31 кастрычніка 2015 г. у віцебскім лофце “Dietrich” адбыўся канцэрт мінскіх імправізацыйных авангардыстаў ў межах культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Клуб “Dietrich” месціцца ў змрочным прамысловым раёне на водшыбе горада. Гэта месца не так проста і знайсці. Але менавіта тут рэгулярна адбываюцца канцэрты панкаўскага і хардкоравага накірункаў. Памяшканне застаўлена матацыкламі і дэталямі да іх, магнітафоннымі бабіннікамі і электраінстументамі. Такі антураж тлумачыцца тым, што ўладальнікам клубу з’яўляецца Максім Жукаў – адзін з першых, хто пачаў граць сайкабілі ў Беларусі.
Акурат перад Дзядамі спадар Жукаў вырашыў запрасіць авангордовы дэсант з Мінска ў выглядзе двух дуэтаў Леанід Нарушэвіч-Андрэй Шарашовец і Віктар Сямашка – Дзяніс Кудраўцаў. Між іншымі, Леанід Нарушэвіч займаецца імправізацыйнай музыкай з канца 80-х гадоў. Хутка ягоны гурт “Князь Мышкін” адсвяткуе сваё 24-годдзе. Спадар Нарушэвіч – сапраўдны дзед беларускага андэграўнду.
Музыкі зайгралі два працяглыя імправізацыйныя сэты. У іх выкананні прагучала сучасная беларуская паэзія. “Цвіком” праграмы сталася віктарына, датычная мастакоў – ураджэнцаў Віцебшчыны – Шагала, Роткі, Цадкіна, Мешчанінава, інш. Кемлівыя пераможцы атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.