Вечарына “Бабіна лета” пры дапамозе праекту “Вежа Міру” сабрала апошнія аскепкі сонца згаслага лета ў менскім музеі Максіма Багдановіча 18 верасня.
Праект “Вежа міру” мае на мэце аб’яднаць цікаўных да творчасці людзей ва ўсіх яе праявах, а таксама даць магчымасць прэзентаваць сваю творчасць не вельмі раскручаным выканаўцам.
Вядоўца імпрэзы — арганізатар суполкі “Вежа міру” Міхаіл Бараноўскі:
— Тут сабраліся выступоўцы з сонечнымі, вясёлымі творамі, каб на тварах людзей гралі ўсмешкі.
Промні бабінага лета сёлета запальвалі паэты: Вера Бурлак і Віктар Жыбуль, Павал Хадзінскі і Ганна Барадзіна.
Песняй праводзілі лета: Арцём Сяргеенка і Максім Сазонаў, Віталь Мурзіч і гурт “Рахіс”.
Дзве гадзіны “Бабінага лета” пад акампанементы музыкаў ды паэтаў сабралі амаль поўную залю наведнікаў, і скончыліся пад хвалю апладысментаў.