэвіч. Цяпер дасяжныя ў аўдыяфармаце нават пераклады па-беларуску і легендаў дзяцінства — «Хронікі Нарніі», казкі Гаўфа, Андэрсэна, Кэрала. Уключыце падкаст на YouTube ці карыстайцеся беларускімі платформамі з аўдыякнігамі. Напрыклад, спампуйце дармовы, лёгкі дадатак ад Кніжнага Воза, які працуе нават у фонавым рэжыме, і пакуль едзеце ў транспарце, шпацыруеце ці прыбіраеце, беларуская мова ўжо гучыць для вас, яшчэ й часьцяком у выбітным выкананьні таленавітых актораў з Купалаўскага тэатра. 

knizhny-voz.pngСкрыншот: Кніжны Воз

Глядзіце кіно па-беларуску. На сайце «Кінакіпа» сабраны збор фільмаў самых розных жанраў. Аматарам камэдыяў, баевікоў, псыхалягічных драмаў, фантастычных сагаў — глядзіце тое, што вам падабаецца па-беларуску. Пагаджуся, не заўжды пераклад будзе літаратурным, але ж вы пачуеце натуральныя і эмацыйныя дыялогі, якія ўзбагацяць вас. 

Kinakipa
Кінакіпа 

Слухайце беларускую музыку. Цяперашні час шчасьлівы на беларускамоўную творчасьць. Штотыдзень у беларускіх артыстаў выходзяць новыя рэлізы. Ад поп-музыкі да цяжкага мэталу. Карыстайцеся Apple Music, Spotify, Яндэкс, дадавайце беларускамоўныя плэйлісты і падпявайце ўлюбёным артыстам.

Карыстаецеся штучным інтэлектам? Стварайце запыты па-беларуску ці лістуйцеся зь ім па-беларуску, пакуль не адчуеце, што наважыліся на допісы ў сетках і камэнтары па-беларуску. 

Далучайцеся да моўных курсаў. Напрыклад, «Мова Нанова», у якіх безьліч інтэрактыву, і навучаньне мове робіцца нязмушаным і лёгкім, а вакол вас будуць такія ж самыя студэнты, якія вучацца, робяць памылкі і абменьваюцца самымі простымі выразамі па-беларуску пра свае штодзённыя справы. 

Karcina Voĺhi Jakuboŭskajg
Карціна Вольгі Якубоўскай. Ілюстрацыя з інстаграма «Мовы нанова» 

Калі ўжо размаўляеце па-беларуску, не палохайцеся і не пераскоквайце на расейскую, калі вас перапытваюць: «Што вы сказалі?». Паверце, і тых, хто размаўляе па-расейску, часта так перапытваюць. Проста выразна і спакойна па-беларуску паўтарыце тое ж, што вы сказалі. 

Маеце дзяцей? То вам проста пашанцавала, вучыце мову разам зь імі. Самыя простыя мультфільмы, дзіцячыя сьпевы і гульні па-беларуску. Калі асяродак англа-польска-расейскамоўны, гуляйцеся ў пераклад словаў. А калі маеце час і імпэт, спрабуйце самі сябе ў перакладзе на беларускую. 

Знайдзіце для сябе тое, за што беларускую мову вы палюбіце. Выбітная асоба, гістарычная падзея ці гісторыя вашага роду дапамогуць вам падабраць ключ да таго, каб пачаць размаўляць па-беларуску.

І, магчыма, неўзабаве вы і самі складзеце такую памятку, дадаўшы ў яе шмат карысных парадаў, якія дапамаглі асабіста вам. 

Посьпехаў! 

Яна Вольская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org