Журналісты запыталі ў беларускіх айцішнікаў, як на беларускую мову рэагуюць на сумоўях.
Папрасілі размаўляць на «нормальном языке», сказалі, што беларуская мова ў рускамоўным калектыве будзе перашкаджаць сяброўскай атмасферы і загадалі ў офісе размаўляць толькі па-руску. Такія гісторыі расказваюць героі артыкула на dev.by.
Не ўсе беларускамоўныя скардзяцца на такое стаўленне. Але ж сёння распавядаем гісторыі тых, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй на сумоўях праз беларускую мову.
«Я мяркую, што пры іншых роўных умовах беларускамоўнаму кандыдату могуць адмовіць»
Барыс працаваў у трох беларускіх сафтверных кампаніях: адной вялікай аўтсорснай і дзвюх прадуктовых. На розных пасадах — ад Junior BA да Product Manager. Ва ўсіх фірмах з калегамі з беларускіх офісаў намагаўся максімум часу размаўляць і перапісвацца па-беларуску. Кажа, што не адчуваў ніякай дыскрымінацыі ні ад кіраўніцтва, ні ад калектываў.
Але ж на сумоўях Барыс усё адно пераходзіў на рускую мову.
— Вось сумоўі — гэта адзін з цяжкіх аспектаў. У працэсе найму я, прынамсі спачатку, размаўляю па-руску. Ведаючы, што не ўсе людзі «сябруюць» з беларускай мовай і не ўсе талерантныя. Я мяркую, што пры іншых роўных умовах беларускамоўнаму кандыдату могуць адмовіць.
На практыцы я пару разоў адказваў рэкруцёрам адразу па-беларуску, і пасля гэтага яны проста спынялі камунікацыю.
У той жа час мяркую, што тым, хто хоча на працы размаўляць па-беларуску, лепш мякка абазначаць гэта недзе ў працэсе найму, а не пасля найму. Інакш можа адбыцца хоць і не трагічны, але трохі непрыемны сюрпрыз для наймальніка. Кажу гэта са сваёй практыкі.
Падобную думку выказвае Ігар Хмара, які працуе тэхнічным пісьменнікам. На сумоўях ён таксама звычайна размаўляе па-руску і па-англійску.
— Але я ўстаўляю беларускія словы, каб паназіраць за рэакцыяй суразмоўцаў. Звычайна рэакцыя атрымліваецца маўклівая. Прынамсі, варожай дакладна не ўзгадаю. Канкрэтна пра беларускамоўнасць негатыўных заўваг не ўзнікае.
Яшчэ некалькі чалавек распавялі, што іх на сумоўі «выратавала» тое, што праходзіла яно на замежнай мове.
— Калі я ўладкоўвалася на пазіцыю PM, усё сумоўе адбывалася па-англійску. Мы нават віталіся і развітваліся без «Добры дзень» і «Здравствуйте». Мо дзякуючы гэтаму я і не сутыкнулася з дыскрымінацыяй. У камандзе таксама размаўляем ці то па-англійску, ці то з беларускімі калегамі, з якімі сябруем, па-беларуску, — распавяла Аліна.
«Сказалі, што буду разладжваць беларускай мовай сяброўскую атмасферу ў калектыве»
А вось гісторыя працаўладкавання з 2015-га. Наш герой шукаў пазіцыю джуна распрацоўшчыка і адгукнуўся на беларускамоўную вакансію. Сам ён у той час больш размаўляў па-беларуску.
— Поговорил с беларускамоўным директором по телефону, обсудил дату предстоящего собеседования. После того, как я положил трубку, раздался новый звонок, обычно по телефону на незнакомые номера я отвечал на том же языке, на котором собеседник ведет разговор. Это оказалась еще одна компания, куда я отправлял резюме. Я, даже не задумываясь, начал диалог на белорусском, мне задают технические вопросы, начинается мини-собеседование по телефону. И в какой-то момент звонящий спрашивает, могу ли я говорить на нормальном языке. Естественно наш диалог закончился в этот момент.
Як праходзіла сумоўе ў буйной аутсорс-кампанii, прыгадаў Глеб:
— Аднойчы ў 2020-м годзе, яшчэ да ўсіх падзей, на сумоўі мяне папрасілі перайсці на рускую мову. Патлумачылі тым, што адзін чалавек з тых, хто праводзіў сумоўе, не быў беларусам, і ён бы не зразумеў мяне. Але ж ставіліся да мяне з павагай, проста гэтая сітуацыя адклалася ў памяці.
Офер «толькі калі я перайду на рускую мову»
Эмілія працуе дызайнерам інтэрфейсаў, і аднойчы праз мову ёй адмовілі ў працы.
— Я прыйшла на сумоўе, перад якім з маім партфоліа ўжо пазнаёміліся. Па тэлефоне мяне папярэдзілі, што сумоўе будзе праходзіць па-руску. Мы даволі доўга размаўлялі, мне прапанавалі працу, пачалі абмяркоўваць канкрэтныя ўмовы і дату, калі я выйду працаваць. Я падняла пытанне, што размаўляць буду па-беларуску. На гэта мне адказалі, што ўсе папярэднія прапановы дзейнічаюць толькі калі я перайду на рускую мову. Патлумачылі гэта тым, што ў камандзе ўсе беларусы рускамоўныя, і ім будзе са мной некамфортна. А для кампаніі нібы вельмі важна, каб была шчырая, сяброўская атмасфера. І калі мы будзем размаўляць на розных мовах, яе не будзе, нібы я буду разладжваць гэтую атмасферу.
Я прапаноўвала варыянты. Магу перайсці на рускую мову, калі мяне нехта не будзе разумець. Я была згодная нават размаўляць па-руску на працоўныя тэмы (хаця гэты варыянт таксама мне не вельмі падабаўся. Мы не так часта ўжываем нейкую тэрміналогію, якая б моцна адрознівалася ў рускай і беларускай мовах, складана штосьці не зразумець, калі ты беларус). Але ж гэтыя прапановы не прынялі. Мне так і сказалі: на ўсёй тэрыторыі офіса ў працоўны час трэба размаўляць па-руску.
Мне далі пару дзён, каб я падумала, ці буду размаўляць па-руску. Калі патэлефанавалі, я сказала, што не буду. На гэтым гісторыя скончылася.