Што насамрэч Шагал намаляваў на знакамітай «Прагулцы», якую зараз выстаўляюць у Менску. Спыталі ў мастацтвазнаўцы

У Менск прывезьлі адну з самых пазнавальных карцін Марка Шагала, напісаную ім у Віцебску ў 1917-м. Чаму «Прагулку» выстаўляюць ня ў родным горадзе мастака і ці шмат пра творчасьць Шагала можна даведацца з аднаго палатна, нават калі яно шэдэўр? «Радыё Свабода» пагаварыла пра гэта з мастацтвазнаўцам.

8 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася выстава аднаго твору — сусьветна вядомай карціны Марка Шагала «Прагулка», напісанай у Віцебску ў 1917 годзе. Гэта ня першы «візыт» шагалаўскіх твораў на радзіму аўтара. Працы Шагала з калекцыі яго сям’і паказвалі ў 1997 годзе ў Менску на выставе «Марк Шагал. Творы міжземнаморскага пэрыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949–1985».

Afiša vystavy adnoj karciny «Prahulka» ŭ Nacyjanaĺnym mastackim muzei Bielarusi
Афіша выставы адной карціны «Прагулка» ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі


У 2000 годзе была выстава «Марк Шагал. Прысьвячэньне Парыжу», у 2002-м — «Марк Шагал. Краявіды», у 2004-м — «Марк Шагал і сцэна». Гэтыя выставы арганізоўвалі ўнучкі Шагала Бэла і Мэрэт Мэер. Пазьней ў Нацыянальным мастацкім музэі праходзілі выставы «Марк Шагал і мастакі эўрапейскага авангарду» (2010), «Марк Шагал: жыцьцё і каханьне» з калекцыі Музэю Ізраілю (Ерусалім), «Марк Шагал: Колер каханьня» з музэйных і прыватных калекцыяў Беларусі.

Цяперашняя выстава працягнецца тры месяцы, «Прагулка» вернецца ў Расею ў ліпені.

«Яго вочы былі такія блакітныя»

Марк Шагал напісаў «Прагулку» ў 1917 годзе — пасьля вяртаньня зь Пецярбургу ў Віцебск ён працаваў у родным горадзе камісарам па мастацтве і адкрыў у Віцебску мастацкую школу.

Галоўная тэма «Прагулкі» — каханьне, якое ўзьнімае над зямлёй, палёт, свабода. Зямля — рэальнасьць, неба — эмоцыі. На карціне сам мастак стаіць на зямлі, а ягоная маладая жонка Бэла ляціць у небе, трымаючы мужа за руку.

Пазнаёміліся Марк і Бэла ў 1909 годзе ў Віцебску. Яму 22, ёй 19. Ён — бедны мастак, яна — з багатай сям’і. Гэта было каханьне зь першага погляду. Пабраліся маладыя ў 1915-м, падчас Першай усясьветнай вайны. Гэта быў пэрыяд максымальнага шчасьця, які пазьней стане асновай для многіх іншых Шагалавых палотнаў.

Mark i Bela Šahaly
Марк і Бэла Шагалы, фота Хьюга Эрфурта


Бэла стала музай мастака, інтэлектуальнай партнэркай. Яна прысутнічае амаль на ўсіх ягоных галоўных карцінах. І Марк таксама быў для яе ўсім. Бэла пазьней напіша: «Яго вочы былі такія блакітныя, быццам неба ўвайшло ў іх».

Калі Бэла ў 1944 годзе памерла ад віруснай інфэкцыі, Марк Шагал ня мог маляваць амаль год, быў у глыбокай дэпрэсіі.

Больш за стагодзьдзе мастацтвазнаўцы расшыфроўваюць «Прагулку». Зялёныя хаткі — пэйзаж вёскі Завольша каля Лёзна, дзе правялі свой шчасьлівы мядовы месяц Марк і Бэла. Ружовая царква — Пакроўская, гэта від з акна бацькоўскай хаты ў Віцебску. Дамы крыху «няправільныя», пэрспэктыва скажоная. Бутэлька і ежа на стале — сымбаль хатняга жыцьця, сьвята, сямейнага шчасьця. Чыстае неба — сымбаль бясконцасьці.

Мастацтвазнаўцы дагэтуль разважаюць, чаму Марк Шагал не выявіў сябе таксама «лятучым». Найбольш пашыраная вэрсія — мастак трымае Бэлу, бо ён — апора, ён стаіць упэўнена, але крыху «прыземлены». Ён той, хто бачыць цуд, але застаецца ў рэальнасьці.

«Прагулка» ў Віцебску

З 1920 году карціна знаходзіцца ў пастаяннай экспазыцыі Дзяржаўнага Рускага музэю ў Пецярбурзе. За больш чым сто гадоў «Прагулка» пабывала на выставах у Празе, Маскве, Лёндане, Мадрыдзе, Рыме, Мілане, Більбао, Пэкіне, Сэуле. І нарэшце дабралася да Беларусі.

