Як пачынаўся і чым жыве цяпер інклюзіўны тэатр “і”

Сямейны інклюзіўны тэатр “і” робіцца адным з самых цікавых тэатральных праектаў Беларусі. Трупа, дзе адначасова выступаюць звычайныя дзеці і дзеці з аўтызмам, імкліва ператвараецца ў прафесійную. Гастролі па абласных гарадах, выступы на пляцоўках узроўню Тэатра музычнай камедыі і філармоніі, прызавыя месцы на конкурсах для прафесійных тэатраў.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” размаўляе з кіраўніцамі тэатра Ірынай Кісялёвай і Юліяй Купрыенка пра стэрэатыпы адносна асаблівых дзяцей і пра сакрэт поспеху.

 

Стварэнне тэатра

Аднойчы на канферэнцыі, арганізаванай кампаніяй velcom, нас прадставілі як тэатр, хаця на той момант мы былі проста моцнай тэатральнай студыяй, з якой бралі Гран-пры на конкурсах. Так ледзь не выпадкова мы сталі тэатрам.

Ад нашага першага спектакля “Флейта-чарадзейка” шмат хто чакаў зусім іншага: маўляў, будзе дзіцячы ранішнік, не больш за тое. Але мы змаглі сабраць гадзінны спектакль, сапраўдны мюзікл і паказаць яго ў філармоніі. Спектакль ствараўся ў аўральным парадку, але нам дапамаглі прафесіяналы: атрымаўся самы сапраўдны мюзікл з касцюмамі, музыкай і ўсімі патрэбнымі элементамі.

Дзіцячы інклюзіўны тэатр рыхтуе беларускамоўны мюзікл

Мы не рыхтаваліся да таго, што збяром поўны зал, а ад нас не чакалі сур’ёзнай пастаноўкі. Цяпер нашыя дзеткі не хочуць нават разыходзіцца на лета, каб не пакідаць тэатр.

 

Пра сутнасць тэатра

Звычайна грамадскія аб’яднанні, якія займаюцца людзьмі з асаблівасцямі, ствараюцца тымі, хто сутыкнуўся з гэтай праблемай у сваёй сям’і. Дапамагаючы сабе, такія людзі пачынаюць дапамагаць іншым. У нас сітуацыя іншая: ні ў кога з кіраўнікоў тэатра няма дзяцей з асаблівасцямі.

“Мы не дзелім дзяцей на “асаблівых” і звычайных”: інклюзіўная п’еса “Чыгунка”

У нашай трупе адначасова выступаюць звычайныя і асаблівыя дзеці, і вы ніколі не здагадаецеся, хто з іх мае адрозненні. Цяпер у нас з’явіўся тыл, мы зрабілі ўжо пяць спектакляў і рыхтуемся да новых.

 

Пра стэрэатыпы

Мы часцяком сутыкаліся, а іншыя людзі працягваюць сутыкацца са стэрэатыпамі наконт дзяцей з аўтызмам.

Чулі, што дзіця з асаблівасцямі, не любіць тактыльных адчуванняў і закрываецца ад астатніх? Гэта не так, ён імкнецца падтрымліваць кантакт усімі магчымымі спосабамі.

Ці пра няўменне фантазіраваць: гэта стэрэатып, які лёгка разбураецца. У асаблівых дзяцей выдатная памяць, яны запамінаюць абсалютна ўсё, унутры іх жыве агромністая колькасць інфармацыі, якая дапамагае фантазіраваць, і вынік бывае надзвычай цікавым! У такіх дзяцей няма ніякага фальшу, яны ніколі не будуць хітраваць і гэтак далей.

Таксама існуе стэрэатып наконт навучання. Насамрэч асаблівыя дзеткі хутка вучацца, дапамагае выдатная памяць. Любы з гэтых стэрэатыпаў можна зруйнаваць, і дапамагаюць тут звычайныя, добразычлівыя стасункі. Яны дапамогуць прызвычаіць дзіця да гучных шумаў (ёсць стэрэатып пра праблемы ў плане гукаў высокага дыяпазону).

“Цяжка размаўляць пра аўтызм, але размаўляць варта”

І галоўнае: дзеці з асаблівасцямі умеюць сябраваць і робяць гэта вельмі шчыра.

 

Пра непаразуменні

Некаторыя бацькі, на вялікі жаль, не разумеюць, што праца ў тэатры – гэта доўгі працэс. Нават калі дзіця ўпершыню трапляе ў вялікае памяшканне, бацькі могуць пачаць прымушаць яго трымацца “як усе”. Бываюць і тыя, якія лічаць, што некалькі заняткаў могуць кардынальна змяніць сітуацыю, і калі не бачаць “хуткага выніку”, забіраюць дзіця.

Калі бацькі робяцца нашымі саюзнікамі, гэта заўжды вельмі добра. Нават камунікацыя паміж бацькамі асаблівых дзяцей – гэта вялікая каштоўнасць, якую мы можам даць.

Калі ў нас атрымліваецца прыгожы, відовішчны спектакль, то намі пачынаюць цікавіцца новыя сем’і, але не ўсе разумеюць, што праца з дзецьмі – гэта праца штодзённая.

 

“Гэта Беларусь, дзетка!”

Новы спектакль мы рыхтуем паводле нашумелай кнігі “Гэта Беларусь, дзетка”. Аўтарка кнігі Марыя Чаракова сама прапанавала нам працаваць разам. Да яе далучылася Вера Жыбуль, і спектакль (які, згадзіцеся, было няпроста ўявіць) нараджаецца проста ў нас на вачах.

Да таго ж гэта будзе першы наш спектакль на англійскай мове, каб можна было прэзентаваць нашую краіну на Захадзе. Бо нашым тэатрам цікавяцца за мяжой, нам патрэбная пастаноўка, якую можна паказваць у любой краіне.

“Хто апошні?” Дзіцячыя галасы за выбудаваным мурам

Пра спектаклі тэатра “і” чытайце на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі!” неўзабаве!

Юрась Ускоў

Праект “Семейный инклюзивный театр “і”  стаў адным з фіналістаў курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарм гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (больш падрабязна глядзіце на biz4all.eu).

unioeuropeafoto

biz4all