Нягледзячы на дэкларацыі і прынятыя дакументы, у беларускім грамадстве дасюль у поўнай меры не сфарміравалася прававая культура і рэалізацыя правоў грамадзяніна.
Прававыя зносіны большасцю ўспрымаюцца толькі як неабходнасць узаемадзеяння на вертыкальных узроўнях (грамадзянін-дзяржава). Фактычнае блакаванне ініцыятывы з боку дзяржавы прывяло да таго, што грамадзяне апелююць да яе амаль па кожным пытанні.
Такім чынам, не развіваецца самарэгуляцыя ў супольнасцях, у сферы падставовых прававых зносін.
Як сведчыць еўрапейскі досвед, пабудова сапраўды справядлівых узаемаадносін на самым нізкім узроўні грамадства магчымая толькі пры сфарміраваных моцных асяродках мясцовых супольнасцяў.
На жаль, у Беларусі часцей прызвычаіліся рэагаваць на парушэнне правоў дзяцей, дзяржаўныя службоўцы больш сочаць за недахопамі, чым стымулююць фарміраванне разумення ў кожнага асобнага грамадзяніна прававой культуры зносін з дзецьмі, суседзямі, дзяржаўнымі органамі. Такім чынам, занядбанай аказваецца сфера прававых супрацьвагаў у грамадстве, якія дапамагаюць трымацца балансу ў соцыуме.
Безыніцыятыўнасць супольнасці прыводзіць да такіх сітуацый, як, напрыклад, з прыняццем закона "аб хатнім гвалце", праект якога распрацоўвалі (дэ-факта) не прадстаўнікі грамадскасці, але дзяржслужбоўцы. Праціўнікі закона (у прапанаваным выглядзе) закідалі адсутнасць фактычнага абмеркавання законапраекта з грамадствам.
Чаму правалілася ініцыятыва супраць хатняга гвалту
Але галоўная праблема згаданай сітуацыі можа быць якраз не ў факце чарговай спробы прасунуць закон, які тычыцца ўзаемаадносін у сям'і, але ў адсутнасці палітры прапанаваных альтэрнатыў з боку супольнасцяў.
Роля бацькоўскіх арганізацый
Гаворка пра тое, што найбольш натуральны працэс развіцця разумення і рэалізацыі правоў дзяцей – праз бацькоўскія аб'яднанні, якія б і прапаноўвалі кансалідаваныя і кампрамісныя заканадаўчыя ініцыятывы.
Але для гэтага павінна быць актыўнасць на месцах, ініцыятывы, праз якія дзяржава і буйныя нацыянальныя недзяржаўныя структуры маглі б праводзіць адукацыю ў галіне прававых асноў.
Фактычна, сёння так званыя "бацькоўскія камітэты" замянілі апякунскімі, якія ў сістэме адукацыі называюць ледзь не элементамі мясцовага самакіравання. На самай справе гэта тыя ж бацькоўскія сходы, але з удзелам школьных адміністрацый. Што можна абмяжоўваць, калі не абнуляць саму ідэю рознабаковага ўзаемадзеяння дзяржаўных структур і грамадзян, уплыву бацькоў на жыццё школ.
У Еўрасаюзе бацькоўскія арганізацыі маюць функцыю радаў пры навучальных установах. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам у сферы самакіравання.Такім чынам, яны з'яўляюцца элементам кіравання дзяржавы. Кожная рада мае ўласны статут, але функцыі адназначна прапісаныя, і ва ўсіх яны амаль аднолькавыя.
Напрыклад, у суседняй Польшчы бацькоўскія арганізацыі пры навучальных установах прымаюць, пры ўзгадненні з педагагічным саветам, навучальна-прафілактычныя праграмы, даюць адзнакі працы для кантрольных органаў і г.д.
Бацькоўскія супольнасці ў супрацы са школьнымі адміністрацыямі могуць узгадняць палітыку сацыяльнага выхавання, прававога, псіхалагічнага развіцця дзяцей і інш. у залежнасці ад патрэб большасці вучняў і іх бацькоў. Дзейнасць і рашэнні заўжды ўдакладняюцца ў адпаведнасці з законамі і патрабаваннямі цэнтральных органаў улады.
