Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша на budzma. by пра стужку «Авантуры Пранціша Вырвіча», якая была знятая паводле вядомага твора Людмілы Рублеўскай і якую ён ўжо паспеў паглядзець.
Гэты тэкст з’явіцца, калі свет пабачыць навіна ад «Беларусьфільма» пра неабходнасць пераносу кінатэатральнай прэм’еры прыгодніцкага гістарычнага кінарамана «Авантуры Пранціша Вырвіча». Паказ фільма пераязджае з 19 сакавіка, як планавалася раней, на травень. Не, вы дакладна не аб тым адразу падумалі: прычына такога радыкальнага кроку абумоўленая не лагічным каранцінам праз пандэмію каранавіруса, які цяпер паспяхова разбурае кінаіндустрыю па ўсім свеце, а неабходнасцю стварэння для стужкі беларускамоўнай агучкі, якую аўтары чамусьці раней не дадумаліся зрабіць.
Але тая актыўнасць нічога не вартая — беларускі дубляж цяпер наўрад ці ўратуе «Авантуры» на вялікім экране ад незайздроснага лёсу. Не мае сэнсу, на якой мове размаўляюць акторы, калі дэталі сюжэту і характары персанажаў увесь час прагляду застаюцца незразумелымі.
Чаму так сталася з флагманскім ігравым праектам нацстудыі, на які Мінкульт выдаткаваў крыху меней 1 мільёна даляраў, а сюжэтным падмуркам стала папулярная кніга пісьменніцы Людмілы Рублеўскай пра беларускую шляхту? У нас ёсць адказ на тое пытанне: гэта звышамбіцыйнасць кіраўніцтва «Беларусьфільма» і нягнуткія патрабаванні дзяржзамовы.
Кадр з фільма. Крыніца – belarusfilm.by
Рэч у тым, што дзеянне «Авантур» адбываецца ў Беларусі сярэдзіны XVIII стагоддзя — у апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай, калі ў модзе былі пышныя сукенкі, расшытыя камзолы і штучныя парыкі. Такі рэквізіт каштуе вельмі шмат, а з улікам стварэння ўражлівых дэкарацый ці неабходнасці здымаць на натуры, рабіць трукі, пагоні на конях і бойкі з халоднай зброяй, ужываць кампʼютарную графіку, з дапамогай якой можна маскіраваць артэфакты сучаснасці, грошы атрымліваюцца ўвогуле касмічныя. Лік ідзе на мільёны (ці дзясяткі мільёнаў) даляраў, асабліва калі параўноўваць наш праект з супастаўнымі праектамі з Расіі («Турэцкі гамбіт»), Польшчы («Агнём і мячом») , Украіны («Чорная рада»). Каб стварыць дакладную эпоху Асветы на Беларусі, прапанаваных дзяржавай сродкаў дакладна не хапіла.
Таму «Авантуры» больш нагадваюць сваёй візуальнай формай серыялы познесавецкага часу, тых жа «Гардэмарынаў, наперад!» ці іх больш бюджэтныя тэлевізійныя аналагі з 90-х і нулявых гадоў. Гэта бачна па адсутнасці насычанага экшну, дрэнна знятых дуэлях на шаблях, адсутнасці панарамных кадраў, якія б падкрэслівалі веліч гістарычных будынкаў, дзе адбываліся здымкі. Адчування таго, што гісторыя жыве на экране, не нараджаецца, атмасфера Новага часу выглядае безвынікова штучнай. Пры тым жа героі — беглы шкаляр і шляхцюк Пранціш Вырвіч і вопытны медык-алхімік Баўтрамей Лёднік — збягаюць з аднаго магнацкага палаца да іншага, ролю якіх выканалі сапраўдныя Лідскі, Нясвіжскі, Мірскі і іншыя замкі, але камеру аператара Змітра Рудзя не цікавіць веліч іх архітэктуры.
Ён больш канцэнтруецца на ігры актораў — і ў гэтым ёсць сэнс, бо менавіта яны ў «Авантурах» заслугоўваюць найбольшай увагі. Георгі Пятрэнка выконвае ролю маладога ідэаліста Вырвіча, якога хвалюе ўласнае паходжанне і арыстакратычны гонар збяднелага роду. Яго маладзецкі запал астужае старэйшы, разважлівейшы і кемлівейшы паплечнік — Лёднік, якога ўвасобіў Іван Трус.
Іх тандэм нагадвае своеасабліваее касцюмнае бадзі-муві, прыгодам якога замінаюць то залішне цукровая любоўная лінія з удзелам Веранікі Пляшкевіч, то пошук містычнага артэфакта — Рамфеі. Ёй мараць завалодаць усе ўплывовыя магнацкія дамы, яна падорыць ім вялікую ўладу і уплыў. Які? Халера ведае! Аўтары так змантавалі стужку, што зразумець, што такое Рамфея (мы вам адкажам — эквівалент Дзіды Лёсу, якой, па паданнях, быў забіты Ісус Хрыстос), што яна дае і для чаго патрэбная, немагчыма. Для гэтага трэба як мінімум звярнуцца да літаратурнай першакрыніцы, каб зразумець, чаму літоўская шляхта і магнатэрыя пачала ўвесь сыр-бор. Інакш ніяк!
Сюжэт у стужцы атрымаўся безнадзейна незразумелым, бо кінатэатральная версія наразалася з міні-серыяла даўжыней у чатыры эпізоды па 40 з гакам хвілін, якія павінныя адказаць на ўсе ўзніклыя пытанні. Але ў кінатэатры гэта зрабіць дакладна не атрымаецца.
Кадр з фільма. Крыніца – belarusfilm.by
Тым не менш «Авантуры» можна назваць першай спробай дзяржкіно зацікавіцца ўласнай гісторыяй, якая пачынаецца не з Вялікай Айчаннай вайны, а мае больш глыбокія і моцныя карані, якія ідуць з ранняга Сярэднявечча. Але пакуль гэта не вельмі ўпэўненныя намаганні, бо нават па сюжэце героі не могуць цвёрда сказаць, хто быў ворагам у той перыяд (гаворка менавіта пра падкопы Расійскай імперыі) ці прамовіць назву радзімы — Рэч Паспалітая. Для гэтага выкарыстоўваюцца эўфемізмы: «радзіма», «бацькаўшчына», «родная зямля». У такім баязлівым стаўленні адчуваецца сучасны каланіяльны падыход зносінаў з Расіяй, ад якой мы і цяпер залежым у эканамічным плане, а таму нават у кіно баімся раззлаваць. А выкарыстанне расійскай мовы ў стужцы забівае ўвесь патрыятычны пафас ушчэнт.
Глядзець «Авантуры» на вялікім экране немагчыма. Лепш дачакацца тэлевізійнай версіі, якую павінныя перакласці на беларускую мову. Можа, тады кіно зайграе іншымі фарбамі.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!