Мастацтвазнаўца, які пракамэнтаваў выставу Свабодзе на ўмовах ананімнасьці, уважае, што было б правільна прывезьці «Прагулку» ў родны горад мастака — Віцебск.

«Прагулку» спачатку павезьлі ў Кітай, а пасьля ўжо ў Менск. Каб паказаць карціну на радзіме Шагала, спатрэбілася амаль 40 гадоў незалежнасьці. Нарэшце яна прыехала ў Менск. Было б, вядома, сымбалічна, каб яе прывезьлі ў Віцебск. Гэта быў бы таксама этычны, маральны момант. «Прагулку» Шагал у Віцебску пісаў як частку трыптыху. Я б назваў гэты трыптых так: «Прагулка» (або «Прамэнад»); «Двайны партрэт з келіхам віна», які знаходзіцца ў Парыжы, у цэнтры Пампіду; «Над горадам» (у Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве)«, — апавядае мастацтвазнаўца.

«Prahulka» Marka Šahala
«Прагулка» Марка Шагала


Зь Пецярбургу ў Менск палатно даставілі 4 красавіка. Фармат «Прагулкі» 170 на 164 сантымэтры. Страхавы кошт карціны — камэрцыйная таямніца. Як і сама яе цана: адмыслоўцы называюць лічбу 15-16 мільёнаў даляраў. І гэта для Шагала не рэкорд. Найдаражэйшае яго палатно — «Сон цара Давіда» — ацэньваюць ў 26,5 млн даляраў, яно знаходзіцца ў Японіі.

Мастацтвазнаўца кажа, што выстава адной карціны Марка Шагала ў Менску — натуральна, не за кошт Нацыянальнага мастацкага музэю. Асноўным яе спонсарам стаў расейскі банк «Сбер». У залі, дзе выстаўлена карціна, побач зь дзяржаўным чырвона-зялёным паставілі вялікі расейскі сьцяг.

«Міністэрству культуры Беларусі не па кішэні такая страхоўка. І гэта не дабрачыннасьць з боку Расеі — ня трэба надаваць гіпэр- і супэрперабольшваньняў гэтай падзеі. Гэта канкрэтныя рэклямныя мэты спонсараў і арганізатараў — карціна прывезена ў Менск у рамках расейска-беларускага сяброўства. Рэкляма, спонсары — чысты бізнэс. І ў цэлым нашаму Нацыянальнаму музэю няма з чаго выбіраць. Раней выставы Шагала ў Беларусь прывозілі ягоныя ўнучкі. Тое было лягічна: нашчадкі прадстаўлялі творы свайго геніяльнага дзеда. У гэтым выпадку кантэкст крыху іншы: умацаваньне расейска-беларускага партнэрства. Гэта разавая акцыя, якая відавочна носіць палітычны характар», — перакананы мастацтвазнаўца.

«Nad horadam»
«Над горадам»

Гэта ня першая выстава адной карціны ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. І гэта мала што зьмяняе ў культурнай прасторы, працягвае ён.

«Прыходзяць пару дзясяткаў чалавек, якія ведаюць, што гэта высокае мастацтва і чаму яго трэба цаніць. А некалькі соцень прыйдуць, каб зрабіць сэлфі і выставіць сябе на фоне твору Шагала ў інстаграме. Але гэта ім не дадае разуменьня, кім быў Шагал, не дадае кантэксту, дзе ён нарадзіўся і вырас. Цікава, колькі разоў у школе ўзгадваюць Шагала і на якіх прадметах — пасьля скасаваньня «Ўсясьветнай мастацкай культуры»? У Менску маглі б хоць вуліцу імем Шагала назваць. Вось ў Аўстрыі ёсьць усясьветна вядомы брэнд цукерак «Моцарт»», — кажа мастацтвазнаўца.

Суразмоўца ўзгадвае, што ў Беларусі ў канцы 1990-х была спроба назваць імем Марка Шагала брэнд гарэлкі. Але дзякуючы ўмяшаньню грамадзкасьці і ўнучак мастака гэтага не адбылося.

Vulica imia Marka Šahala, Viciebsk Вуліца імя Марка Шагала, Віцебск


У родным для мастака Віцебску вуліца і праезд Марка Шагала ёсьць, яны побач з музэем і арт-цэнтрам. А больш за ўсё вуліц Шагала ў Францыі: у Парыжы, Ніццы, Сэн-Поль-дэ-Вансе (дзе мастак жыў у апошнія свае гады); у Ізраілі — у Тэль-Авіве і Хайфе. Ёсьць вуліцы Марка Шагала ў расейскім Калінінградзе, украінскім Дніпры.

Mark Šahal

Шагалаўскую «Прагулку» можна будзе пабачыць у Менску да 6 ліпеня.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць