Слова “аўтызм” яшчэ нядаўна гучала як вырак, які цалкам можа пракрэсліць жыццё чалавека. Аднак ужо цяпер мы разумеем, што асаблівасці не перашкаджаюць людзям зрабіць сваё жыццё паўнавартасным. І адным з дзейсных метадаў тэрапіі з’яўляецца тэатр.
У Мінску другі раз праходзіць форум “Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы”, у ім бяруць удзел спецыялісты з Беларусі, Расіі, Казахстана, Грузіі і Еўрапейскага саюза. Арганізатарам форума стаў сямейны інклюзіў-тэатр “і”, які за некалькі гадоў прайшоў шлях ад простай студыі да цалкам прафесійнага тэатра, які выступае на буйных пляцоўках па ўсёй краіне. Да таго ж тэатр “і” стаў адным з фіналістаў праекта BIZ4ALL у межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва” (даведацца болей пра праект можна тут).
Як пачынаўся і чым жыве цяпер інклюзіўны тэатр “і”
“Сёлета на форум мы запрасілі практыкаў, — кажа Ірына Кісялёва, кіраўніца тэатра “і” — у кожнага з іх ёсць свае ўнікальныя методыкі па працы з асаблівымі дзеткамі. Дзякуючы першаму форуму мы атрымалі вялікую колькасць партнёраў і проста паплечнікаў, а некаторыя з валанцёраў, якія ўзяліся нам дапамагаць, сталі акцёрамі і выйшлі на сцэну. Мы гатовыя даказаць, што дзеці з асаблівасцямі могуць быць не менш таленавітымі і працаваць у тэатры без усялякіх зніжак. Апошнім нашым дасягненнем стала тое, што Тэатр музычнай камедыі запрасіў нас у рэпертуар — на першы паказ спектакля “Аднойчы ў вялізным горадзе” прыйшлі звычайныя гледачы, якія проста не паверылі, калі пасля спектакля мы сказалі, што сярод актораў ёсць дзеці з асаблівасцямі. Мы паказалі, што асаблівае дзіця можа быць паўнавартасным членам грамадства”.
“Тэма інклюзіі і грамадства роўных магчымасцяў заўжды была прыярытэтнай для нашай кампаніі, — кажа Мікалай Брэдзелеў, прадстаўнік кампаніі velcom, якая актыўна працуе з тэатрам “і” вось ужо некалькі гадоў. — Мы вельмі ўсцешаныя, што ў сферы інклюзіўнага грамадства нават з’явіўся ўласны лідар, якім ёсць тэатр “і”.
Сёлета сярод іншых на форум завітаў кіраўнік нідэрландскага інклюзіўнага тэатра KAZOU Ханс Саленік, які ўжо пятнаццаць гадоў займаецца тэатральнай працай з асаблівымі людзьмі.
“Мы не дзелім дзяцей на “асаблівых” і звычайных”: інклюзіўная п’еса “Чыгунка”
“Мне вельмі падабаецца, што тэма інклюзіўнага тэатра важная для Беларусі, — кажа спадар Ханс. — Аўтызм — гэта такая рэч, якая ніколі не пакідае чалавека, але тэатры дапамагаюць такім людзям сацыялізавацца. Я быў вельмі ўсцешаны тым, што дзеці тэатра “і” вельмі выраслі ў плане прафесіяналізму за год, што я іх не бачыў. Цяпер мы маем вялікія планы на будучыню — супольны спектакль, які пакажам як у Беларусі так і ў Нідэрландах”.
Тэатр KAZOU пачынаўся як студыя пры цэнтры тэрапіі, аднак спадар Ханс і іншыя спецыялісты заўважылі, наколькі менавіта тэатр дапамагае асаблівым людзям.
“Тэатр дае ім пачуццё запатрабаванасці ў свеце, — кажа спадар Ханс. — Людзі пачынаюць адкрывацца, імправізаваць, у жыцці яны часцяком атрымліваюць “тычкі” — тое не рабі, сюды не хадзі. У тэатры сітуацыя іншая, за два гады людзі, што на першых рэпетыцыях сядзелі ў куточку, даходзяць да галоўных роляў ў спектаклях”.
Чыгунка, філармонія, лес: усё пра спектаклі інклюзіўнага тэатра “і”
Цяпер у тэатры KAZOU граюць людзі ва ўзросце ад 22 да 40 гадоў, і прафесійныя тэатры стаяць у чарзе па актораў інклюзіў-тэатра”.
Інклюзіўны тэатр “і” актыўна падтрымліваюць розныя беларускія кампаніі — “Белросстрах”, IBA Group і іншыя.
“Мы нават уключылі ўдзел у дзейнасці тэатра “і” ў сацыяльны пакет для сваіх супрацоўнікаў, — кажа прадстаўніца IBA Group Тамара Бутава. — Дзеці нашых супрацоўнікаў, якія прыходзілі ў тэатр (а сярод іх ёсць і дзеці з асаблівасцямі), не хацелі пасля адтуль сыходзіць. Цяпер нашыя супрацоўнікі і іх дзеці могуць за рахунак кампаніі браць удзел у майстар-класах, пастаноўках, любой дзейнасці тэатра. І мы не лічым гэта дабрачыннасцю, гэта паўнавартаснае супрацоўніцтва з паспяховым праектам”.
Юрась Ускоў. Фота sputnik.by
Праект “Семейный инклюзивный театр “і” стаў адным з фіналістаў курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарм гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (больш падрабязна глядзіце на biz4all.eu).