Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч пішана сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра сітуацыю ва Украіне і пра тое, што ён адчувае, бачачы, як свет, намаляваны ім ў кнізе «Сабакі Эўропы», з жудаснай хуткасцю робіцца не менш жудаснай рэальнасцю.

Фота з ФБ Альгерада Бахарэвіча
У мяне часта пытаюцца, што я адчуваю, бачачы, як сьвет, намаляваны мной у «Сабаках Эўропы», з жудаснай хуткасьцю робіцца ня менш жудаснай рэальнасьцю. Нашай з вамі рэальнасьцю.
Вядома, ніякай радасьці аўтар не адчувае.
Ёсьць хіба што пэўнае зьдзіўленьне — усё адбываецца значна больш імкліва, чым я думаў. Так, крыху зьдзіўленьня — а пераважна: нянавісьць, смутак, спагада і: жах.
А яшчэ сорам.
Мне сорамна за людзей, якія не хацелі і ня хочуць ведаць гісторыю і не зьбіраюцца рабіць высноваў. За заходніх і ўсходніх палітыкаў, якія паўтараюць тыя самыя памылкі, пра якія яны, упэўнены, чыталі, калі вучыліся ў сваіх прэстыжных унівэрсытэтах. Сорамна за тых, хто дагэтуль лічыць, што гісторыя — гэта тое, што было, гэта нейкія там нудныя кніжкі, якія ня маюць нічога агульнага зь цяпершчынай.
Мне сорамна за дзяржаву Беларусь, якая робіцца пляцдармам для вайны дзякуючы так званай «уладзе» ў Менску. За дзяржаву, якой ужо практычна няма. Беларусь акупаваная — і, магчыма, некалі яе будуць называць «першай ахвярай расейскага фашызму». Як дзесяцігодзьдзямі называлі «першай ахвярай» краіну, дзе я цяпер жыву. Гэта адбудзецца толькі тады, калі ўсё ня скончыцца поўнай катастрофай —і пра Беларусь будуць памятаць толькі гісторыкі. Якіх у чарговы раз ніхто не паслухае. Як ня слухаюць сёньня пісьменьнікаў і паэтаў.
Мне сорамна за Беларусь як палітычнае фармаваньне — але мне ня сорамна за нас, беларусаў. <...> Беларусы не прайгралі сваю вайну і сваю рэвалюцыю — бо гаварыць у нашым выпадку ў спартова-мілітарнных катэгорыях паразы ёсьць проста глупствам. Калі ўзброеная пачвара б’е цябе па галаве і потым жарэ жыўцом, радасна рагочучы: «Проіграл! Проіграл!» — гэта не твая параза. Гэта культ пачвары дасягнуў свайго лягічнага завяршэньня. Беларусы не падтрымалі пуцінскую імпэрыю — нас проста зьнішчаюць па адным і групамі.
Таму балюча чуць ад некаторых украінцаў пра нейкую беларускую віну. Гэта тое самае, што абвінавачваць ахвяру катаваньняў у тым, што яна сваімі крыкамі толькі распальвае апэтыты ката. Так, мы можам толькі крычаць — але ня можам біцца.
Беларусы сваё слова сказалі і кажуць. Але цяпер усё залежыць ад Захаду. Ці будзе ён паўтараць памылкі і «змагацца за мір, абіраючы ганьбу і атрымліваючы вайну». Як гэта ўжо ня раз бывала. Нам трэба разумець, што мы людзі. У гэтым наша слабасьць і наша сіла. Мы вельмі рэдка можам зьмяніць тое, што засела ў галавах адурэлых палітыкаў, у якіх ёсьць зброя, паранаідальныя ідэі і верныя рабы.
Мы можам выяўляць салідарнасьць, падпісваць пэтыцыі і махаць сцягамі. Тым, хто гуляе ў танкі і бомбы, на нас збольшага напляваць. Але ў кожнага з нас ёсьць свабода ўнутры чарапной каробкі. Тое, што мы маем там, нікому не зьмяніць. Мы маем права і сілу ня верыць прапагандзе, не пагаджацца, не прызнаваць рэчаіснасьць нармальнай, мы можам аб’ядноўвацца і гэтак супрацьстаяць.
Мы не дамо ім спакойна ладзіць свае танцы на трупах. Мы будзем крычаць ім, што яны злачынцы. Мы не дамо ім спакойна спаць і спакойна памерці з пачуцьцём выкананай місіі.
<...>
Вайна пачалася ня сёньня. Вайна была заўсёды. І сьлепата таксама. Калі імпэрыя нішчыла чачэнцаў у 90-я — людзі лічылі, што пануе мір. Калі абаранялася Грузія, калі пуцінскаму фашызму супрацьстаяла Украіна — большасьць эўрапейцаў лічылі, што гэта таксама ўсё яшчэ мір. Калі расейская прапаганда пераможна заваёўвала новыя і новыя тэрыторыі — гэта лічылася свабодай слова. Калі ў 2020-м зьнішчалі беларусаў — сьвет усё роўна ня верыў у вайну. А яна ішла.
Бо нехта на Захадзе на пачатку 90-х паверыў, што ў Расейскай імпэрыі магчымая дэмакратыя — калі тую імпэрыю гладзіць і лашчыць, калі паважаць яе і прызнаваць, калі пагадзіцца з тым, што гэта нармальна: агромністая імпэрыя пасярод стомленай ад войнаў зямной кулі. Ім не прыходзіла ў галаву, што гэта заўсёды будзе пагрозай. Што імпэрыя абавязкова ачуняе, дайце ёй толькі час і чарговага цара.
Калі я чытаю ў Цімаці Снайдэра ў «Дарогах да несвабоды» пра «прадвызначанасьць» — я не разумею аднаго: чаму яго працы працягваюць чытацца як нейкая эсэістыка? А ня як зробленая сьвету перасьцярога?
Напэўна, з той самай прычыны, чаму «Сабакі Эўропы» чыталіся тымі шасьцю тысячамі чалавек як нейкая казка ці ўсяго толькі антыўтопія. Большасьці хочацца верыць у мір — а мір для іх тое, што не закранае іх уласнага маленькага сьвету.
Летась мяне папрасілі апісаць у кароткім тэксьце для замежнікаў — што, паводле «Сабакаў Эўропы», адбылося паміж 2017, калі пісаўся раман, і 2049-м, калі адбываецца дзеяньне апошняй часткі.
Вось гэты кароткі тэкст.
***
Беларуская рэвалюцыя 2020 году была жорстка задушаная дыктатарскім рэжымам. У 2025 годзе Расея анэксавала Беларусь і абвясьціла вайну Ўкраіне і краінам НАТА. У выніку пачалася новая сусьветная вайна з ужываньнем атамнай зброі. Дэмакратычныя краіны не змаглі выступіць супраць агрэсара адзіным фронтам. Эўразьвяз спыніў сваё існаваньне, распаўшыся на некалькі блёкаў, кожны зь якіх праводзіў уласную палітыку. Эўрапейскія сталіцы ляжалі ў руінах. Кітай, абвясьціўшы фармальны нэўтралітэт, насамрэч падтрымаў агрэсара. Увесну 2027 году ў Куала-Лумпуры нарэшце было абвешчанае перамір’е. Улетку Масква абвясьціла пра стварэньне эўразійскай імпэрыі, Расейскага Райху. У ягоны склад увайшлі ўсе тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, Усход Украіны, Беларусь, Крым, а таксама далучаныя ў выніку вайсковых дзеяньняў Манголія, Карэя, Цэнтральная Азія, Казахстан, Афганістан, Фінляндыя і прыбалтыйскія краіны. 7 лістапада 2028 году у Крамлі быў каранаваны на царства расейскі імпэратар Віталь І. Сьвет, які з пачатку стагодзьдзя паступова рабіўся ўсё больш біпалярным, зноў быў падзелены паміж двума сыстэмамі. Пераадолеўшы супярэчнасьці, вольная Эўропа стварыла Лігу эўрапейскіх дзяржаваў. Паміж Захадам і Усходам вырас Вялікі Мур, які ў Расейскім Райху назвалі Западной граніцей. Але ўвесь гэты час на заходнім баку Вялікага Муру існавалі створаныя яшчэ ў 2020-м групы Беларускага Супраціву. Разрозьненыя, кожная са сваёй стратэгіяй і сваімі кіраўнікамі, яны не пакідалі мараў аб незалежнай і вольнай Беларусі.
***
Гэта тэкст для замежнікаў. Гучыць па-вар’яцку. Гучыць як фантастыка ці як трызьненьне. Між тым, толькі за апошнія дні сьвет настолькі наблізіўся да такога сцэнару, што я не лічу гэты тэксьцік ані вар’яцтвам, ані фантазіяй. Я наўмысна не пісаў у ім пра тое, чым скончылася гісторыя з Украінай. Яна ня скончылася. Летась у Тбілісі я адстойваў сваё перакананьне: Украіна ўжо назаўсёды адарвалася ад імпэрыі. Пуціну яе ўжо не вярнуць. Адлегласьць занадта вялікая — і моцы ў царка ня хопіць. Але платай за гэтае вызваленьне ёсьць і Беларусь таксама. Мы мусім разумець, што імпэрыя ніколі не дапусьціць таго, каб Беларусь была вольнай. Пакуль стаіць і гістэрычна енчыць на ўвесь сьвет Крэмль — сама ідэя Беларусі будзе заснаванай на змаганьні за сваё існаваньне, на вечным супраціве, а не на міры.
Вайна ідзе ўжо даўно. Падтрымаць Украіну і ўсіх, хто вядзе барацьбу супраць пуцінскай імпэрыі — гэта ня тое, што трэба пакідаць будучым пакаленьням.
Застацца сабой, захаваць сябе, не ісьці на кампрамісы і не дамаўляцца з маньякамі, мець адказнасьць і адчуваць гаючы сорам за тое, у чым ніхто з нас не вінаваты— гэта тое, што кожны з нас можа зрабіць у межах хаця б сваёй чарапной каробкі. Украіна, мы з вамі і мы за вас. Тыя, хто жыве ў Беларусі, і тыя, хто ў эміграцыі раскіданыя па розных гарадах і краінах — мы разумеем, што вы цяпер стаіцё за ўвесь вольны сьвет. На вас наша надзея. У вас наша вера. За вас наш боль.
Асабіста я буду выкарыстоўваць ня толькі сваю чарапную каробку, але і той голас, які дае мне літаратура, каб крычаць пра вас і не даваць зьвесьці ўсё зноў да марнай балбатні. Не пагарджайце Беларусьсю — яна не здалася. Памятайце пра нас як пра ахвяру на шляху Зла, зь якім вы цяпер твар да твару, вочы ў вочы, сьвет да сьвету.