Такім чынам, бацькі, іх рады на маштабным узроўні – асацыяцыі такіх радаў удзельнічаюць у працэсе на ўзроўні дзяржавы. Таму натуральным для іх з'яўляецца далейшы ўдзел у фарміраванні агульнай для краіны палітыкі ў сферы адукацыі і правоў дзяцей.
Менавіта на нізавым узроўні, па ініцыятыве бацькоўскіх радаў, праводзяцца трэнінгі для бацькоў па правах іх дзяцей, арганізуюцца супольныя акцыі і кантроль за выкананнем правоў дзяцей у супольнасцях.
Дзяржаўныя службоўцы разам з прадстаўнікамі асацыяцый у асноўным накіроўваюць працэс.
Тут можна згадаць праграмы па прафілактыцы наркаманіі і ўжывання іншых шкодных рэчываў у моладзевых асяродках у ЕС, выбар і рэалізацыя якіх цалкам ускладзеныя на школы і бацькоўскія рады.
Прафілактыка наркаманіі – сацыяльная роля для дзяцей
Кансалідаванае меркаванне бацькоўскіх радаў, абмеркаванне пытанняў выхавання ёсць працэсам рэгуляцыі і інструментам кантролю за ўсебаковым выкананнем правоў дзяцей, бацькоў, настаўнікаў.
Такім чынам, гэтыя рады выконваюць ролю супрацьвагі дзяржаўнай сістэме і службоўцам, што можа станоўча ўплываць на прававы фон у адукацыйных установах. Таксама такая сістэма дазваляе ўлічваць асаблівасці і запыты розных мясцовых супольнасцяў, якія пражываюць у пэўным рэгіёне, што складана зрабіць пры зацвярджэнні ў цэнтральных органах законаў і інструкцый для адукацыйных устаноў.
Падчас дыялогу па лініі адукацыя – бацькоўскія рады могуць не толькі прымацца ўзгодненыя ўсімі зацікаўленымі бакамі рашэнні – дзяржава можа ажыццяўляць уплыў на бацькоўскія асяродкі. У тым ліку і ў кірунку фарміравання ў грамадстве станоўчага стаўлення да правоў дзяцей. Прымусіць бацькоў вучыцца цяжка, нашмат эфектыўней давесці такую неабходнасць праз узаемадзеянне з добраахвотнай радай, якая дэ-юрэ з'яўляецца незалежнай арганізацыяй.
Фота – euparents.eu
Дзеці-бацькі-дзяржава
У адрозненне ад суседніх краін, у Беларусі не ў поўнай меры функцыянуе сістэма ўзаемадзеяння на лініі дзеці-бацькі-дзяржава.
Кампетэнцыя і сферы ўплыву бацькоўскіх камітэтаў дасюль не вызначаныя адназначна, а іх праца ў рэальнасці не абапіраецца на мінулы досвед і сучасныя напрацоўкі.
Відавочна, што з развіццём сацыяльных сетак і атамізацыяй інфармацыйных каналаў колькасць непаразуменняў і канфліктных сітуацый паміж сістэмай адукацыі, дзецьмі і бацькамі будзе павялічвацца.
Ёсць меркаванне, што пакуль дзяржаўныя органы не зразумеюць неабходнасць стымуляцыі грамадзянскай актыўнасці ў сферы адукацыі і прававога ўзаемадзеяння з дзецьмі і бацькамі, супольнасць будзе адказваць непрыняццем і антаганізмам.
Для ўстойлівага развіцця дзяржавы крытычна неабходная апеляцыя да правоў, у тым ліку дзяцей і бацькоў, праз развіццё самакіравання, школьнага і бацькоўскага.
Такім чынам, можна будзе арганізаваць як сапраўдны маштабны кампрамісны дыялог, так і станоўчае ўзаемадзеянне на лакальным узроўні.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!