Мары, якія не сталі рэчаіснасцю: гісторыя Аўгустоўскага канала і яго будаўніка

13.06.2022 Гісторыя

200 гадоў таму, 27 ліпеня 1824 года, пачалося будаўніцтва Агустоўскага канала. З нагоды юбілею распавядаем гісторыю Аўгустоўскага канала і яго стваральніка.

Сучасны Аўгустоўскі канал — гэта не толькі турыстычная атракцыя, шэдэўр інжынернага мастацтва свайго часу, але і вельмі рамантычнае месца, звязанае з гераічнай працай, марамі і спадзяваннямі многіх вельмі таленавітых людзей. Найперш знакамітага інжынера Прандзінскага.


1. Ігнацы Прандзінскі - аўтар праекта Аўгустоўскага канала.jpg

Сціплы ваенны інжынер з Вялікапольшчы

Увесну 1823 года афіцэра Ігнацыя Прандзінскага выклікалі да яго непасрэднага начальніка, кіраўніка корпуса ваенных інжынераў Каралеўства Польскага Маўрыцыя Гаўке.

Прандзінскаму было ўсяго крыху больш за трыццаць гадоў, але на сваім вяку афіцэр-фартыфікатар пабачыў нямала. Ён нарадзіўся ў наваколлі Познані ў 1792 годзе, а праз тры гады перастала існаваць Рэч Паспалітая. У пятнаццаць гадоў Прандзінскі ўступіў у войска створанага Напалеонам Герцагства Варшаўскага і ў 1812 годзе ледзь не змёрз на бязмежных прасторах паміж Масквой і Нёманам. Пасля канчатковага разгрому Напалеона расійскі імператар Аляксандр І абвясціў сябе польскім каралём і дараваў палякам шырокую аўтаномію, стварыўшы на месцы былога Герцагства Варшаўскага так званае Польскае Каралеўства, у якое ўваходзілі Варшава, Лодзь, Сувалкі, Люблін і бліжэйшыя ваколіцы гэтых гарадоў. Прандзінскі, як і мноства іншых напалеонаўскіх афіцэраў, палякаў і не толькі (напрыклад, генерал Маўрыцый Гаўке быў саксонцам), уступіў у войска Каралеўства і прысягнуў расійскаму цару.

2. Мауриций Гауке.PNG

— Ёсць план пабудовы суднаходнага канала паміж Віслай і Нёманам, — абвясціў Гаўке Прандзінскаму, — вы павінны падрыхтаваць праект.

Ваенны інжынер Прандзінскі адкрыта сумняваўся ў сваіх ведах у сферы гідратэхнікі, аб чым смела сказаў генералу. Гаўке засмяяўся, а потым зрабіў суровы твар і адказаў: «Вы лепшы з тых, каго мне прапанавалі, а я не магу сказаць Імператару, што няма ніводнага польскага афіцэра, які мог бы запраектаваць нейкі канал». Праз некалькі тыдняў Прандзінскі, назапасіўшыся грашыма і інструментамі, выехаў у Аўгустоў.

3. Игнаций Прондзинский (1).jpg

Нашто трэба было будаваць канал

Каралеўства Польскае было даволі незвычайнай дзяржавай, якая з’явілася на карце паслянапалеонаўскай Еўропы па волі манархаў-пераможцаў. Невялікая краіна, маленькі кавалачак былой вялізнай Рэчы Паспалітай, хутка крочыла па шляху прагрэсу. Міністр фінансаў каралеўства Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі граматна арганізаваў гаспадарчае жыццё, і ў краіну імкліва пацяклі даходы ад экспарту збожжа ўжо ў прамысловую, але ўсё яшчэ часта галодную Заходнюю Еўропу. Галоўнымі шляхамі для перавозкі збожжа да марскіх транспартаў былі рэкі, у першую чаргу Вісла і Нёман. Аднак вусці і Нёмана і Віслы аказаліся ў руках немцаў — Прускага Каралеўства. Прусакі аб’явілі палякам і рускім мытную вайну, увёўшы на экспартныя тавары загараджальныя пошліны. Жадаеш вывезці груз праз Данцыг-Гданьск або Кёнігсберг-Каралевец — плаці! Цэны на зерне выраслі ў тры разы, і ўсялякі эканамічны сэнс ад яго экспарту знікаў.

4. Шлюз на Аўгустоўскім канале. 1850-я гг..jpg

Вось тут і прыйшла зорная гадзіна міністра Друцкага-Любецкага. Ён звярнуўся да імператара Аляксандра І з прапановай пабудаваць канал ад Віслы да Нёмана, а ад Нёмана да ракі Венты, на якой будаваўся новы рускі гандлёвы порт Віндава, сучасны Вентспілс. Ідэя спадабалася імператару, бо ў зваротным напрамку, з глыбіні Расіі да заходніх межаў, па канале можна было лёгка пераправіць войскі, каб супрацьстаяць патэнцыйным інтэрвентам або самім скіравацца ў чарговы паход у Еўропу.

