Міністэрства адукацыі Беларусі зацвердзіла праграму новага факультатыву «Азбука маральнасці» для школьнікаў 2-3 класаў. Праграма апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Ілюстрацыйнае фота
Праграма факультатыву разлічаная на 69 гадзін: 34 гадзіны — для II класа, 35 гадзін — для III класа (па 1 гадзіне на тыдзень).
Мэта факультатыву, паводле Мінадукацыі, — «стварэньне ўмоваў для фармавання ў навучэнцаў II і III класаў маральных каштоўнасных установак, заснаваных на агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцях».
Праграма факультатыву складаецца з васьмі модуляў: «Уводзіны», «З чаго пачынаецца Радзіма?», «Маральныя асновы зносінаў. Культура зносінаў», «Добрымі справамі мы напоўнім свет», «Азбука маральнасці ў сям’і», «Азбука маральнасці ў школе», «Экалагічная культура чалавека», «Чалавек працай славіцца».
Таксама ў праграме факультатыву пазначана, што пасля вывучэння праграмы вучні другіх класаў, сярод іншага, павінны будуць ведаць правілы паводзінаў пры выкананні дзяржаўнага гімну, ведаць паходжанне асноўных дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, знаходзіць шляхі выхаду з канфліктных сітуацый, тлумачыць сэнс прыказак аб Радзіме, сямʼі, сяброўстве, дабрыні, працы і інш.
Вучні трэціх класаў, акрамя гэтага, павінны будуць ведаць імёны беларускіх школьнікаў, герояў Вялікай Айчыннай вайны (Зіна Партнова, Марат Казей, Лёня Голікаў, Мікалай Гойшык, Валя Зенкіна), а таксама памятныя мясьціны Беларусі (помнікі, мэмарыяльныя комплексы), дзе ўвекавечаная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.