Мінулым летам Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі прынялі інструкцыю з дзевяццю дадаткамі. У саракапяцістаронкавым дакуменце падрабязна пералічваюцца нормы аснашчэння музычнымі інструментамі ўсемагчымых устаноў і калектываў. Напрыклад, калі пры гарадскім ці раённым Цэнтры культуры дзейнічае духавы аркестр, яго музыканты могуць мець не болей 3 фаготаў і 8 кларнетаў. Аматарскім фальклорным ансамблям дазваляецца карыстацца 2 баянамі і 4 цымбаламі. Згодна з гэтымі нормамі, у эстраднага або цыркавога аркестра можа быць не больш за 2 электрагітары і адзін камплект маракасаў і кастаньетаў. Такая бюракратычная рэгламентацыя ўскосна пацвярджае, што ў Беларусі існуе складаная сітуацыя з наяўнасцю і вырабам музычных інструментаў.
Што агульнага паміж лыжамі і музычнымі інструментамі?
Нельга сказаць, што з боку дзяржавы няма ўвагі да вырашэння гэтай праблемы. Так, у Дзяржаўнай праграме «Культура Беларусі» на 2021-2025 гг. адзначаецца, што абнаўленне фонда музычных інструментаў з’яўляецца прыярытэтнай задачай у сферы культуры. Прадугледжана, што за перыяд рэалізацыі праграмы для арганізацый і ўстаноў будзе набыта каля трох тысяч музычных інструментаў.
Выказваецца пра вытворчасць музычных інструментаў і Аляксандр Лукашэнка. Сёлета ў лютым ён даручыў «зрабіць максімум, у прыватнасці, для развіцця гэтага напрамку», бо «нешта паспрабавалі ў Барысаве аднавіць, здаецца, на гэтым і заглухла». На яго думку, «наша нацыя музычная, адукаваная ў гэтым плане, а мы ў асноўным купляем імпартнае». Па словах Лукашэнкі, падобная сітуацыя і ў вытворчасці лыж і іншага спартыўнага інвентару, дзе таксама трэба «выходзіць на больш высокі ўзровень».
Беларусы — музычная нацыя!
Паказальна, што некалькі гадоў таму Лукашэнка амаль аднолькавымі словамі распавядаў пра неабходнасць уласнай вытворчасці музычных інструментаў. У верасні 2018 года ім дэкларавалася: «Асноўнае мы павінны вырабіць у сябе. Што трэба па імпарце пакуль закупіць — мы закупім. Але мы сабраліся для таго, каб вырабляць усё ў сябе». Калі гэтага не зрабіць, «наша нацыя з музычнай, разумнай, таленавітай ператворыцца ў паўшых людзей». І адначасна прагучала ўжо знаёмая заклапочанасць справамі беларускіх вытворцаў лыж і спартыўнага інвентару: «Спартсменам вы, напэўна, пакуль не зробіце: гэта трэба некалькі гадоў вам працаваць. Але гэта ваша мэта. Да наступнай зімы пакажыце «фішэраўскія» лыжы».
Не зусім зразумела, што агульнага паміж лыжамі і музычнымі інструментамі, але несумнена, што відавочнага паляпшэння ні з адным, ні з другім у нашай краіне не назіраецца.
Па звестках СМІ, у Беларусі ўвогуле не засталося дзяржаўнай вытворчасці музычных інструментаў, гэтым займаюцца толькі прыватнікі. Раней дзяржаўныя прадпрыемствы такого профілю былі, але менавіта пры Лукашэнку яны сталі банкрутамі і пазачыняліся.
Рубль драўляны, інструмент саламяны
Аб’ёмы ўжо не тыя
Адным з самых вядомых у Беларусі прадпрыемстваў па вырабе музычных інструментаў з’яўлялася фабрыка піяніна ў Барысаве. Заснавалі яе яшчэ да вайны, у 1935 годзе. У пасляваенныя часы на фабрыцы працавала каля трох тысяч чалавек, якія выраблялі піяніна «Беларусь», цымбалы і акустычныя гітары. Заняпад пачаўся ў другой палове 1990-х, і ўжо праз некалькі гадоў прадпрыемства фактычна стала банкрутам. Яго дзейнасць спынілася, а ў 2006-м пачалася працэдура ліквідацыі. Потым былі спробы перанесці вытворчасць у іншае месца, але безвынікова. Усё скончылася распродажам маёмасці і зносам былых карпусоў прадпрыемства.
Такі ж самы гаротны лёс напаткаў і Маладзечанскую фабрыку музычных інструментаў, якая з 1947 года выпускала акардэоны, баяны і гармоні. Калектыў у паўтары тысячы чалавек штогод вырабляў каля 40 тысяч запатрабаваных па ўсёй краіне інструментаў. Аднак Маладзечанская фабрыка таксама спыніла сваю дзейнасць, працэс ліквідацыі быў запушчаны ў 2006 годзе.
Каб хоць нейкім чынам палепшыць становішча, у 2018 годзе ў Мінску адчынілі новае прадпрыемства ТАА «Фабрыка фартэпіяна». На сайце прадпрыемства паведамляецца, што калектыў аднавіў вытворчасць сучасных высакаякасных піяніна «Беларусь». У звязку з гэтым у публікацыях дзяржаўных журналістаў нярэдка падкрэсліваецца, што «Фабрыка фартэпіяна» стала годнай заменай барысаўскай фабрыцы. Але гэтыя высновы абсалютна не адпавядаюць рэальнасці, што лёгка заўважыць па наступных фактах.
