Максім Багдановіч — вершы пра каханне. Рускамоўныя творы паэта па-беларуску

Да 130-годдзя Максіма Багдановіча мы публікуем вершы паэта пра любоў і каханне. Аўтар напісаў іх па-руску, на беларускую мову пераклаў Андрэй Хадановіч. Ён жа суправадзіў падборку сваёй прадмовай, піша Андрэй Хадановіч на старонках «Новага Часу».


9 снежня спаўняецца 130 гадоў аднаму з самых вялікіх беларускіх паэтаў — Максіму Багдановічу (1891–1917). Геніяльна адоранаму творцу, які за сваё кароткае жыццё паспеў змяніць аблічча нашай літаратуры. Аўтару, дзякуючы якому — і ў асобе якога — беларуская лірыка зрабіла велізарны скачок у сваім развіцці, наблізіўшыся да еўрапейскіх і сусветных культурных вышынь. Неардынарнай асобе, што адкрыла для сябе (а потым і для шмат каго яшчэ) Беларусь і яе мову, большасць жыцця правёўшы далёка ад радзімы.

002.jpg

Багдановіч далёка не заўжды перабываў у беларускім асяроддзі і не ўсе важныя для яго чытачы — і, вядома ж, чытачкі! — разумелі беларускую. Таму не дзіва, што значная частка яго спадчыны, у тым ліку і вершаваная, пісалася і па-руску. Некаторыя з такіх вершаў — цалкам самастойныя рускамоўныя творы, некаторыя існуюць у дзвюх моўных версіях, бо аўтар перакладаў сябе з беларускай на рускую. А магчыма, часам і наадварот. Для мяне бясспрэчна, што ўсе гэтыя тэксты таксама належаць беларускай культуры. І цалкам зразумелая спакуса сучаснага паэта — паспрабаваць перакласці беларускага класіка... на беларускую мову.

Усе вершы, сабраныя ў гэтай кароткай падборцы, — пра любоў і каханне. Але не ўсе яны ў роўнай ступені могуць быць перакладзеныя без страт. Досыць згадаць чатырохрадкоўе-акраверш: беларуская адаптацыя імені «Ганна» павялічыла б твор на адзін радок, а таксама знішчыла б яго магічную здольнасць аднолькава чытацца па вертыкалі зверху ўніз і знізу ўверх з правага і левага краю тэксту. Калі ж казаць пра верш «Гарадское каханне», то сама спроба перакладаць яго выглядае небясспрэчнай: «Городская любовь» мае і беларускамоўную аўтарскую версію, якая датуецца прыкладна тым самым часам, не мае назвы і пачынаецца радком «Пад ценню цёмных ліп...», так што яго перастварэнне, змешчанае ніжэй, можна лічыць хутчэй варыяцыяй на багдановічаўскую тэму.

Ні адзін з гэтых перакладаў не заменіць арыгіналаў і не вельмі патрэбны камунікатыўна, бо ў нас цудоўна разумеюць і па-руску. Гэта хутчэй творчы эксперымент, спроба ўнесці штосьці цікавае ў беларускі паэтычны пераклад, а перадусім — прызнанне ў любові вялікаму паэту.

Так сталася, што сённяшні юбілей падвойны. Трыццаць гадоў таму ў Мінску адкрылася першая экспазіцыя ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Хай жа гэтая публікацыя будзе таксама знакам павагі і салідарнасці з людзьмі, якія ва ўсё горшых умовах працягваюць займацца добрай справай, стоячы на баку беларускай культуры. А.Х.

Максім Багдановіч 

Чацвярны акраверш 

Ах, як умееце Вы, Анна,
Не бачыць, беручы ў палон,
Нявольніка, што не праклён,
А ўдзячны вокліч шле: асанна!

1910-1913


***

 
Суцішцеся, горкія страсці,
Засні, безнадзейнае сэрца.
Панура, тужліва
Імчыце гады за гадамі,
Панура, тужліва.
Адну толькі маю надзею,
— Народзіцца ў Ані дзіцёнак,
Падобны да мамы,
З вачыма, як цёмныя зоры:
Падобны да мамы.
Аддам я жыццё яму ў рукі,
— І хай тады будзе, што будзе:
Ці ён у ручонках
Жыццё маё зломіць, як цацку,
Ці ён у ручонках
Сагрэе мне хворае сэрца.

1910-1913

Гарадское каханне

У ліпавым цяні схаваўшы нашы твары,
Ідзём праплёванай сцяжынкай па бульвары.
Хоць недапалкі спрэс, паперкі пад нагамі,
Ці ўбачу іх, калі іду пад ручку з вамі?

Праз дымчаты крышталь празрыста-цёмнай ночы
Сустрэчных мінакоў іначай ззяюць вочы,
Рубінамі гараць у змроку папяросы,
Брыльянтавым святлом блішчаць на ліпах росы.

Чароўнае красы не ўбачыць немагчыма,
— Бо закаханымі на ўсё глядзіш вачыма!

1911-1912


*** 


Забудзецца многае, Клава,
Ды памяць забыцца не дасць,
Што ў сэрцы кіпелі, як лава,
Сумота, і сорам, і страсць.

Як ты ў цёмна-сіняй хусціне
Спявала... І доўжыцца спеў:
Пакінула ўсё, не пакіне
Мой сон, што дасніць не паспеў.

1915

Зялёнае каханне 

Гудзе ўся вуліца, калі
Смяюцца гімназісткі, вольныя.
Ім вецер гойдае брылі,
І рвуцца з тэчак ноты школьныя.

Не пераймаюцца яны,
Ці іх завуць «яшчэ зялёнымі».
Як матылькі, лятуць у сны,
Што хутка зробяцца бяссоннымі.

Вось, нібы чапля, след у след
За жартаўніцаю прывабнаю,
Цыбаты і прамы кадэт
Спяшаецца хадой нязграбнаю.

Няхай наводмаш вецер б’е
І ходнік замяло парошаю,
 — Яго багіня праз яе
Ступае новенькай галошаю.

Ён крочыць па яе слядах,
Ад хвалявання ледзьве дыхае.
А сэрца б’ецца, нібы птах,
Бо ў ім гарыць надзея ціхая.

1916