Варыянтаў будаўніцтва канала было некалькі. Напрыклад, можна было злучыць раку Нетту з нёманскай Свіслаччу, тады канал упадаў бы ў Нёман у раёне сучаснай Гродзенскай ГЭС. Другі варыянт прадугледжваў злучэнне ракі Бобр з Татаркай і Ласасянкай, тады канал праходзіў бы па сучасным Фолюшы ў межах горада Гродна. Але падпалкоўнік Прандзінскі, які правёў у лясах і балотах у раёне паміж Аўгустовым і Нёманам усё лета 1823 і вясну 1824 гадоў, даказаў, што канал лепш за ўсё будаваць там, дзе нясе свае воды рака Чорная Ганча. Такі шлях гарантаваў каналу большую паўнаводнасць, паколькі да яго можна было адводзіць ваду з бліжэйшых лясных азёр, ды і сам канал праходзіў праз азёры.

Канал — стратэгічная будоўля эпохі

Канал будавалі вельмі хутка. Землякопныя работы выконвалі мясцовыя сяляне, яўрэі з навакольных мястэчак і адстаўныя салдаты. Улетку на будоўлі працавала да 7 тысяч чалавек. Былі таксама задзейнічаны рэгулярныя часткі сапёраў Царства Польскага. Кожны шлюз быў замацаваны за асобным афіцэрам з інжынернай адукацыяй. Уздоўж канала ўзвялі цагельні, у глейкую глебу забівалі драўляныя палі, а камень для абліцоўвання каналаў прывозілі з наваколляў польскага Радама, з валоданняў згаданага вышэй генерала Гаўке. У выніку з’явілася 18 шлюзаў, уся будоўля абышлася ў 1,7 мільёна рублёў (для параўнання: землякоп за дзень працы атрымліваў 10–20 капеек).

Пры пабудове канала выкарыстоўваліся перадавыя па тых часах тэхналогіі і матэрыялы, напрыклад, апоры мастоў на канале пабудавалі з так званай «гідраўлічнай вапны», вынайдзенай інжынерам Феліксам Панцарам з Аплікацыйнай школы ў Варшаве (там якраз рыхтавалі ваенных інжынераў). Гэтая «гідраўлічная вапна» — правобраз сучасных портланд-цэментаў. Можна сказаць, што апоры мастоў — гэта першыя бетонныя збудаванні на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

5. Барка праходзіць праз шлюз Аўгустоўскага канала. 1930-я гг..jpg

Прандзінскі радаваўся свайму стварэнню. Ён нават пісаў маці, што марыць застацца працаваць наглядчыкам канала да самай старасці, жыць у лясах каля Аўгустова разам з дзецьмі і жонкай. Аднак часы імкліва мяняліся. Пасля смерці Аляксандра І расійскім царом стаў недаверлівы Мікалай І, які пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў бачыў ворагаў усюды.

Польскі патрыёт Прандзінскі трапіў у турму па падазрэнні ў антыўрадавай працы, а Расія і Прусія неўзабаве дамовіліся аб адмене загараджальных гандлёвых пошлін. Аўгустоўскі канал дастаткова напалохаў немцаў, але да Вентспілса яго нават не давялі.

Мары, якія не сталі рэчаіснасцю

Увосень 1830 года ў Царстве Польскім пачалося паўстанне. Паўстанцы салдаты застрэлілі Маўрыцыя Гаўке, а Ігнацый Прандзінскі, які нядаўна выйшаў з турмы, на кароткі час нават узначаліў паўстанцаў. Ён зусім не быў упэўнены, што маленькаму каралеўству ўдасца выстаяць супраць вялізнай імперыі, але землякоў кінуць не захацеў.

6. современные фото (1).jpg

Пасля паражэння паўстання Прандзінскі апынуўся ў ссылцы, а будаўнікі шлюзаў пакінулі Радзіму назаўжды. Ян Павел Лялевель, адзін са стваральнікаў самага вялікага шлюза канала ў Нямнове, памёр у Швейцарыі як інжынер аднаго з мясцовых кантонаў. Інжынер Альфрэд Шульц з’ехаў на Усход, прыняў іслам і пад імем Юсуф-ага будаваў крэпасць у Каіры ў Егіпце. У 1840 г. ён змагаўся за незалежнасць Егіпта, абараняючы крэпасць Акра ад ангельцаў, аўстрыйцаў і турак. Прандзінскі пасля некалькіх гадоў ссылкі ў Вятцы вярнуўся ў Польшчу і так ніколі не ажаніўся і нават не наведаў больш канал — галоўнае сведчанне свайго таленту.

Аўгустоўскі канал так і не стаў важнай транспартнай артэрыяй, але гэта, мусіць, і добра. Думаю, са мной пагодзяцца тысячы турыстаў, якія адпачываюць на яго маляўнічых берагах. Я ж больш за ўсё люблю бываць на канале восенню, калі тут бязлюдна. Тады, здаецца, у прыцемках і ўбачыш постаць генерала Прандзінскага, мары якога аб спакойнай старасці разам з сям’ёй так ніколі і не спраўдзіліся.

Іван Пласкавец, budzma. org