Карэспандэнт "Будзьма беларусамі!" сустрэўся з дырэктарам IT-кампаніі Astronim Багданам Караўцом, каб паразважаць пра патрэбу Беларусі ў Еўрапейскіх гульнях, палаткі на Кастрычніцкай і будучы чэмпіянат свету па хакеі.
Багдан Каравец. Фота Глеба Малафеева, bolshoi.by
— Пачнём з самага простага пытання: Еўрапейскія гульні для Беларусі — гэта быў плюс ці мінус?
— Відавочны плюс. Краіна мусіць прасоўвацца ў свеце, асабліва калі жыве з крэдытаў і інвестыцый. Замахнуцца на гульні было правільным крокам — логіка прасоўвання краіны ў Еўропу відавочная і слушная. Але засталася недаацэненай важнасць вялікай палітыкі ў гэтым пытанні. У масе сваёй еўрапейскія краіны абвясцілі асабіста Лукашэнку своеасаблівы байкот, і калі даслалі свае каманды, тыя складаліся не з самых моцных гульцоў альбо гульцоў было мала. Каманда Нідэрландаў — 15 чалавек, а мусіць быць трыста. Увогуле ж Еўрапейскія гульні — гэта плюс для краіны: іміджавы бізнес-праект, які можна прыгожа ўпакаваць і прадаць у выдатнай абгортцы як стартап, бо стартапы так і прадаюцца. Пад соусам "Беларусь — гэта Еўропа" гульні яшчэ доўга будуць спрабаваць прадаць не толькі ў Еўропу, але магчыма, і ў Кітай.
Тры пазітыўныя аспекты Еўрапейскіх гульняў
— Але ж выдаткаваная сума, якую агучылі яшчэ ў сярэдзіне гульняў, ужо перавышала лічбу ў 500 мільёнаў.
— Ніхто ў краіне ўжо 25 гадоў не верыць ніводнаму слову чыноўнікаў, у тым ліку і ў такія сумы, асабліва калі агучвае іх міністр ці Нацыянальны банк. Імаверна, план быў такі: у гэтую суму ўключаная палова камунальнага бюджэту Мінка, мадэрнізацыя інфраструктуры, дарогі, гатэлі і шмат-шмат усяго іншага: ад аўтамабіляў "Джылі" да рамонту ў інтэрнатах. Трэба разумець, што большая частка патрачаных грошай засталася ў краіне. Аляксандр Лукашэнка называў суму ў 50 мільёнаў затрат, і, хутчэй за ўсё, так яно і ёсць. Да лічбы прэтэнзій было больш за ўсё — яе радасна падхапіла грамадства. Вось сумна, што турысты не прыехалі, бо гульні былі вартымі большага.
Заява з сумай — гэта таксама палітычны акт для заходніх партнёраў, яна мусіла паказаць усю сур'ёзнасць нашых намераў. Бо так дражніць уласны народ ніхто не стане. Ну і калі гаворка ідзе пра тое, колькі школ і бальніц можна было адрамантаваць-пабудаваць на гэтыя грошы, то тут трэба разумець, што вядзецца пра іншыя грошы, то бок гульні мы зрабілі не за кошт бальніц-школ, гэта не так працуе.
— Але мы перыядычна чуем, што Кракаў адмаўляецца ад наступных гульняў, Нідэрланды таксама не захацелі іх праводзіць.
— Любому гораду ў Нідэрландах, Польшчы не трэба нічога даказваць. А мы даказвалі гульнямі, што Беларусь — гэта Еўропа. Так, гэта дорага каштуе, але яно і мусіць каштаваць дорага. Падобнае рабіў Азербайджан, спачатку праз Еўрабачанне, пасля праз Формулу-1, потым футбольная Ліга Еўропы ў Баку. Мы таксама імкнуліся паказаць, што нешта можам без Расіі. Што тычыцца Кракава, то яму яшчэ трэба пастарацца ад гульняў адмовіцца, ды і турыстаў у Кракаве за год больш, чым у Беларусі за пяць гадоў. Зразумела, што гульні не спадабаліся і выклікалі абурэнні ў жыхароў Мінска, але такія падзеі для мясцовых заўжды нязручныя, дзе б ні адбываліся — у Рыме, у Празе, у Лісабоне. Але гэта наш чарговы праект з замахам на Еўропу.
Віктар Марціновіч: Наша ўзяла!
— Але ж у нас быў ужо таксама іміджавы Чэмпіянат свету па хакеі.
— Той чэмпіянат стаўся пераломным пунктам у дваццацігадовай гісторыі краіны, першым прабітым акном у Еўропу, калі мясцовыя ўлады і сілавікі папрабавалі адпусціць лейцы і пасля зразумелі, што ад гэтага "ніхто не памёр". Развіццё Мінска, фудкорты, вуліцы барныя — гэта ўсё наступствы чэмпіянату. І цяперашнія гульні былі палітычным рашэннем.
— Вы казалі, што па падобнай схеме дзейнічаў Азербайджан. Ці дапамаглі гэтыя падзвіжкі ім?
— Не магу ацэньваць дакладна, але калі фінал галоўнага еўрапейскага футбольнага турніру адбываецца ў Баку, гэта ўжо датычыцца дзясяткаў, сотняў мільёнаў людзей. Нягледзячы на скандалы, калі армянскія легіянеры адмаўляліся ляцець у Баку ці калі геяў спрабавалі не пускаць у аэрапорце. Але факт фіналу застаўся. Вось хто ў Еўропе ведае пра Кыргызстан? А ў Азербайджана цяпер ёсць пазіцыя старту, гэтакая спроба купіць лаяльнасць да свайго рэжыму.
— У сувязі з гэтым пытанне пра цяпер супольны з Латвіяй хакейны чэмпіянат, які нас чакае неўзабаве.
— Ён пройдзе ціха і незаўважна: думаю, большая частка мерапрыемстваў будзе ў Латвіі, а сюды людзі будуць завітваць набегамі на дзень-два. Гэта нашмат больш лайтовы фармат, чым пяць гадоў таму. Нешта тут раіць не выпадае: бязвіз у нас ёсць, гатэлі падрыхтаваныя. Вялікія мерапрыемствы — гэта нармальная трэніроўка накшталт ваенных збораў для горада: транспарт, міліцыя працуюць файна — за гульні не было сорамна. Наступны ж чэмпіянат будзе ў такім паўпрацоўным рэжыме.
— Ну ёсць прыклад украінска-польскага супольнага чэмпіянату. Ці дало гэта нешта Украіне і ці можна правесці аналогію паміж Украінай і намі?
— Украіна тады адкрылася, паказала свету, што Украіна — гэта таксама Еўропа і ехаць туды нястрашна, нават весела. Быў такі ўздым, хаця частка турыстаў далей за Польшчу не паехала. У нас будуць давіць на савецкую спадчыну, свабодны ўезд, фудкорты і гэтак далей. Але ў нас апошнія некалькі гадоў актыўна працуе Федэрацыя лёгкай атлетыкі, у верасні будзе матч з вялікай вонкавай падтрымкай: зборная Еўропы супраць зборнай Амерыкі. Такія яскравыя, вузкаспецыялізаваныя мерапрыемствы ўжо праходзяць рэгулярна. Цяпер вось узяліся сур'ёзна за атлетыку. У наступным маі будзе чэмпіянат свету па спартыўнай хадзьбе, чакаецца дваццаць тысяч турыстаў. І вось такія вузкаспецыялізаваныя важныя падзеі добра працуюць на краіны. Пасля двух ключавых для Беларусі спартыўных мерапрыемстваў, Чэмпіянату па хакеі і Мінскага Polo-марафона, горад стаў адкрыты (згадайце Мінск яшчэ пяць-шэсць гадоў таму). Цяпер жа горад развіваецца праз спорт лепей, чым праз турызм.
— Вяртаючыся да нязручнасцяў і хібаў гульняў, прыгадаем хаця б палаткі на Кастрычніцкай.
— Арганізатары гульняў не мелі да гэтага дачынення, гэта іншыя інстанцыі вырашылі пад гэтыя даты падстроіцца. Так, палаткі былі жахлівымі, так запалохалі кастрычніцкіх хіпстараў, што яны ўвесь тыдзень тут не з'яўляліся. Днём тут часам складана паесці, бо ўсё занятае, а тут увесь тыдзень было пуста. Але калі казаць пра дарожны рух, рух грамадскага транспарту, разметку вуліц — усё зроблена ідэальна. Я ўвесь час ездзіў па горадзе, хадзіў на івэнты ва ўсіх месцах — усё на ўзроўні. Але, паўтаруся, нехта паставіў умоўную заслонку: не падтрымліваем урад краіны. Таму ніводнага глабальнага спонсара не было, а гэта адразу сто мільёнаў даляраў, калі мы пра вялікія кампаніі кажам. Таму за ўсё заплацілі мясцовыя. Таму былі неадэкватныя цэны і пустыя зоны гасціннасці. Бізнес пацярпеў. Але гэта хутчэй пытанне з разраду вялікай палітыкі.
Зона гасціннасці "Мінск". Як "палаткі на Кастрычніцкай" раздзялілі грамадства
Атрымалася добрае ўзварушэнне: альбо ты ляжыш на канапе і эканоміш жыццёвую энергію, альбо бяжыш, атрымліваеш траўмы, але пры гэтым развіваешся. Мінску гэта патрэбна. Але хутка і проста такія працэсы не адбываюцца.
Гутарыў Юрась Ускоў
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!