Літаратурна-музычныя сустрэчы з Рыгорам Барадуліным і Алесем Камоцкім прайшлі ў Навагрудку Гродненскай вобласці 1 снежня.
Першую сваю сустрэчу творцы правялі перад школьнікамі сярэдняй школы № 4, дзе сабралося каля 200 чалавек публікі, наступную – у цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе сабралося яшчэ 100 чалавек.
А.Камоцкі: “Любіць моладзь Рыгора Барадуліна. А гэтым разам нават аўтографаў раздалі больш, чым звычайна. Нечакана было, што ў школе так жвава разбіралі нашыя кнігі, мы нават пашкадавалі, што прывезлі так мала кніжак. Таксама ў Навагрудку вельмі добра ведаюць нашыя творчыя планы. Нас здзівілі канкрэтнымі пытаннямі, публіка была добра інфармаваная”.
Да творцаў паступіла шмат прапановаў далейшых выступахў, як у каледжах, так і на прадпрыемствах, але Рыгор Барадулін збіраецца пачаць новы сезон выступаў толькі ўвесну.
“Вельмі спадабалася пытанне:
– Што для Вас на першым месцы ў жыцці?
На што я адказаў: “Сябры”.
– А на другім?
– Сяброўкі, – смяецца бард Алесь Камоцкі.
Сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Навагрудак