Калі на прадпрыемстве ў Барысаве працавала 2700 супрацоўнікаў, то на мінскім аналагу — усяго 22. Як кажуць, адчуйце розніцу! Гэта, зразумела, самым непасрэдным чынам адбіваецца на аб’ёмах вытворчасці прадукцыі. З 2018-га па 2021 год «Фабрыка фартэпіяна» вырабіла 2000 інструментаў. Барысаўскія вытворцы выраблялі столькі штомесяц, і гэта без найноўшага абсталявання, якім карыстаюцца зараз мінскія майстры. Варта сказаць і пра тое, што спачатку камплектуючыя для вырабу піяніна закуплялі ў Германіі, а з 2022 года — у Кітаі. Дарэчы, агляд навінаў на сайце прадпрыемства таксама чамусьці заканчваецца ў 2022 годзе.
Значна больш паспяховай аказалася прыватная фірма «Зонта» ў Маладзечне, якая робіць з 2006 года баяны і акардэоны замест Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў. Брэнд «Зонта», без перабольшання, мае сусветную вядомасць. Для прафесійных музыкантаў гэта бясспрэчны знак якасці. За год вырабляецца некалькі дзясяткаў інструментаў, пераважна па замовах арганізацый, бо кошты не танныя. Шыкоўны баян можа каштаваць 40 тысяч рублёў. На прадпрыемстве не супраць займацца інструментамі з меншым коштам, напрыклад, для навучэнцаў музычных школ, але патрэбны дзяржаўныя замовы. За межамі Беларусі ёсць кантакты ў Скандынавіі, Францыі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах. Прыемна адзначыць, што ў ТАА «Зонта» ёсць беларускамоўная версія сайта, а для цікаўных наведвальнікаў прапануюцца музычныя відэакліпы з інструментамі прадпрыемства.
Скрыншот з сайта zonta.by
Дзяржава не здолела захаваць цэх па вырабе цымбалаў
Астатнія беларускія вытворцы — гэта тыя ж прыватнікі, якія спецыялізуюцца на вырабе канкрэтных інструментаў. Сярод іх можна вылучыць прадпрыемства «Фабрыка музыкі» ў Мінску, якое вырабляе цымбалы, баяны, домры. У Гродне з 2002 года існуе прадпрыемства «Kibin Guitars». Майстар Андрэй Кібінь робіць па індывідуальных замовах акустычныя гітары. За гэты час прафесійныя і аматарскія музыканты атрымалі больш за тысячу інструментаў.
Сапраўднай знакамітасцю можна назваць пінчука Руслана Макарэвіча. Па сутнасці, ён адзіны ў краіне майстар па вырабе і рамонце балалаек. У 2019 годзе ў Пінску з гэтай мэтай урачыста адкрылі майстэрню, як пісалі СМІ, па даручэнні прэзідэнта. Аднак Руслан Алегавіч займаецца вырабам музычных інструментаў на працягу ўжо 35 гадоў. Раней майстэрня была ў мясцовым ДК, потым на кватэры Макарэвіча, апошнія некалькі гадоў у памяшканні Пінскага каледжа будаўнікоў.
Скрыншот з сайта sb.by
Балалайка, на першы погляд — простая рэч, але складаецца прыкладна са 100 дэталяў. Драўніну для яе пажадана вытрымаць сама менш 10-15 гадоў. Каб зрабіць згодна з усімі патрабаваннямі адзін інструмент, патрабуецца месяц. Ці магчыма з такімі тэмпамі задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых? Па меркаванні Руслана Макарэвіча, неабходна ствараць школу майстроў музычных інструментаў, якой у Беларусі, на жаль, няма.
Наапошак некалькі заўваг пра ўнікальны музычны скарб нашай нацыянальнай культуры — цымбалы. Славутыя беларускія цымбалы — адзін з самых вядомых струнных народных інструментаў. Выканаць на іх можна як народныя мелодыі, так і класічныя творы Баха, Моцарта, Вівальдзі, Чайкоўскага. Таму беларускія цымбалісты як выканаўцы — наймацнейшыя ў свеце, а вось з інструментамі процьма невырашальных праблем.
Дзяржаўная вытворчасць нацыянальнага музычнага брэнда даўно скасаваная. Калі зачынялася Барысаўская фабрыка інструментаў, чыноўнікам неаднаразова тлумачылі, што трэба захаваць цэх па вырабе цымбалаў. Гэтыя намаганні скончыліся нічым, так што сёння звярнуцца можна толькі да самадзейных вытворцаў, якія не заўжды гарантуюць якаснае гучанне. Дэфіцытныя інструменты маюць адпаведныя кошты, у крамах цымбалы прадаюцца па 4-4,5 тысячы рублёў.
Гледзячы на гэтыя і ншыя крызісныя з’явы ў музычнай сферы, разумееш, што без дапамогі дзяржавы сітуацыю не выправіць. Праўда, спадзявацца на дзяржаўную дапамогу ўсё цяжэй, яе нават на вытворцаў лыж не хапае...
В. С., Budzma.org