Мова Купалы і Коласа. Мова матчына. Мова як сэнс жыцця. Мова як наркотык. Мова як індульгенцыя. Забіць за мову! Дайце мне мовы – нічога больш! Змагацца за мову цаной усяго! Абсурд? Не, проста мова стала наркатычным трыпам.
Піліп Беспамылковы
Мова – неад’емная частка любой народнасці разам з этнікай, культурай і традыцыямі. Вядома, што мы жывём у час культурных войнаў, дзе адна этнакультура выцясняе іншую. Але ці можна перамагчы бясконцых ворагаў нашай “матчынай”, прызнаючыся і навязваючы сэксуальнае прыцягненне да беларускай… мовы?
Панове, ідэі 80-х – 90-х ужо даўно даказалі, што старыя падыходы не працуюць. Ну нельга ў нашых абставінах абмазацца мовай і верыць, што ёй абмажацца ўся краіна. Я ўжо маўчу пра тое, што адна беларуская выцягне ўсе астатнія праблемы краіны. Але калі раней гэта мела проста рамантычна-патрыятычны змест, то цяпер пачаліся сапраўдныя 60-я – 70-я.
Сучасны беларускі Хантэр Томпсан едзе ў беларускі Лас-Вегас з цішоткамі пра мову замест мескаліну, другагатункавым, але беларускамоўным музлом замест шышкавідкі і г.д. А тым часам асноўная маса нашых беларускамоўных ходзіць у клёшы, едзе на мясцовы Вудстак і ўсюды займаецца палавымі актамі беларушчыны, выступаючы за любоў да яе па ўсёй краіне. Але з адной паправачкай: тут няма рок-н-ролу, толькі саўковыя “Песняры” і некалькі беларускамоўных імпартазамяшчальных музычных праектаў. А пагоня, бчб і арнамент – гэта ўжо як стандарт. Іншага ім і не трэба…
Калі казаць сур’ёзна, то відавочна існуе праблема, што беларуская мова знікае і ў дрэнным стане. Але ж бачачы праблему, усе пабеглі яе вырашаць і нешта выдумляць, замест каб зірнуць у прычыну і сутнасць пытання. А насамрэч іх шмат.
Успамінаем першы пункт і прыходзім да галоўнай высновы. Мова – не адзіны і ніякім чынам не самастойны элемент нацыяўтварэння, хаця і важная яго частка. Калі хочаце беларускай, падымайце і папулярызуйце культуры, дзе вы будзеце ўшываць гэты код. І самае галоўнае, каб гэта было ЦІКАВА І МАСАВА, а не пераклады малавядомых аўтараў ды шэраг гуртоў-шаблонаў з адным матывам і капіяваннем заходніх выканаўцаў. Паверце, такое не прывядзе беларускую мову і культуру да перамогі.
Дарэчы, фанатычнасць адэптаў мовы не дапамагае, а шкодзіць ёй, бо ніхто не любіць фанатыкаў. Вы самі ўспомніце, як рэагуеце на надакучлівых крышнаітаў і сведак Іеговы. Ці прываблівае вас іх нахабнасць?
Моцна гэта дапамагае вам прасякнуцца жаданнем да іх далучыцца? Ну дык вось, адэпты фанатычнай беларусізацыі, большасць вас успрымае менавіта так. І гэта не людзі вінаватыя, проста піяр атрымаўся правальны. Таму не сітуацыя ў краіне вінаватая, а падбор і выкарыстанне падыходаў. Хочаце мовы ў краіне? Зрабіце яе трэндам! І не ў стылі нашага гета, а менавіта для масы, моладзі, беларусаў. Паверце, уяўленні круцізны, моды і трэнду тут моцна адрозніваюцца. І карцінку Крааткевіча з кацянятамі ніяк не назавеш працоўным прыкладам моўнай рэкламы.
P.S. Я стаўлюся да Караткевіча станоўча, хоць і не ва ўсім. Таму прашу не лічыць аўтара артыкула ворагам беларушчыны і беларускай класікі толькі праз прыклады і крытыку.
Багдан Сакалоў