Чатыры байцы зборнай Беларусі выправіліся на самы статусны турнір пасля Алімпіяды ў Лондане.
Удзел у так званым Кубку свету сярод нафтаздабывальных краін бралі 15 зборных. Праходзілі спаборніцтвы ў расійскім градзе Белаярскі.
Наш Сяргей Карнееў (91 кг, трэнер — Канстанцін Маханькоў) ехаў у Расію, каб паквітацца з азербайджанцам Тэймурам Мамадавым (яму беларускі баец дзіўным судзейскім рашэннем прайграў у на Алімпіядзе ў Лондане).
Легенда сусветнага прафесійнага боксу Косця Цзю вітае Сяргея Карнеева і яго трэнера.
Але за дзень да спаборніцтваў азербайджанская дэлегацыя паведаміла: “Мамадаў захварэў…” Такім чынам, Карнееў перамог паляка і казаха (у вельмі цяжкім супрацьстаянні) і ўзяў першае месца.
Лёгкавагавік беларускай зборнай Вазген Сафар’янц (60 кг, трэнер — Станіслаў Глушанкоў) перамог армяніна, украінца і расійца. Баец з Мінска здабыў не толькі першае месца, але і прыз самага тэхнічнага баксёра спаборніцтваў.
Вазген колькі гадоў таму прыехаў у Беларусь з Асеціі і стаў адным з лідараў нашай зборнай.
Яшчэ адзін беларускі баксёр, Яўген Рамашкевіч (69 кг), падняўся на трэцюю прыступку п’едэстала.
Хоць беларуская каманда і прыехалі на турнір у такім абмежаваным складзе, нашы занялі трэцяе агульнакаманднае месца.
Галоўныя спаборніцтвы 2013-га года — чэмпіянат Еўропы, які павінен адбыцца ў Мінску. Але інфармацыі пра такую важную спартовую падзею пакуль мала.
Фота з архіва зборнай Беларусі па боксе.