«Буду намагацца і надалей ісьці ў вызначаным кірунку». Лявон Вольскі з нагоды ўласнага юбілею

Знаны беларускі музыка, мастак, літаратар і грамадскі дзеяч Лявон Вольскі 14 верасня адзначыў 60-гадовы юбілей. У сваёй аўтарскай калонцы «Мама, не журыся!» на budzma.org спадар Лявон дзеліцца сваімі думкамі і разважаннямі «з нагоды нечаканага юбілею».

Liavon Voĺski

Куміры дзяцінства-юнацтва сыходзяць

Гады лятуць. Ты нібыта едзеш у цягніку, які з кожным днём набірае хуткасьць. Куміры твайго дзяцінства-юнацтва старэюць і сыходзяць. Ты да іх прызвычаіўся, яны нібыта заўсёды мусілі быць з табою — немаладыя, але заўсёды бадзёрыя, хуліганістыя, са сваімі гітарамі-мікрафонамі, на сваіх сцэнах ды стадыёнах, з новымі рэлізамі, са старымі вечнамаладымі гітамі — але, як высьвятляецца, ніхто ня вечны, і вось ужо адзін неўтаймоўны парушальнік грамадзкага спакою сышоў з дыстанцыі, за ім — другі...

І ўжо прыяцель гаворыць: «Трэба абавязкова наведаць гэты канцэрт, бо, па ўсім відаць — гэта іхны апошні тур».

Трава была зелянейшая і музыка музычнейшая...

Ты думаеш, што нічога вартаснага, такога, як у 70-я, 80-я, 90-я, цяпер не нараджаецца. Па рок-радыё круцяцца адныя і тыя ж песьні, напісаныя ў гэтыя гады (ну, добра, яшчэ ў 2000-я, у першае дзесяцігоддзе), і наймаладзейшы гурт, які там можна пачуць — гэта Arctic Monkeys. Ты разумееш, што ёсьць новыя зоркі, новыя імёны, раз-пораз ты трапляеш на ўзоры іхнае творчасьці, але неяк не адгукаецца. 

Табе здаецца, што ўсё ўжо даўно зграна і засьпявана — і рыфы, і мэлёдыі. І ты злуесься, бо разумееш, што гэта дакладная прыкмета ўзросту, маўляў, раней трава была зелянейшая і музыка музычнейшая...

Прыняцьце ўзросту

Liavon Voĺski
Дявон Вольскі. Крыніца: euroradio.fm

Так, ты ўжо не такі малады, якім прызвычаіўся сябе лічыць. Калісьці ты вярнуўся з войску і выглядаў на 15-гадовага — з кароткай нягеглай вайсковай фрызурай, хваравіта худы, вуглаваты. Ты вельмі камплексаваў з гэтае нагоды, і доўгія валасы былі яшчэ й сродкам супраць недарэчнае дзіцячасьці — зь імі ты выглядаў на старэйшага. 

Потым у 34 табе давалі максымум 20. Табе гэта пачало падабацца. Тое, што раней раздражняла й бянтэжыла, цяпер — радавала і прыносіла задавальненьне. 

Liavon Voĺski

Пасьля 40 ты пачаў сарамліва хаваць свой узрост. Пазьбягаў наўпроставых адказаў на пытаньні, выкарыстоўваў хітры ход: «А колькі б вы далі? Ну, вось, прыкладна столькі й ёсьць». Хаця разумеў, што гэта дурная й марная справа — ты публічная асоба, і любы, калі захоча, можа ўсё пра цябе даведацца.

Незаўважна падабраўся юбілей — 50

Ты яго адзначыў канцэртам у менскім падземным пераходзе, нібыта гаворачы: узрост — гэта проста лічбы, лухта, а вось мастацтва, і ў тым ліку мастацтва супраціву — вечнае! А можа, і нічога такога не хацеў сказаць? Проста зрабіў чарговую партызанскую акцыю. Цяпер бы яна падпадала пад экстрэмісцкі артыкул. Добра, калі не тэрарыстычны!

Liavon Voĺski

60

Мінула яшчэ дзесяць гадоў. Ня скажаш, што яны праляцелі незаўважна. Наадварот, за гэты справаздачна-выбарчы пэрыяд усё кардынальна зьмянілася. Напрыклад, ты быў вымушаны зьехаць за мяжу. Як высьветлілася (і як падазравалася), эміграцыя — вельмі нялёгкая доля. 

За гэты час ты зразумеў, за што некаторыя так любяць аўтарытарнае (дый таталітарнае) грамадзтва. Бо трэба прыкладаць мінімум намаганьняў, каб зарабіць нейкія (хай не вялікія, але стабільныя) грошы, на якія можна існаваць.

У тваім выпадку гэта было так: нават пры наяўнасьці забаронаў ты граеш два карпаратыўныя канцэрты на месяц, і можна неяк зводзіць канцы з канцамі. Плюс афіцыйныя аўтарскія адлічэньні — і ўжо можна жыць. Здавалася б, ціха, спакойна і стабільна. Але! Нельга выходзіць за пазначаныя дзяржавай межы. Выходзіш — атрымаеш рэакцыю. Напачатку гэта былі чорныя сьпісы й забароны, а пасьля 20-га — рэальныя тэрміны ў РБшнай катоўні. Але некаторыя музыкі жывуць там і цяпер. Аплата за гэтае жыцьцё — не вылузвацца, не камэнтаваць, не публікаваць ніякіх допісаў, ня граць канцэрты на радзіме, карацей, «не адсьвечваць». 

У эміграцыі — трэба ўвесь час працаваць, прыдумляць, вымысьліваць, кантактаваць, змагацца за існаваньне. Плюс — усялякія турботы, зьвязаныя зь легалізацыяй. Бо ты калісьці вырашыў не рабіць Карту паляка, як большасьць беларусаў.

Пры атрыманьні гэтае карты трэба прыняць своеасаблівую прысягу і назваць сябе часткай польскага народу. Для кагосьці гэта — проста словы, але ты калісьці вырашыў іх не вымаўляць. Бо ты, прынамсі табе так падаецца, ведаеш кошт словаў. Ты ж зь імі штодзённа працуеш.

Зь іншага боку, эміграцыя — гэта новае жыцьцё, новы досьвед, новыя выклікі... Новая маладосьць, як табе хацелася б думаць.

Віншаваньні, зычэньні, падзякі

І вось у гэтай творча-побытавай мітусьні неяк нечакана падабраўся чарговы юбілей. Ты чамусьці ня быў да яго гатовы. Безьліч віншаваньняў, зычэньняў, падзякаў...

Лявон Вольскі ў верасні 2025 года
Лявон Вольскі, верасень 2025

Ты думаеш: а вось быў бы хто крэатыўны ў камандзе Лукашэнак, і якомусьці далёкаму ад дзяржавы, але ўсенародна паважанаму сьпеваку (неістотна якому) на 50 ці 60-гадовы юбілей прысвойталі б званьне «заслужанага артыста». Вось бы паставілі чалавека ў тупік. Адмаўляцца? Не прабачаць. Згаджацца? Сам сабе не прабачыш! Што рабіць? Добра, што там ужо няма ніякіх таленавітых лялькаводаў.

А цягнік усё паскараецца. Абапал дарогі бліскаюць далёка ня мірныя маланкі, па небе лятуць дзіўныя крылатыя мэханізмы, ніхто ня ведае, што будзе далей... Лепей пра гэта і ня думаць.

P. S. Дзякуй усім за віншаваньні, падарункі і зычэньні! Буду намагацца і надалей ісьці ў вызначаным кірунку (кірунках) і не падманваць вашыя чаканьні. Жыве Беларусь!