Баксёр Юрый Раманаў. Непераможаны ў Еўропе накаўцёр (фота, відэа)

Гэтага беларуса ставілі на першыя радкі сусветных рэйтынгаў. Тройчы Юрый меўся змагацца за пояс чэмпіёна планеты. Але галоўныя двубоі жыцця здзекліва зрываліся.

Два гады таму Раманаў знік з інфармацыйнай прасторы. Многія ўжо і забыліся пра існаванне байца. А ён, як выявілася, трэніруецца ў Галівудзе і рыхтуецца стрэліць па-сапраўднаму моцна. 

Падчас трэніроўкі ў адным з залаў Лас-Анджэлеса 

Лёгкавагавік Юрый Раманаў — бадай самы агрэсіўны і відовішчны баец за часы незалежнай Беларусі. Цудоўна б’е з абедзвюх рук, выдатна гатовы ў фізічным плане, устойлівы маральна.

Хоць у дзяцінстве спартыўным вундэркіндам Юрый не быў.

Займацца я пачаў з 12 гадоў. Трэнер Пётр Іванавіч Букштановіч хадзіў па школах і набіраў вучняў у залу на вуліцы Сямашкі ў Мінску. Зала была побач з домам. Адгукнулася большая частка майго класа. Спачатку я не вылучаўся на тле іншых, але з часам усе пасыходзілі, а я застаўся. 

Кажуць, што юнаком, выступаючы па правілах алімпійскага боксу, Юрый разбіваў супернікаў ушчэнт. Даваў газы нават дарослым удзельнікам нацыянальнай зборнай, алімпійцам. Аднак прабіцца ў галоўную каманду краіны папросту не далі — звычайная бюракратыя.

Тады Юрый і іншыя перспектыўныя хлопцы з яго залы абралі яшчэ больш пакручасты шлях: пачалі выступаць “па прафесіяналах” (самыя жорсткія правілы, дзе байцы не карыстаюцца  абарончым шлемам а колькасць раўндаў замест трох дасягае дванаццаці).

Вельмі хутка відовішчнага беларускага юнака (яму не было і дваццаці) пачалі запрашаць на буйныя прафесійныя турніры.

— З самага пачатку мяне кідалі пад “танкі”, клікалі на шоу ў якасці “апанента” пад больш вядомых байцоў. Першы такі двубой ладзіўся ў Польшчы. Арганізатары разлічвалі, што паляк мяне лёгка накаўтуе. Але выйшла па-іншаму: я біў яго ўсе дзесяць раўндаў. Перамогу ўсё адно аддалі паляку. Тады я зразумеў, што за мяжой перамагаць трэба накаўтам. Іначай справядлівасці не будзе.

Адабраць пояс чэмпіёна Еўропы ў Раманава так ніхто і не змог

З тае пары большасць прафесійных баёў Раманава заканчваліся датэрмінова.

Ужо ў 21 год, што надзвычай рана для прафесійнага боксу, ён меў магчымасць біцца за пояс чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў у версіі WBO. Мець такі пояс — вяршыня Алімпа для мільёнаў баксёраў. А заваёўваюць тытул толькі адзінкі.

Пояс абараняў знакаміты на той час  немец армянскага паходжання Артур Грыгаран. Пачалі рыхтавацца. Раптам перад боем у мяне здарыліся незразумелыя праблемы са здароўем. Тытульны бой адмянілі. Медыкі не маглі зразумець, што адбываецца. Абследаванні рабілі і ў нас, і ў Расі. Паказчыкі арганізму добрыя, а тэмпература не знікае. Дактары нічога патлумачыць не змаглі, называлі з’яву анамальнай. Я спрабаваў займацца спортам, рабіў прабежкі, спрабаваў сябе перасіліць, нават правёў у такім стане некалькі баёў, перамагаў. А здароўе ніяк не папраўлялася. Я не мог ні змагацца, ні жыць нармальна. Праблема з тэмпературай выкінула мяне з вялікага спорту на два гады.

З легендарным прамоўтарам Донам Кінгам Са знакамітым мексіканскім байцом Хуанам Мануэлем Маркесам

***

Юрый, было, сышоў са спорту, спрабаваў наладзіць прадпрымальніцкую дзейнасць на “Ждановічах”. Але бізнэс не пайшоў.

Тым часам здароўе нармалізавалася, і баец вырашыў вярнуцца на рынг. Атрымаўшы некалькі яркіх перамог,  Юрый зноўку хутка ўзабраўся на вяршыню прафесійнага боксу. Ён заваяваў тытул чэмпіёна Еўропы ў версіі EBU (самая прэстыжная на кантыненце), разграміўшы іспанца Дыяса. Двойчы абараняў гэты тытул, біў у тым ліку прызёраў Алімпіяды, зноўку выйшаў на першыя радкі сусветных рэйтынгаў.

Вось-вось мусіў адбыцца тытульны двубой з лацінаамерыканцам Ангулам. Для гэтага Раманаў быў вымушаны адмовіцца ад усіх сваіх папярэдніх паясоў (адабраць тытул чэмпіёна Еўропы ў яго так ніхто і не змог). Усё, што можна было скарыць на нашым кантыненце, ён і так скарыў.

Але тытульны двубой зноўку зрываецца. Праз некалькі гадоў легендарны прамоўтар Дон Кінг назаве сваю версію праблемы: пасіўнасць беларускіх спартыўных чыноўнікаў (не знайшлі некалькі соцень тысяч даляраў для арганізацыі шоу ў Мінску) і перашкоды з боку бізнэсоўцаў-нядобразычліўцаў.

Так Юрый Раманаў зноўку знікае з інфармацыйнай прасторы і, на думку многіх, перастае выступаць.

***

Калі я доўга не трэніруюся, то ўсё адно цягне ў залу, — сустракаемся з байцом праз скайп. — Гэта наркотык. Калі перамагаеш, атрымліваеш агромністую асалоду, з’яўляецца стымул жыць. Гэтае ўражанне цяжка параўнаць з якім-небудзь іншым. Я не мог адмовіцца ад боксу, нягледзячы на шматлікія расчараванні. І вырашыў рызыкнуць па поўнай: нічога альбо ўсё. У Беларусі не было абсалютна ніякіх магчымасцяў. Пераехаў трэніравацца ў Лос-Анджэлес. Пакуль я жыву тут і чакаю свайго часу. Правёў рэйтынгавы двубой і накаўтаваў амерыканца ў пятым раўндзе.  

Баксёр Юрый Раманаў— А ў якіх умовах жывяце? Хто вас трэніруе і дзе?

— Давялося пабываць у розных залах. Трэніраваўся і ў чыста “мексіканскай”, і ў залах з сусветнымі імёнамі. На ўласныя вочы пабачыў, як рыхтуюцца да баёў сённяшнія суперзоркі. Мяне сёння трэніруе ўкраінец, але з беларускім трэнерам Пятром Букштановічам захаваліся добрыя адносіны.

— Ці праўда, што ў хуткім часе зноўку будуць баі?

— Прапановы ёсць. У тым ліку вяліся гаворкі пра паядынкі за чэмпіёнскі тытул. Але канкрэтнага нічога не скажу, каб не сурочыць: ужо столькі баёў зрывалася.  Усё, чаго мне цяпер хочацца, — гэта баксіраваць. Раблю агромістыя аб’ёмы работы.

— Раз ужо перабраліся у Галівуд, будзеце дабівацца амерыканскага грамадзянства?

— Не. Бокс — гэта праца і ўлюбёны занятак. Але па сканчэнні кар’еры я вярнуся ў Беларусь. Цягне дадому. Мару збудаваць дом і жыць у сваёй краіне. Чаму? Гэта складана патлумачыць.

— У вас такое нешанцаванне з тытульнымі баямі. Нібы сурочылі.

— Ні беларусы, ні рускія ў Амерыцы не ходзяць на двубоі сваіх суайчыннікаў. Мексіканец гатовы аддаць апошняе, каб паглядзець двубой з удзелам мексіканца. Забіваюцца залы. Таму ад двубою з удзелам беларуса ці рускага меншая камерцыйная выгада. І нават калі ты займаеш першы радок у рэйтынгу, на тытул часта выводзяць не цябе, а больш папулярнага баксёра. Але  веру ў сваю шчаслівую зорку і рыхтуюся ўхапіць сваё.

P.S. Каб кожнаму беларусу такой цярплівасці і нязломнасці, як у Юрыя Раманава. Байцу трыццаць гадоў, і гэта нармальны ўзрост для прафесійнага байца. Спадзяемся, яго асноўныя двубоі наперадзе.

Партал “Будзьма беларусамі!” будзе сачыць за лёсам нашага баксёра.

 

Яўген Валошын. Фота з асабістага архіву Юрыя Раманава

 

 

 

Віталь Гуркоў. Адзін з наймацнейшых тайбаксёраў планеты, піяршчык роднай мовы

 

 

 

Андрэй Арамнаў

Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планеты (+ фота, відэа)

 

 

 

Сяргей Карнееў. Адраджэнне алімпійскага боксу (+ фота, відэа)

 

 

 

Інфармацыйныя партнёры: