Пасяджэнне па пазову папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 у Віцебску да Ігара Банцэра прайшло 11 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Яго судзяць за камунальныя паслугі, якія ён павінен быў заплаціць, калі знаходзіўся на «хіміі», паведамляе тэлеграм-канал «Права маюць».
Запазычанасць склала 81,66 рубля і 64 рублі пошліны. Банцэр плаціць не хоча, бо са 130 дзён ён правёў 82 дні ў штрафным ізалятары.
Банцэру на пасяджэнні 11 красавіка не дазволілі азнаёміцца з 13 лістамі, якія знаходзяцца ў матэрыялах справы. Таму ён спаслаўся на Канстытуцыю і папрасіў адкласці справу, пакуль ён не знойдзе сабе адваката. Пасяджэнне перанеслі на 15.00 20 красавіка. Таму ён збіраецца знайсці абаронцу і азнаёміцца з матэрыяламі справы.
Ігар збіраецца выклікаць сведак, якія пацвердзілі б, што начальнік папраўчай установы ставіцца да яго прадузята. «Я прайграю, алё будзе весела», — паабяцаў Банцэр.