Засталіся лічаныя дні да галоўнай даты гэтага стагоддзя у Беларусі — першай сотні гадоў з моманту абвяшчэння БНР. Але ў радасці ад блізкага свята можна забыцца на адно даволі важнае пытанне — што мы можам узяць з сабой у наступнае стагоддзе? Якім стагадовым здабыткам мы можам сапраўды ганарыцца? І ўвогуле, ці ёсць чым нам ганарыцца? Маладзён разважае.
Пачнём з удару ў галаву: на жаль, далёка не ўсе беларусы ўвогуле ўсведамляюць важнасць і неабходнасць гэтай даты. Для іх ніякае стагоддзе не надыходзіць, і вынік — рэфлексіі аб нацыянальных здабытках тут не актуальныя. Ну, калі нешта і думаецца, то ў бок вялікага кастрычніка, Машэрава і завода МТЗ. А самыя вытанчаныя гурманы смакуюць спадчыну Сталіна і дагэтуль лічаць яго нумарам адзін. Не самая прыемная карціна перад 25 сакавіка, праўда?
Але давайце будзем шчырымі. Да нейкіх сапраўды вялікіх пераменаў нам яшчэ невядома колькі чакаць, таму справа гета яшчэ доўга будзе актуальнай. Пры тым, што нарэшце колькасць нашай беларускай камуны пачала расці і нават недзе зрэдку праскокваць у кантэксце Беларусі. Да чаго я гэта кажу? Гэта азначае, што менавіта дзеля гэтай групоўкі і варта рабіць нейкую рэфлексію, будаваць дыскурс, а потым разам спяваць і адзначаць нашае стагоддзе!
Дык пра здабыткі… з чым нам ісці на 25 сакавіка? Што мы можам успомніць нягледзячы на ўзрост і зацікаўленні і пры гэтым аднолькава адчуваць гонар за гэта? Большасць, мабыць, адразу паспрабуе назваць непасрэдна ініцыятараў БНР, але я б паспрачаўся. На жаль, гэтая падзея ў нашай памяці засталася менавіта як нейкі акт, але ўдзельнікі тых падзей за ўвесь гэты час не сталі героямі, як, напрыклад, у Літве. Ну сапраўды, колькі з нас можа назваць усіх асноўных асобаў у БНР? Прызнаюся шчыра, я асабіста не назаву. Таму трэба браць далей.
І вось тут мы атрымліваем велізарны шэраг рознай літаратуры, твораў мастацтва і дзеячаў розных поглядаў і інтарэсаў. Колас, Купала, Малевіч, Караткевіч, Машэраў… І ў плане пісьменнікаў у нас нібыта не ўсё так дрэнна, бо ў школе як-ніяк усе праходзяць. Але ж і тут не без пытанняў. Ці можна ганарыцца Купалам, які падчас расстрэлаў сваіх калег спакойна сядзеў у вялікай кватэры са Сталінскай прэміяй? Ці здолее моладзь ганарыцца амаль аднатыпнымі ўзорамі беларускага сацыялістычнага рэалізму ці вершыкамі пра лясочкі і птушак? Статыстыка папулярнасці беларускай літаратуры кажа сама за сябе. Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што ў нас дрэнная літаратура! У нас вельмі шмат сапраўды якасных твораў нават тых, савецкіх часоў, не кажучы ўжо пра спадчыну расстраляных пісьменнікаў. Проста… можа, трэба нарэшце падабраць творы, якія сапраўды будуць актуальнымі для нас заўсёды? Тады і гонар з’явіцца, ды і густ літаратурны пачне толькі паляпшацца.
Я тут крыху Малевіча закранаў… Мастацтва. З ім у нас выдатна, яскравых і сапраўды выбітных творцаў хапае з галавой, але ж… Такое адчуванне, што іх проста не існуе. Для многіх з нас Дзень Волі робіцца знакам барацьбы, але ў гэтай шматгадовай Піравай вайне мы забыліся, што Нацыя і Воля — гэта яшчэ і наша памяць. Папулярызацыя мастакоў-класікаў у нас вельмі кволая, цікавасць вельмі нізкая. І вось тут, я лічу, трэба рабіць вялікую працу па выпраўленні, каб мы ўсё ж маглі сказаць пра беларускую мастацкую школу і спадчыну ў наступным стагоддзі. Каб не было больш паўтору гэтага артыкула.
Я магу пералічаць далей, паглыбляцца ў асобы, іх гістарычныя і ідэалагічныя супярэчнасці, спарадзіць шэраг новых інтэрнэт-срачаў, але… Што гэта зменіць у нашай скарбонцы гонару? А нічога, на жаль.
За стагоддзе беларусы пераадолелі багата цяжкіх і не вельмі падзей. За гэтыя сто гадоў мы атрымалі пэўны здабытак твораў, гісторый і артэфактаў тых часоў. Менавіта гэтыя гады сфармавалі нашае сёння. І таму нам засталося не так і шмат — прааналізаваць першае стагоддзе, узяць з сабой найлепшае і пачаць будаваць новы падмурак для наступных тысячагоддзяў Беларусі. Але каб аснова была крэпкай, нам трэба займець свой годны спіс гонару, які стане візітоўкай, харугвай і сімвалам магутнай і непераможнай Беларусі!
Толькі тады мы зможам сказаць з гонарам, што першыя сто гадоў для нас прайшлі не дарма, а тыя ахвяры ўсё ж далі нам будучыню.
Таму вывучайце, абірайце, ганарыцеся і святкуйце! Яшчэ шмат стагоддзяў Беларусі мы жадаем і зробім усё, каб кожны раз рабілася ўсё лепш і лепш!
Жыве Беларусь!
Багдан Сакалоў
Ілюстрацыя: @animatarka Воля Кузьміч